ГЕРАІ́ЗМ

(ад грэч. hērōs герой),

найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з’яўляецца подзвіг.

Пытанне аб гіст. прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст. італьян. філосафам Дж.Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г.Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая ўзвышаецца над народам, «натоўпам». Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывід. подзвігу з подзвігам нар. мас. У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.).

т. 5, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)