Пе́рсі ’грудзі ў каня’ (кам., бых., КЭС; Нар. Гом.; беласт., шчуч., Сл. ПЗБ), (паэтычн.) ’грудзі ў чалавека’ (ТСБМ), укр.пе́рси, перс(а), рус.пе́рси грудзі, пярэдняя частка цела — ад шыі да жывата’, ’унутраныя органы, размешчаныя ў грудзях; лёгкія’, стараж.-рус.пьрсь; польск.pierś, piersi ’грудзі’, ’жаночыя грудзі’, чэш.prsy < prs, prso, prsa < ст.-чэш.prsi — мн. (парны) л. ж. р.; славац.prsia (н. р. мн. л.), славен.pŕsi (ж. р.), pŕsa (н. р.), серб.-харв.пр̏си, пр̏са ’грудзі’, ст.-слав.прьси. Прасл.*pьrsi, роднаснае літ.жамойцк.pìršys (ж. р.) ’грудзі ў каня’, ст.-інд.párçuṣ ’рабро’, авест.parəsu‑, pərəsu‑ ’рабро, бок’; асец.fars ’тс’, ’краіна, старонка’ — да і.-е.*perкʼ са значэннем ’рабро’ (Міклашыч, 342; Траўтман, 220; Покарны, 820; Фасмер, 3, 245; Махэк₂, 486; Бязлай, 3, 129). Відаць, прасл.*pьrsi азначала, аднак, ’жаночыя грудзі’, побач з *grǫdь ’грудзі чалавека’ і vъn‑ědro ’ўнутраныя органы’. Значэнне ’грудзі ў каня’ развілося ў некоторых гаворках пазней шляхам семантычнага пераносу ў сувязі са з’яўленнем конскай вупражы, параўн. персці (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Расава́ць ’цвісці, красаваць (пра злакавыя)’ (Скарбы, Сцяшк., Сл. ПЗБ), rasaváč ’тс’ (Арх. Федар., Смул.), росова́ты (зах.-палес., Выг.), расава́цца ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ’выпускаць вусікі, коцікі (пра вярбу)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Зб. тв. 1, 442–443) падкрэслівае, што побач з літаратурнай формай красу́е існуе дыялектная форма расу́е. Арэальнае ўтварэнне, што памылкова выводзіцца з красаваць (гл.), параўн. польск.дыял.rosowac ’цвісці, красаваць (пра збожжа)’. Першаснае значэнне магло быць не толькі ’цвісці’, але і ’натапырвацца, шчацініцца’, што вынікала з рознай семантыкі раса́2 (гл.) — ’вусік калосся’ і ’шорсткая поўсць’, параўн. славен.pšenica se resi ’пшаніца выпускае вусікі’, resíniti se ’мець натапыраную поўсць’, гл. расіцца. Смулкова (Białoruś, 165) мяркуе, што расаваць узнікла шляхам народнаэтымалагічнага спрашчэння з красаваць праз збліжэнне з раса́1, гл. (“żyto pokrywa się pyłkowatym kwiatem jak rosą”) і з’яўляецца інавацыяй, што малаверагодна. Па гістарычных і лінгвагеаграфічных прычынах хутчэй архаізм, захаваны ў міфалагічных уяўленнях, параўн. раса́4, расава́тначка (rasawátnaczka) ’патронка, апякунка квітнеючага збожжа’ (Тур.), магчыма і роса́ўка ’русалка’ (ТС), гл. расаўка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Све́дка ‘той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім-небудзь здарэнні, падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; Нік. Очерки), сьве́дка (świedka) ‘тс’ (Касп., Пятк. 2), ст.-бел.съвѣдъкапобач з свѣдокъ ‘тс’. Укр.сві́дка, сві́док, польск.świadek, в.-луж.swědk, чэш.svědek, славац.svedok, серб.-харв.свјѐдок, славен.svedok, балг.дыял.све́док, макед.сведок ‘тс’. Прасл.*sъvědokъ, *sъvědъkъ ‘сведка’ вытворнае ад прасл.*sъ‑věděti ‘даведацца, ведаць, ведаць добра’ < прасл.*věděti ‘ведаць’ (Карскі, 1, 388; Шустар-Шэўц, 1385–1386; Глухак, 600; ЕСУМ, 5, 194; Борысь, 620). Параўн. таксама рус.свиде́тель, балг.свиде́тел, ст.-сл.съвѣдѣтедь, гэтую форму Махэк₂ (594) лічыць праславянскай, а формы з ‑к‑суфіксацыяй узніклымі пазней, шляхам механічнага скарачэння і замены суф. ‑teľ. Пераход слова да асноў на ‑а можна тлумачыць вынікам аналогіі з назвамі асоб тыпу суддзя, старшыня і інш.; параўн. Карскі 2–3, 15. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 577; Брукнер, 535 і БЕР, 6, 537–538. Гл. таксама светка, свідзецель.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свесь (сьвесь) ‘сястра жонкі’ (Ласт., Касп., Янк. 1, Сл. рэг. лекс.; мазыр., Шатал.; ТС), свесць (сьвесць) ‘тс’ (ТС, Шат., Маш., Ян., Кольб.), свісць (сьвісьць) ‘тс’ (Клім., Сл. Брэс.), сьве́сьця ‘тс’ (Касп.), сьве́стка ‘тс’ (Ласт.); укр.свість, рус.дыял.свесть, све́стка ‘швагерка’, стараж.-рус.свесть, свьсть, свѣсть, польск.świesć ‘сястра мужа або жонкі’, серб.сва̑ст, сва̏сти ‘швагерка’, славен.svȃst, svẹ̑st, балг.све́стка, макед.дыял.свеска ‘тс’. Прасл.*svьstь, svěstь мае адпаведнікі ў літ.sváinis ‘сваяк’ (паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 171), літоўскай мове характэрна сінанімія суф. ‑nis‑/‑sis‑), лат.svaĩnis ‘брат жонкі’ побач з sìvystàs ‘цесць’, ст.-ісл.sveinn ‘хлопчык, хлопец, слуга’, ст.-в.-ням.geswîo ‘сваяк’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 575; Міклашыч, 322; Младэнаў, 571, 573; Скок, 3, 226. Далей да свой (гл.). Трубачоў (История терм., 140) словаўтварэнне тлумачыць як далучэнне суф. ‑st‑ да асновы *svь‑, якая ўтварылася ў выніку рэдукцыі кораня: *svь‑ < sve‑, svo‑; першапачаткова гэта быў nomen abstractum са значэннем ‘прыналежнасць да сваіх, сваяцтва’. Аднаўленне сувязі ў рус.свояченица ‘швагерка’, параўн. Шаўр, Etymologie, 45.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слаката́ць ‘казытаць’ (Сержп.; браг., Нар. словатв.), слокота́ць ‘тс’ (ТС), слаката́ць, слеката́ць, слокота́ць, шлаката́ць ‘тс’ (ЛА, 3), сюды ж сло́кат ‘ласкатанне’, сло́катка ‘шлокат, козыт’, сло́катна ‘шлокатна’ (Ян.). Укр.дыял.слокота́ти, рус.зах.шлокота́ть, алан.шелокта́ть ‘тс’, чэш.дыял.loktať, lochtati, ст.-чэш.loktatiпобач з lektati, lechtati. Махэк₂ (325) мяркуе аб варыянтах прасл.*lokъtati, *lekъtati, *lъktati (для польск.łektati), якія ён лічыць роднаснымі літ.kuteloti і kãtulti ‘тс’, kutulỹs ‘козыт’, прычым для славянскіх слоў дапускае рад метатэз: k–t–l → l–k–t; ъ–е > е–ъ, ъ–о > о–ъ. Застаецца пытанне аб анлауце ўсходнеславянскіх слоў. Фасмер (4, 424) рус.шелоктать утварае ад экспрэсіўнай прыстаўкі ше‑ і слова, блізкага да лоскотать (гл. ласкатаць). Відаць, таго ж прыставачнага характару с‑ і ш‑. Гл. яшчэ ляхотна. Усе прыведзеныя формы сведчаць, што і корань гэтых слоў, насуперак Махэку, вызначыць цяжка, паколькі яны зазналі розныя экспрэсіўныя змены (к–х–ск) і ўплыў іншых слоў, параўн. макед.скокотка ‘ласкатаць’. Для беларускага слова не выключана метатэза з ласкатаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́йнік1 ‘рыбацкая прылада крыга’ (капыл., Янк. 1). Да трайні́к (гл.).
Тро́йні́к2 ‘чальчак вербалісты, Lythrum salicaria L.’ (Кіс.), ‘бабок трохлісты, Menyanthes trifoliate L.’ (Бейл.), трыйні́к ‘лекавая балотная расліна з трыма лістамі’ (Клундук), укр.тройча́к ‘тс’. Да тры (гл.), аднак матывацыя першай назвы застаецца няяснай. Паводле ЕСУМ (5, 647), з-за таго, што кветкі гэтай расліны бываюць трох відаў; хутчэй перанос на расліну іншых назваў з-за размяшчэння лісткоў на сцябле (Волкава, БЛ, 65, 113; Пастусяк, Pograniczne, 138, 205). Сюды ж, відаць, і тро́йнік ‘капытнік, Caltha palustris L.’ (івац., ЛА, 1).
Тро́йнік3 ‘бёрда на 13 пасмаў’ (ТС); у тры́йнык, у тры́нʼнік — ‘у трынаццаць пасмаў’ (пін., Уладз.). Параўн. рус.тройни́к ‘самае тонкае сялянскае палатно, у аснове якога 13 пасмаў’, тройнико́вый холст ‘тс’, польск.дыял.trojanotka, побач з trzynastka, trzynastnica ‘бёрда на 13 пасмаў’. Фактычна тройнік — гэта ніт, які складаецца з трох частак, слова ўтворана на базе тро́йны ‘патройны’ (Байк. і Некр.), гл. трайнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
«ВІ́ЦЕБСКІЯ ДЫВАНЫ́»,
акцыянернае т-ва ў Віцебску. Дзейнічае з 1947 як дывановы камбінат (створаны на базе Віцебскай лёнапрадзільнай фабрыкі «Дзвіна»). У 1970 у склад камбіната ўвайшла Віцебская ф-ка нятканых матэрыялаў (створана ў 1947 як лёнапрадзільна-шпагатная ф-ка). У 1978 пушчана ф-ка прашыўных дывановых вырабаў. З 1980 дывановае вытв. аб’яднанне, з 1994 сучасная назва. Уключае ф-кі: ткацка-аддзелачную, прашыўных дывановых вырабаў, нятканых матэрыялаў. Асн. прадукцыя (1997): дываны і дывановыя вырабы (жакардавыя і аксмінстэрскія паўшарсцяныя), дарожкі ворсавыя машыннай выпрацоўкі паўшарсцяныя і з хім. валокнаў, прашыўныя (тафтынгавыя) дывановыя пакрыцці, швейны і мэблевы вацін, байка для абутку.
Развіццё тканых маст.-прамысл. вырабаў «Віцебскіх дываноў» адбывалася ў рэчышчы агульных тэндэнцый усх. і еўрап. дывана з выкарыстаннем традыцый бел. дыванаткацтва. Гісторыя стварэння дываноў звязана са станаўленнем на Беларусі ворсавага дывана машыннай вытв-сці. У канцы 1940-х—1950-я г. для набіўных стужкавых жакардавых дываноў мастакі Т.Гусева, М.Дзёмін, З.Луданэ, Г.Саленікава, В.Сенькіна, І.Шурупаў выкарыстоўвалі кампазіцыйныя схемы класічнага ўсх. дывана, з выразна акрэсленым цэнтрам і шлякам. У іх пераважалі матывы традыц.бел. арнаменту са строгай монакампазіцыяй і буйнымі геаметрызаванымі формамі (ромб, крыж), выкарыстоўвалася і арнаментыка інш. народаў свету (дываны «Беларускі», «Слуцкі», «Фестывальны»). У 1960—70-я г. сталі больш пашыранымі аксмінстэрскія дываны, якія побач з прутковым жакардам складалі аснову асартыменту; змяніліся суадносіны іх асн. элементаў, часцей выкарыстоўваліся рапортныя кампазіцыі з эклектычным спалучэннем формаў, іх каларыстычная гама стала больш светлая. З 2-й пал. 1970-х г. асвойваецца вытв-сць тафтынгавых пакрыццяў з рэльефным і друкаваным малюнкам. Мастакі Я.Папова, У.Федаровіч, В.Шастоўскі шукаюць новыя маст. вырашэнні, шляк замяняецца бардзюрам, больш цэльным становіцца каларыт («Акцэнт», «Раслінны», «Рубін»). Цэнтр. месца ў кампазіцыях дываноў канца 1980-х г. адведзена асацыятыўным вобразам (мастакі Г.Бычкоўская, М.Кабанова, А.Свірыдзенка, Л.Цыбульская), складаны арнамент (пераважаюць раслінныя формы ці геам. абстракцыі) набыў жывапіснасць, падкрэслена гарманічным і вытанчаным стаў каларыт («Калейдаскоп», «Лотас», «Рытм»). Віцебскія дываны экспанаваліся на міжнар. выстаўках у Алжыры, Англіі, Бразіліі, Галандыі, Індыі, Турцыі, Францыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),
філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш.Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.
Літ.:
Энгельс Ф.Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);
Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бо́йка1, ‑і, ДМ ‑йцы; Рмн. боек; ж.
Прылада для збівання масла з вяршкоў малака, са смятаны. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася.Якімовіч.
бо́йка2, ‑і, ДМ ‑йцы; Рмн. боек; ж.
Сварка, сутычка з узаемнымі пабоямі; бой. Хацелася сваімі вачамі пабачыць тыя месцы, дзе не так даўно ішла такая бойка, якой яшчэ не ведаў свет.Кулакоўскі.//перан. Змаганне, барацьба з чым‑н., за што‑н. Трактары — гэта коні сталёвай хады — выйшлі ў бойку змагацца з нягодай.Хведаровіч.
бо́йка3, прысл.
Жвава, энергічна. Гандаль ідзе бойка. □ Недзе побач бойка ціўкала сініца.Лынькоў.А з дзядзькам пойдзеш — так цікава! Яны [хлопцы] йдуць бойка і рухава, Бо зімні холад падганяе.Колас.— Добры дзень, — павіталіся мы з дзяўчынкай. — Добры дзень, калі не жартуеце, — бойка адказала [Аніся].Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)