ЧЭЙЗ (Chase) Сцюарт (8.3.1888, г. Сомерсуэрт, ЗША — 16.11.1985),
амерыканскі эканаміст. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це (1907—08) і Гарвардскім ун-це (1910). Працаваў у Федэральнай гандл. камісіі (1917). У 1920—40-я г. кансультант шэрагу ўрадавых устаноў ЗША. У працы «Мэты для Амерыкі» (1942) паказаў неабходнасць і магчымасць павышэння эфектыўнасці вытв-сці на аснове тэорыі змешанай эканомікі, у аснове якой спалучэнне прыватнага прадпрымальніцтва і дзярж. рэгулявання эканам. працэсаў. Лічыў, што змешаная эканоміка найб. поўна рэалізуецца ва ўмовах ваен. эканомікі, у якой ён бачыў адзін са сродкаў пашырэння асабістага спажывання і ажыццяўлення шырокай праграмы грамадскіх работ, скарачэння беспрацоўя і вырашэння інш. сац. праблем. Паводле Ч., гал. ролю ў правядзенні рэформ, пераадоленні існуючых у грамадстве стэрэатыпаў і негатыўных з’яў у псіхалогіі і паводзінах людзей павінна адыграць інтэлігенцыя («Трагедыя марнатраўства», 1925; «Тэхнакратыя», 1933).
т. 17, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)