ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Канстанцін Аляксандравіч) (7.1.1905, с. Дыды Джыхаішы, Грузія — 30.7.1986),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі гуманітарны тэхнікум (1924). Друкаваўся з 1924. Раннім вершам уласцівы сац. скіраванасць тэматыкі, грамадз. пафас (зб. «Выбраныя вершы», 1926; паэма «Сценька Разін», 1927, і інш.). Перамены ў жыцці груз. вёскі адлюстраваны ў раманах «Далоў кукурузную рэспубліку» (1931) і «Водаварот» (1940; перапрацаваныя ўвайшлі ў раман «Зара Калхіды», 1931—52). Гераізму народа ў Вял.Айч. вайне прысвечаны цыкл навел «Смерць яшчэ пачакае» (1968, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1971). Аўтар рамана «Чароўны камень» (ч. 1—2, 1955—65), сцэнарыяў фільмаў і інш. У 1935 наведаў Беларусь. Прысвяціў ёй цыкл апавяд. «Бяссмерце» (1938). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі К.Чорны, М.Гіль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІў Мінску,
помнік у гонар перамогі сав.народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.Заборскі, У.Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКАЯ ДАЎНІНА́», «Минская старина»,
зборнік дакументаў, артыкулаў і дакладаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Беларусі. Выдадзены ў 1909—13 Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам у 4 выпусках (3-і ў дзвюх частках, у Вільні). У якасці дадатку да 1-га вып. ў 1909 выйшла «Апісанне рукапіснага аддзела і старадрукаў бібліятэкі Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта» (склад. А.К.Снітка). Большасць матэрыялаў прысвечана гісторыі правасл. царквы і духавенства. Змяшчае інфармацыю і нататкі пра гісторыю стварэння і асн. кірункі дзейнасці к-та, апісанне архіўных збораў некат. манастыроў і цэркваў Мінскай епархіі, артыкулы і даследаванні пра дзейнасць правасл. духоўных асоб і католікаў-рэнегатаў. Апублікаваны і дакументы з царк. і свецкіх архіваў, падрыхтаваныя да друку Дз.І.Даўгялам, Сніткам і інш. У зб-ку змешчаны таксама звесткі пра сац.-эканам. развіццё Мінскай губ., песні, казкі, паданні бел.народа, паведамленні пра вынікі археал. раскопак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. Пасля Лют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел.народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛДАГАЛІ́ЕЎ (Джубан) (5.10.1920, с. Жыланды Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 6.10.1988),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Уральскі с.-г. тэхнікум (1940). Друкаваўся з 1939. Першы зб. вершаў і паэм «Песні перамогі» (1949). У кнігах паэзіі «Светлы шлях» (1951), «Пульс часу» (1963), «Закаханымі вачыма» (1964), «Стагоддзі і імгненні», «Пазбаўлены кайданоў» (абодва 1969, за апошні Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1970), «Арліны стэп» (1974) і «Сель» (1977, за абодва Дзярж. прэмія СССР 1978), «Ступені Байканура» (1977) і інш. асэнсаванне гіст. лёсу каз.народа, духоўнае станаўленне асобы, эпічная шматпланавасць, спалучаныя з лірызмам і паэт. вобразнасцю. Пераклаў на каз. мову вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Зуёнак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, У.Шахавец, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША СПРА́ВА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, апошняе афіц.перыяд. выданне Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 30.9.1926 і з 1.12.1926 да 22.1.1927 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 2 разы на тыдзень замест газ.«Народная справа». Выдавец П.Мятла. Пісала пра паліт. і эканам. ўціск народа ў Зах. Беларусі, разгром пав. з’езда БСРГ, арышты дзеячаў БСРГ. Змяшчала лісты, заявы, пратэсты працоўных Зах. Беларусі супраць неправамерных дзеянняў польск. улад, заклікала працоўных быць гатовымі да рэпрэсій супраць дэмакр. грамадскіх арг-цый Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы аб праследаванні ўладамі бел. школ, у параўнальным плане пісала пра паланізацыю ў Зах. Беларусі і беларусізацыю ў БССР. Змясціла п’есу У.Галубка «Суд», каталогі кніг, выдадзеных у БССР і Зах. Беларусі, анатацыі на бел. пераклад паэмы А.Блока «Дванаццаць», час. «Новы прамень», газ. «Белорусская трибуна». Выйшла 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СКІ (Аляксандр Фаміч) (9.3.1816, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.9.1874),
рус. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім вучылішчы вышэйшых навук. У 1831—43 на вайск. службе. У 1843—62 служыў у дэпартаменце карабельных лясоў. Выдаваў часопісы для народа «Солдатская беседа» (1858—67), «Досуг и дело» (1867—74). Друкаваўся з 1840-х г. Аўтар празаічных, вершаваных, драм. твораў («Салдацкія нататкі», 1855; «Дзед Назарыч», 1860; «Анчутка-Бяспяты», 1863; «Няздольны чалавек», 1867; «Абарона Севастопаля. Гутаркі пра вайну 1853—1856 года», 1873—74). Месца дзеяння яго апавядання «Суд прадбачання» — Беларусь. У вершы «Кепская дзяльба» (пашыраўся ў рукапісах) высмейваў рэформу 1861. Творам П. ўласцівы дакладнасць апісання сял. і салдацкага побыту, прастата і шчырасць, сентыментальнасць.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—4. СПб., 1899—1901.
Літ.:
Арсеньев А.В. А.Ф.Погосский. СПб., 1878;
Вольная русская поэзия 2-й половины XIX в. Л., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА НІБЕЛУ́НГАЎ»
(«Das Nibelungenlied»),
помнік нямецкага гераічнага эпасу. Назва ад імя міфічнага народа, уладальнікаў і захавальнікаў незлічоных скарбаў. Запісаны каля 1200, упершыню апубл. І.Я.Бодмерам у 1757. Гіст. аснову твора склалі падзеі эпохі Вял. перасялення народаў — захоп Еўропы гунамі пад кіраўніцтвам Атылы (5 ст.н.э.). 1-я ч. паэмы апавядае пра подзвігі і смерць каралевіча Зігфрыда, 2-я — пра помсту яго жонкі Крымхільды, у выніку чаго загінула ўсё бургундскае царства. У паэме асуджаюцца жорсткасць і вераломства феадалаў, апяваюцца гераізм і высакароднасць Зігфрыда. Яе паэтыка, блізкая да фальклорнай, зазнала ўплыў феадальна-рыцарскай культуры. Да сюжэта «П.п.Н.» звярталіся Ф.Фуке, Р.Іордан, Ф.Гебель, Р.Вагнер, Г.Ібсен і інш.
Публ.: Рус.пер. — Песнь о Нибелунгах. Л., 1972.
Літ.:
Хойслер А. Германский героический эпос и сказание о Нибелунгах. М., 1960;
Жирмунский В.М. Немецкий героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),
савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп.народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз. корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.
Тв.:
На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЗЕНТАЛ, Розенталс (Rozentāls) Яніс (18.3.1866, хутар Бебры, цяпер Салдускі р-н, Латвія — 26.12.1916), латышскі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1888—94) у У.Макоўскага. У 1901—15 працаваў у Латвіі, у 1906—13 выкладаў у Рыжскай гар.маст. школе. У творах, блізкіх да работ позніх перасоўнікаў, спалучэнне праўдзівасці адлюстравання працы і побыту лат.народа і жывапіснай прыгажосці натуры: «Пасля абедні» (1894), «З могілак» (1895), «Песня пастушкі» (1898), «Даліна ракі Персе», «Сакавіцкае сонейка» (абедзве 1902), «З працы» (1903), «Вясна ў Курземе» (1907) і інш. Рысы сімвалізму, экспрэсіўнасць колеру і мазка ўласцівы творам на тэмы нар.лат. фальклору, скандынаўскіх саг, біблейскіх сюжэтаў («Сага», «Спакуса» «Чэрці», «Лодка смерці», «Прарок», «Кашмар», «Чорная змяя муку малола»). Стварыў шэраг партрэтаў сваіх сучаснікаў («П.Федэр», «Дама ў белым», «Партрэт М.С.», абодва 1902; «М.Вігнер-Грынберг», 1916), аўтапартрэт (1900).
Л.Ф.Салавей.
Я.Розентал. Партрэт спявачкі М Вігнер-Грынберг. 1916.