ЧАРНАСО́ЦЕНЦЫ (ад стараж.-рус. «чорная сотня» — цяглае пасадскае насельніцтва),

члены крайне правых арг-цый у Расіі ў 1901—17, якія выступалі супраць сацыялізму, лібералізму і нац.-вызв. рухаў пад лозунгамі манархізму, адзінай непадзельнай Рас. імперыі. Мянушку ім далі паліт. праціўнікі, якія лічылі іх выразнікамі поглядаў найб. адсталых пластоў гар. мяшчанства; самі Ч. пагадзіліся з такой мянушкай, бо лічылі просты народ («чорную сотню») носьбітам найлепшых, на іх погляд, якасцей — рус. патрыятызму, адданасці самадзярж. цару і правасл. веры. Ч. аб’ядноўвалі прадстаўнікоў розных пластоў грамадства, але сярод кіраўнікоў пераважалі памешчыкі, чыноўнікі, вышэйшае духавенства і інтэлігенцыя. У ліку іх лідэраў і ідэолагаў А.І.Дубровін, У.М.Пурышкевіч, М.​Я.​Маркаў. Першая арг-цыя Ч. — «Рускі сход» — засн. ў студз. 1901 В.Л. і К.​І.​Вялічкамі, А.​С.​Суворыным і інш. У 1905 узніклі «Саюз рускіх людзей», «Руская манархічная партыя», «Саюз рускага народа», ад якога ў 1908 адкалоўся ультраправы «Саюз Міхаіла Архангела». У гады рэвалюцыі 1905—07 Ч. падтрымлівалі ўрадавыя рэпрэсіі, наладжвалі пагромы, у т. л. ў Адэсе, Іванава-Вазнясенску, Яраслаўлі. Найб. размаху рух Ч. дасягнуў у 1907—08, калі налічваў каля 500 тыс. членаў. Пазней ён аслаблены шэрагам расколаў, забаронай святарам удзельнічаць у паліт. рухах (1913), рэв. уздымам 1912—14. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 арг-цыі Ч. забаронены.

На Беларусі чарнасоценны рух у значнай ступені быў рэакцыяй на афармленне ў краі масавага рэв.-дэмакр. і беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Ч. разглядалі яго пераважна як нац. паўстанне яўрэяў і палякаў супраць рас. дзяржаўнасці, таму нацкоўвалі праваслаўных на яўрэяў і католікаў. У 1905—07 мясц. арг-цыі рас. чарнасоценных саюзаў і партый налічвалі каля 20 тыс. чал. (пераважна ў Мінскай і Магілёўскай губ.). У кастр. 1906 у выніку аб’яднання мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай губ. узнік «Рускі ўскраінны саюз».

Літ.:

Кожинов В. «Черносотенцы» и Революция: (загадочные страницы истории). 2 изд. М., 1998;

Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906—1917 гг.). Мн., 1999.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)