паяві́цца, паяўлюся, паявішся, паявіцца; зак.

1. З’явіцца, паказацца. Акурат у гэты час бразнулі дзверы, і на парозе паявілася Феня. Сабаленка. // Аказацца ў наяўнасці. Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. Хутка на стале паявіліся талеркі, шклянкі, патэльня з падсмажанай каўбасой, кафейнік са зваранай кавай. Хадкевіч. // Быць апублікаваным, выйсці ў свет. Раман паявіўся ў нашай літаратуры ў пачатку 20‑х гадоў як эпас рэвалюцыі. Дзюбайла.

2. Узнікнуць, зарадзіцца. У вачах у Веры Антонаўны паявіўся нездаровы бляск. Карпаў. / Пра апетыт, адчуванні, пачуцці, думкі і пад. Паявілася надзея. □ Было ні было, Доўбік глынуў гарэлкі — адкуль паявіўся апетыт. Гроднеў.

•••

Паявіцца на свет — тое, што і з’явіцца на свет (гл. з’явіцца). Макрэна перабралася да мужа. А неўзабаве паявіўся на свет і я. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)