Пле́мя, пле́ме, пле́мʼе, плеймё, сюды ж пле́менства, племеўство, плямя́, племе́ньне, племянё ’аб’яднанне некалькіх родаў у дакласавым грамадстве’, ’сваякі, радня; дзеці, родзічы; пакаленне; патомства; парода’ (ТСБМ; Яруш.; Нас.; Нік. Очерки; Мат. Гом.; ТС; Карскі 2-3, 183; Кольб.; Сцяшк. Сл.; Жд. 2), на пле́мя ’для атрымання патомства’ (Нар. Гом.), пле́мень ’род’ (ТС), пле́меннік, пле́меністы ’здольны да размнажэння’, пле́менніца ’пладавітая жанчына’ (Нас.). Укр. пле́мʼя, рус. пле́мя, племя́, смал. племьё ’племя’; пле́мень ’сям’я, род, радня’, племе́нь ’плямёны’, пле́ме́нье ’сям’я, род, радня’; польск. plemię, чэш. plemeno, ст.-чэш. plémě, славацк. plemeno, арх. plemä; славен. pléme, серб.-харв. пле̏ме, макед., балг. пле́ме. Прасл. зыходнае *pled‑men > *plemę ’род, пакаленне, нашчадкі’ (без і.-е. адпаведнікаў), роднаснае аснове *plod‑ ’нашчадкі’ (параўн. рус. плод, плода ’нашчадкі’ — так яшчэ Шымкевіч), — да і.-е. *(s)pel‑ ’калоць, расшчапляць’ (Фасмер, 3, 278; Бязлай, 3, 53; Скок, 2, 681; Махэк₂, 454; Шустар-Шэўц, Этимология–1984, 225–226). Банькоўскі (2, 605), прыводзячы ў якасці адпаведніка ст.-грэч. πλῆθος ’мноства (людзей, прадметаў), лік’, лац. plebs < plēbēs ’народ, натоўп’, магчыма, і літ. pledė́kšnė — пра струк гароху, выводзіць праформу *pledh‑men. Сюды ж пляме́ннік, пле́мениік плімянні́к ’непакладаны кабан’ (віц., ДАБМ, камент., 884), г. зн. пакінуты “на племя” ’на расплод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ўх1 повх ’крот’ (беласт., Сл. ПЗБ; драг., Сл. Брэс.; Шатал., Сцяшк. Сл., Скарбы), ’мыш-палёўка’ (Сіг.), ’воўк’ (Бяльк.), ’гарнастай’ (Бяльк.), ’ласка’ (ЛАП), повух ’крот’ (бяроз., Выг.); укр. дыял. повх, польск. pilch ’жывёліна Myoxidae, грызун з вушамі без поўсці’, н.-луж. pjelch, чэш., слав. pich, славен. pólh ’соня’, харв. puh, балг. плъх, пльф ’пацук, Mus raitus’. Некаторыя няслушна (гл. Шустар-Шэўц, 2, 1077) лічаць запазычаннем са ст.-в.-ням. pilich, с.-в.-ням. bilch ’від мышы’ (Голуб–Колечкі, 278). Да прасл. *ръ!!!хъ < *pelsb(fb) < *polsb(jь); сюды ж пялёсы, пялясы ’з белымі палосамі на цёмным фоне’ (гл.), рус. пелёсый ’плямісты (пра жывёлу)’, параўноўваюць з літ. pelė ’мыш’, пат. pele ’тс’ < і.-е. *pel ’сівы, белаваты (пра колер)’, дапускаючы, што тут мае месца намінацыя паводле лысых вушных ракавін грызуноў; Немец (Этимология–1997–1999, 128) параўноўвае са ст.-чэш. oplchaly (БЕР, 5, 374–375, з літ-рай; Махэк₂, 460; Сной₂, 539; Глухак, 511). Аднясенне сюды назвы ваўка па колеравай прыкмеце (“шэры”) з’яўляецца вынікам табуізацыі; зрэшты, параўн. і ўкр. вовчок ’соня’. Сюды ж повхоточыны, повховыпьне ’паточаная кратамі зямля’ (Сл. Брэс., Шатал.).

По́ўх2 ’пячкур (рачная рыба)’ (Крыв.). Няясна. Магчыма, з noyxf (гл.) з-за плямістай афарбоўкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́хнуць1 ’распухаць, разбухаць’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), ’апухаць’: пухнуць людзі ад голаду (Сержп.), по́хнуць ’тс’: шчыка похніць (дрыс., Хрэст. дыял.); параўн. укр. пу́хнути, рус. пу́хнуть, польск. puchnąć, чэш. puchnouti, в.-луж. puchnyć ’пыхнуць, дунуць’, н.-луж. puchnuś se ’ўздуцца’, славен. púhniti ’дунуць; ударыць, піхнуць’, серб.-харв. пу́хнути ’дунуць; сапсаваць паветра’, балг. пу́хна ’пыхнуць; узбіць, выбіць’, макед. пувне ’глуха стукнуць’. Прасл. *puxnǫti суадноснае з *puxati (гл. пу́хаць, параўн. цягаць/цягнуць і пад.); значэнне уздымацца, разбухаць’ характэрна для паўночнаславянскіх моў, грунтуецца на семантыцы ’брадзіць’ (“o skutkach fermentacji, gnicia, rozkładu” гл. Банькоўскі, 2, 963), а форма незак. тр. на ‑nǫ‑ другасная да *puxъti, гл. пухці, і ў паўднёваславянскіх мовах у дзеясловах зак. тр. са значэннем аднакратнага дзеяння пераважала зыходная семантыка імітацыі раптоўнасці руху, выбуху (гл. пух1), параўн. Фурлан–Бязлай (3, 135), дзе зроблена спроба звязаць паўднёваславянскія формы з *pьchati (гл. піхаць, пхнуць). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1994–1996, 204.

Пу́хнуць2 ’многа спаць, дрыхнуць’ (ТС; ушац., Нар. лекс.; уздз., Жд. 3; светлаг., Мат. Гом.), ’спаць без просыпу’ (Ян.), параўн. польск. арг. puchnąć ’заспаць’. Метафарычнае ўтварэнне на базе пухнуць1; зыходнае значэнне ’брадзіць, гнісці, раскладацца’, параўн. тыпалагічную паралель: серб. дыял. ква̏сити ’ляжаць доўга ў ложку, гультайнічаць’ і ’кіснуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр. рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус. дыял. раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск. rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш. rmen ’рамонак’, славац. ruman, rumanček ’тс’, славен. rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб. ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв. román, ráman, балг. рамо́н, макед. рамон. Прынятая этымалогія ад лац. Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням. römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус. романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен. rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск. rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́на ‘цягучая вадкасць у роце’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Сержп., Варл.), слі́ня ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), слі́ніць ‘мачыць слінаю’ (ТС, Варл., Сцяшк.), ‘плакаць’ (Жд. 2, Варл.), сліня́ты, слінка́ты ‘слюнявы’ (Сцяшк. Сл.), слю́на ‘сліна’ (ЛА, 3), слю́ня ‘тс’ (Гарэц., Бяльк., ЛА, 3). Укр. сли́на, дыял. слюна́, рус. сли́на, слина́, слюна́, стараж.-рус. слина, польск. ślina, в.-луж., н.-луж. slina, чэш., славац. slina, серб.-харв. сли̏на, славен. slína, балг. сли́на, слю́нка, макед. слинка, ст.-слав. слина. Прасл. *slina, *slʼuna. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sliẽnas ‘слюні, густая слізь’, sliẽnât ‘пырскаць (пра сліну)’, sliẽkas ‘слюні’; да і.-е. *(s)lei̯‑ ‘слізкі, клейкі’, гл. Траўтман, 269; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939; Міклашыч, 307; Покарны, 662–663. Бязлай (3, 260) параўноўвае яшчэ з формамі без пачатковага зычнага грэч. αλίνω ‘намазваю’, лац. linere ‘мазаць, пэцкаць’. Фасмер (3, 672) гэтыя паралелі лічыць сумніўнымі. Сной₁ (580) разглядае як роднаснае слізь, слізкі (гл.). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Скок, 3, 285–286; БЕР, 6, 880; Глухак, 562; Жураўлёў, Язык и миф, 200–201; Шустар-Шэўц, 1314–1315; Борысь, 616; ЕСУМ, 5, 300–301. Карскі (1, 19) тлумачыць формы з канцавым ‑ня уплывам мяккасці папярэдняга склада і дзеяслова слініць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стагна́ць ‘енчыць, скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Шат., Сл. ПЗБ), сто́гнуць ‘тс’ (Нас.), стогна́ць ‘тс’ (ТС), стогне́ць ‘ледзь дыхаць, існаваць’, ‘гудзець’ (там жа), стогн ‘жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам’, ‘скарга, нараканне’, стагната́ ‘стагнанне’ (Нас.), стогно́та ‘тс’ (Гарэц.), стогно́та ‘хвароба’ (ТС), ст.-бел. стогнание (Скарына). Укр. стогна́ти, рус. паўд. сто́гнуть ‘стагнаць; крычаць непрыемным голасам’, ст.-рус. стогнание ‘стогн’, старое в.-луж. stohnam ‘стагну’. Карскі (1, 372) лічыў старой формай на фоне выпадзення ‑г‑ у рускай і царкоўнаславянскай (у апошняй не заўсёды). Фасмер (3, 763) звязвае з рус. стон, стона́ть, стена́ть; Цвяткоў (Запіскі, 2, 1, 81) меркаваў пра ўплыў дзеясловаў тыпу цягну́ць (гл.); Махэк₂ (579) усх.-слав. ‑г‑ лічыць экспрэсіўнай устаўкай і ўзводзіць таксама да прасл. дыял. *stonъ, *stonati, параўн. рус. стона́ть, ст.-рус. стонати, чэш. stonati, ston, славац. stonať, ston, балг. стон, в.-луж. stonać, якое параўноўваюць з грэч. στόνος ‘стагнанне’, ст.-інд. *stanas у abhistanás ‘гул’, ірл. son ‘гук’, а таксама без s‑: лац. tonō ‘грымець (пра гром)’, ст.-інд. tányati ‘шуміць, гучыць, грыміць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1360; ЕСУМ, 5, 423. Адносна прасл. *stenati ‘гудзець, грымець’ гл. Глухак, 583. Параўн. стогнуць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяля́ва ’рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская’ (ТСБМ), ’рапушка, Coregonus albula L.’ (Касп., Жук., Сцяшк.), селя́ва, сяля́ўка ’тс’, ’сібель’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), сіля́ўка ’тс’ (лід., шальч., лудз., Сл. ПЗБ), сіля́ва ’рыба накшталт селядцоў, што водзіцца ў вялікіх азёрах’, сіля́ўка ’ўклейка, дробная рыба’ (Нас.), сіля́ўка, селя́вка ’рыба верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (ТСБМ, Дэмб. 2, Жукаў). Укр. селя́ва ’шэмая дняпроўска-азоўская, Chalcalburnus’, рус. пск. села́ва ’верхаводка’, прыпары., кубан. селя́ва ’шэмая; від верхаводкі’, польск. sielawa ’сіг еўрапейскі, Coregonus albula L., верхаводка’. Слова без задавальняючай этымалогіі. Насовіч формы з пачатковым сі‑ выводзіў ад сіляць ’вудзіць’: силявочку силяець (Нас., 579), што з улікам фанетыкі і геаграфіі слоў успрымаецца як народная этымалогія. Дапускалі запазычанне з літ. seliavà ’сіг еўрапейскі’, salavà, sel(i)ovà, sélava, sèlava ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 19, 249), збліжэнне з фін. salakka ’верхаводка’ (Праабражэнскі, 2, 271; Карскі, Белорусы, 108). Супраць Фасмер (3, 594), які ўказвае на распаўсюджанне назвы на поўдні; да таго ж літоўскія формы па фанетычных прычынах не спрадвечныя (Буга, Rinkt., 1, 552), лічацца запазычаннямі са славянскіх моў (Фрэнкель, 774), або, прынамсі, іх балцкае паходжанне недастаткова аргументавана (Лаўчутэ, Балтизмы, 148), гл. падрабязней Анікін, Опыт, 275; ЕСУМ, 5, 210 з аглядам версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тармасі́ць ’тузаць, торгаць’, ’чапляцца’ (ТСБМ), ’трасці, тузаючы; цягаць, рваць’ (Нас.), ’трасці, тузаць’ (Ласт., Растарг.), ’торгаць за валасы або вуха’ (Варл.), ’растрасаць пражу пасля адпарвання’ (Жд. 2), тармасі́ць ’тармазіць’ (Гарэц.), тормосі́ті ’трасці’ (Вруб.), тармасі́ць, тармашы́ць ’торгаць’ (Некр. і Байк.), тармасну́ць ’трасануць’ (Юрч. Вытв.), тармса́ць ’тузаць, торгаць, трапаць’ (ТС); ст.-бел. тармоси́ти, тормоси́ти ’тармасіць’ (1597 г., КГС); сюды ж тармаса́ ’валтузня, важданіна, тармашэнне’ (Нар. словатв., Федар. 4), тармасава́цца ’валтузіцца’ (Яруш.; навагр., Шн. 2), укр. термо́сити, дыял. тормо́си́ти ’цягаць, тузаць, трэсці; хістаць’, тирмо́сити ’тармашыць’, рус. тормоши́ть ’тс’, польск. tarmosić, дыял. termosić ’тузаць, трасці; мяць, гнясці’, славац. trmosiť sa ’трэсціся, тузацца’, а таксама фармальна адрозныя без суф. ‑os‑, што інтэнсіфікуе дзеянне, укр. дыял. те́рмати ’тармашыць, тузаць, трасці’, чэш. trmácet ’мучыць, стамляць’, дыял. trmati ’тс’, славац. trmať ’вырываць, тармасіць, тузаць’. На падставе апошніх выводзіцца мажлівае прасл. *tr̥mati ’тузаць, рваць’, што з першаснага *tr̥m‑ < і.-е. *ter‑ з пашыральнікам ‑m‑ і значэннем ’церці’ (Борысь, 628). Мяркуюць, што можа быць аддалена роднасным да грэч. τρέμω ’трымчу, трасуся’, лац. tremo, ‑ere ’трымцець’, тахар. A träm ’тс’, тахар. B tremem ’трымценне, дрыжыкі’, алб. дыял. trem ’палохаюся’, літ. trìmti ’дрыжаць ад холаду’ (Фасмер, 4, 84; Махэк₂, 651; ЕСУМ, 5, 554).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адпраўляючыся куды‑н., не ўзяць з сабой. У воласці пакінулі мы цэлую звязку кніг і газет. Чорны. Жаль.. [Марыны Паўлаўны] змяніўся на турботнае ваганне, ці пакінуць тут д[а]ччыну картку, ці ўзяць з сабой. Зарэцкі. // Часова змясціць куды‑н. [Марыся:] — Ідзём адгэтуль... Я пакінула ў сенцах свае рэчы і хачу без сведак пагаварыць з бацькам. Бажко.

2. Адпраўляючыся куды‑н., аддаць, перадаць каму‑н. Ад’язджаючы зноў у Данбас, брат пакінуў Васілю гармонік. Кавалёў. // Перадаць у спадчыну. — Тата, калі паміраў, то пакінуў усё мне, — сказаў Андрэй як мага спакайней.. — Я цяпер гаспадар у хаце. Чарнышэвіч.

3. Прыберагчы, адкласці, схаваць для каго‑, чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Пакінуць агурок на насенне. □ Дзяўчаты трошкі паелі і пакінулі яшчэ на раз. Няхай. Грошы .. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі.

4. Выйсці, пайсці адкуль‑н. (часова або назаўсёды). У канцы сакавіка, калі сонца пачало прыграваць і снег паступова сышоў, мядзведзіца пакінула сваю бярлогу. В. Вольскі. // Адказацца ад чаго‑н., звольніцца, пайсці з якой‑н. работы, пасады і пад. Казлоўскі паходзіў з прыгонных сялян. Пасля паўстання пакінуў духоўны сан і стаў настаўнікам. Г. Кісялёў. За тыдзень да заняткаў.. Аляксей пакінуў працу ў МТС. Шамякін. // Перастаць удзяляць увагу каму‑, чаму‑н. Пакінуць чалавека аднаго з яго невясёлымі думамі.. [хлопцы] не маглі. Шахавец. Міхал Шарупіч якраз браў пробу і не мог пакінуць электрапечы. Карпаў. // Пайсці ад каго‑, чаго‑н., расстацца з кім‑, чым‑н. Прыйшла дачка. Пакінуў муж — Свавольніца яна. Непачаловіч. // перан. Перастаць існаваць у кім‑н., знікнуць (пра думкі, пачуцці і пад.). Сышоўшы на перон, Рыта разгубілася. Рашучасць пакінула яе. Навуменка. Таго ніколі не пакіне Юнацкі, Вечна весні ўздым, — Хто аддае, Як дар краіне, Жыццё дарэшты — маладым! Гілевіч.

5. Прымусіць або прапанаваць застацца дзе‑н., працягваць знаходзіцца ў якім‑н. месцы. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома. Пальчэўскі. Тарас здаў дзяржаўныя экзамены на выдатна, яго пакінулі ў аспірантуры. Гурскі.

6. Захаваць у якім‑н. стане, не змяніць чыйго‑н. стану, становішча. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Гартны. Платон разгарнуў пакунак і так пакінуў. Чарнышэвіч.

7. Прызначыць кім‑н., у якасці каго‑н. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам. Колас. Карла парашылі пакінуць тут за гаспадара. Маўр.

8. (ужываецца з адмоўем). Абмінуць, абысці, не крануць. [Максім:] — Ні хаты, ні кусціка, ні дрэўца не пакінула ў.. [сяле] вайна. Кудравец. Сілівону Лагуцьку было больш за семдзесят, але здавалася, што гады прайшлі пад ім, не пакінуўшы ні следу, ні знаку. Лынькоў.

9. з інф. Спыніць якое‑н. дзеянне, занятак. Пабліжэнне восені ўжо адчувалася ў прыродзе. Зніклі жаўранкі, пакінулі стракатаць конікі. Чарнышэвіч. Гадоў васемнаццаці.. [Лешак] пакінуў вучыцца і ўзяўся за гаспадарку. Брыль. [Леў Раманавіч:] — Пакінем пра гэта гаварыць. Усё ў свой час... Асіпенка.

10. Выклікаць што‑н. пасля сябе, паслужыць прычынай з’яўлення чаго‑н. Першая паездка па возеры пакінула непрыемнае ўражанне. Самусенка.

11. Не даць чаго‑н., пазбавіць чаго‑н. Пакінуць ліст без адказу. Пакінуць без абеду. □ [Зыгмусь:] — Ніяк няможна пакінуць нашу зямлю без вільгаці. В. Вольскі.

12. заг. пакі́нь(це). Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., патрабавання спыніць размову пра што‑н. [Мікола:] — Э, пакінь! Нашла каго ўгаворваць. Гэта ж яшчэ дзіця... Гартны. // Ужываецца для выражэння просьбы, патрабавання не чапаць каго‑, чаго‑н., не турбаваць каго‑н. — Пакінь кпіць, — перапыніў.. [Надзю] Вошкін і на хвілінку насупіўся. М. Ткачоў.

•••

Каменя на камені не пакінуць — а) ушчэнт разбурыць; б) бязлітасна раскрытыкаваць.

Пакінуць гэты свет — памерці.

Пакінуць з носам — абдурыць, падмануць каго‑н.

Пакінуць у дурнях — падмануць, паставіць у смешнае, няёмкае становішча каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)