ГІ́ЛЕР
(Giller) Агатан (9.1.1831, мяст. Апатоўка Калішскага ваяв., Польшча — 17.8.1887),
польскі паліт. дзеяч, журналіст, удзельнік паўстання 1863—64. У 1853 за рэв. прапаганду сасланы ў Сібір. У 1860 вярнуўся па амністыі ў Варшаву і ўключыўся ў паліт. барацьбу. Летам 1862 увайшоў у склад Цэнтр. нац. к-та ў Варшаве. Адзін з лідэраў правага крыла «чырвоных». Прыхільнік польска-рускага рэв. саюзу, у вер. 1862 вёў у Лондане перагаворы з А.І.Герцэнам аб супрацоўніцтве. Вясной 1863 чл. Часовага нац. ўрада, рэдагаваў паўстанцкія газеты. Летам 1863 выехаў за мяжу, жыў у Германіі, Францыі, Галіцыі, Швейцарыі. Аўтар «Гісторыі паўстання польскага народа ў 1861—1864 гг.» (т. 1—4. Парыж, 1867—71), багатай фактычным матэрыялам. Выдаў зборнік мемуараў «Польшча ў змаганні» (т. 1. Парыж, 1868; т. 2. Кракаў, 1875), у якім змешчаны ўспаміны многіх удзельнікаў паўстання.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 5, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)