ЮМ (Hume) Дэйвід (26.4.1711, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 25.8.1776),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст і публіцыст. Сфармуляваў асн. прынцыпы агнастыцызму, адзін з папярэднікаў пазітывізму. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. У 1734—37 працягваў вывучаць філасофію ў Францыі, дзе напісаў свой гал. твор «Трактат аб чалавечай прыродзе» (выд. ў 1739). З 1741 публікаваў 49 эсэ на грамадска-паліт., маральныя і эстэт. тэмы. У 1753—62 працаваў над 8-томнай «Гісторыяй Англіі», напісаў антыклерыкальны трактат «Натуральная гісторыя рэлігіі» (1757). У 1763—66 сакратар брыт. пасольства ў Парыжы, дзе зблізіўся з Ж.Л.Д’Аламберам, П.А.Гольбахам, Д.Дзідро і інш. франц. асветнікамі. У сваёй апошняй працы «Дыялогі аб натуральнай рэлігіі» (выд. ў 1779) разглядаў пытанне пра існаванне Бога. На яго думку, верыць у Бога няма падстаў, але ёсць падстава апраўдваць веру як нейкую вярхоўную прычыну парадку ў Сусвеце («прычыну наогул»), якая, відаць, мае «некаторую аддаленую аналогію з чалавечым розумам». У тэорыі пазнання зыходзіў з таго, што першаснымі ўспрыманнямі з’яўляюцца непасрэдныя ўражанні знешняга вопыту (адчуванні), а другаснымі — пачуццёвыя вобразы памяці (ідэі) і ўражанні ўнутр. вопыту (афекты, жаданні, страсці). Адмаўляў аб’ектыўны характар прычыннасці і паняцце субстанцыі. Лічыў, што вера засн. на сіле прывычкі, яна не можа быць абгрунтавана розумам, бо розум другасны ў адносінах да пачуццёвага вопыту, які не выходзіць за межы нашых адчуванняў. У больш позніх працах агнастыцызм Ю. перастаў насіць радыкальны характар, а ўяўляў сабой «умераны скептыцызм»; ён не адмаўляў наяўнасці рэчаў і з’яў, якія выклікаюць успрыманні, а толькі падвяргаў сумненню, лічыў гэта справаю «анатамаў і прыродазнаўцаў». З пазіцый псіхічнага дэтэрмінізму Ю. абвяргаў прынцып свабоды волі і выступаў з крытыкай духоўнай субстанцыі, якая перарастала ў яго ў крытыку рэліг. веры. У працах па гісторыі, л-ры і мастацтве апісваў матывы паводзін, настроі і пачуцці людзей. Чалавек, паводле Ю., — істота слабая, схільная да памылак і капрызаў асацыяцый. У этыцы развіў канцэпцыю утылітарызму, у палітэканоміі падзяляў працоўную тэорыю вартасці А.Сміта. Ю. адмаўляў тэорыю грамадскага дагавору і лічыў, што гістарычна грамадства ўзнікла ў выніку разрастання сем’яў і павелічэння іх колькасці. Паводле Ю., умовай сац. справядлівасці з’яўляецца ўмацаванне інстытута прыватнай уласнасці як крыніцы стварэння законаў дзяржавы і сістэмы выхавання. У пытаннях маралі схіляўся да пазіцый эматывізму, а асновай маральных паводзін, побач з пачуццём сімпатыі і задавальненнем ад ажыццяўлення добрых учынкаў, лічыў прывычку, засн. на выхаванні. Ідэі фенаменалізму, асновы якога закладзены Ю., развіты ў вучэннях І.​Канта, Дж.​Міля, Г.​Спенсера і інш.; яны ўласцівы амаль усім пазітывісцкім канцэпцыям, эмпірыякрытыцызму, неапазітывізму, лінгвістычнай філасофіі.

Тв.:

Рус. пер. — Исследование о человеческом разуме. М., 1995;

Малые произведения: Эссе. Естественная история религии. Диалоги о естественной истории религии. М., 1996;

Соч. Т. 1—2. М., 1996;

Трактат о человеческой природе: О познании. Об аффектах. О морали. Мн., 1998;

Англия под властью дома Стюартов. Т. 1. СПб., 2001.

Літ.:

Нарский И.С. Философия Давида Юма. М., 1967;

Яго ж. Давид Юм. М., 1973;

Дэвид Юм. Кант. Гегель. Шопенгауэр. Огюст Кон: (Биогр. очерки). СПб., 1998.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)