ЧЫ́РЫКАЎ Аляксей Ільіч (1703 — ліст. 1748),

расійскі мараплавец. Капітан-камандор (1746). Скончыў Марскую акадэмію ў С.-Пецярбургу (1721). У 1722—24 выкладчык, з 1746 дырэктар гэтай акадэміі. У 1725—30 і ў 1733—43 памочнік В.Берынга ў 1-й і 2-й Камчацкіх экспедыцыях. У 1741 на судне «Св. Павел» здзейсніў плаванне да паўн.-зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, адкрыў шэраг астравоў з групы Алеуцкіх. У 1742 плаваў на пошукі судна «Св. Пётр», якім камандаваў Берынг, удакладніў месцазнаходжанне в-ва Ату. Удзельнічаў у складанні карты рас. адкрыццяў у Ціхім ак., дзе абагульнены вынікі дзейнасці экспедыцый (1746). Імем Ч. названы востраў і падводная гара ў зал. Аляска, мысы на а-вах Кюсю, Ату і інш.

Літ.:

Дивин В.А. Русские мореплаватели на Тихом океане в XVIII в. М., 1971.

т. 17, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)