РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн.Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКА, лакрычнік,
лакрыца (Glycyrrhiza),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі, Амерыкі, Паўн. Афрыкі і Аўстраліі. Растуць пераважна ў стэпавай, паўпустыннай і пустыннай зонах. На Беларусі інтрадукаваны С.: бледнакветкавая (G.pallidiflora), голая (G.glabra), пахучая (G.foetidissima), уральская (G.uralensis) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м. Карэнішчы патоўшчаныя. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, голыя ці апушаныя. Лісце непарнаперыстае, часта клейкае. Кветкі лілаватыя, у пазушных гронках. Плод — боб. Салодкавы, або лакрыцавы, корань (карэнішчы і карані) мае ў сабе гліказіды, флаваноіды, цукрозу, эфірны алей, мінер. солі і інш. З яго атрымліваюць экстракты (састаўная ч. піва, квасу і інш.), сіропы для кандытарскай вытв-сці, выкарыстоўваюць як смакавую, антыаксідантную, бактэрыцыдную і фунгіцыдную дабаўку для лекаў, у ежу і напоі; таксама для вырабу фарбаў, дублення скуры і інш. З надземных ч. расліны атрымліваюць жоўтую фарбу для шэрсці і шоўку, са сцёблаў вырабляюць вяроўкі, грубую пражу, шчоткі, лісце — сурагат чаю. Лек., харч., тэхн., кармавыя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМГА, ласось высакародны (Salmo salar),
рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч.Атл.ак., паўд.-зах.ч. Ледавітага ак. каля берагоў Еўропы і Паўн.Амерыкі. Існуе азёрная форма С. — азёрны ласось (S. s. morpha sebago) у буйных паўн. азёрах Лабрадор, Ладажскае, Анежскае і інш. На Беларусі да пабудовы на рэках плацін заходзіла на нераст з Балтыйскага м. ў рэкі Нёман, Зах. Дзвіна, Вілія, Буг. Апошні раз назіралася ў р. Вілія (1954).
Даўж. цела да 1,5 м, маса да 39 кг. Луска дробная, серабрыстая. Перад нерастам цела цямнее, на баках і галаве паяўляюцца чорныя, чырв. і аранжавыя плямы, у самцоў падаўжаюцца і скрыўляюцца сківіцы. Скура на спіне патаўшчаецца. Плоднасць да 26 тыс. ікрынак. Ікра буйная, аранжавая. У рэкі заходзіць пераважна восенню. Моладзь жыве ў рэках да 5 гадоў, корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай, у моры — рыбай і ракападобнымі. Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.
Сёмга: 1 — самец у звычайным, 2 — у шлюбным убранні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,
СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),
штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 8053 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд.ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч.прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ.квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.
Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар.т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус.т-ва ўзаемадапамогі і інш.Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-таАмерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел,амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн.Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг. жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай ў Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вербе́на
(н.-лац. verbena, ад лац. verbena = свяшчэнная галінка)
травяністая расліна сям. вербенавых з падоўжаным лісцем і дробнымі кветкамі розных колераў у суквеццях, пашыраная пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
га́уча
(ісп. gaucho)
1) этнічная група, якая склалася ў 16—17 ст. ад шлюбаў іспанцаў з індзейскімі жанчынамі Аргенціны;
2) наёмны пастух у некаторых краінах Лац.Амерыкі ў 18 ст.;
3) песня аргенцінскіх сялян-жывёлаводаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
філадэ́ндран
(н.-лац. philodendron, ад гр. phyllon = ліст + dendron = дрэва)
вечназялёная дрэвападобная або травяністая расліна сям. ароідных з лазячымі сцёбламі і буйным перыстым лісцем, пашыраная ў трапічных лясах Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як лісцева-дэкаратыўная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эпіфі́лум
(н.-лац. epiphyllum)
кустападобная расліна сям. кактусавых з лістападобнымі сцёбламі без калючак і буйнымі чырвонымі, белымі, ружовымі або жоўтымі кветкамі, пашыраная ў вільготных трапічных лясах Паўд.Амерыкі і Мексікі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ліне́я
[н.-лац. linnaea, ад шв. K. Linné = прозвішча шв. батаніка (1707—1778)]
паўкустовая расліна сям. бружмелевых са скурыстым лісцем і ружавата-белымі духмянымі кветкамі, пашыраная ў хвойных лясах Еўразіі і Паўн.Амерыкі; трапляецца на Беларусі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)