Апо́на ’завеса, пакрыццё’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. устар., укр. опона ’тс’. Польск. устар., чэш., славац., славен. opona ’тс’, серб.-харв. опо̀на ’перапонка’; опона ’завеса’ вядома ўжо ў ст.-слав., а таксама ў старарускіх помніках з XII ст. і помніках старабеларускай мовы (Гіст. мовы, 1, 156) у блізкім значэнні. Праславянскае ўтварэнне ад кораня, прадстаўленага ў словах пяць 2 (гл.), апінаць. Нельга прыняць тэзіс аб запазычанні з гоц. fana ’сцяг’, што прапанаваў Гірт, РВВ, 23, 336, супраць чаго Фасмер, 3, 146; наўрад ці апраўдана думка Мейе (Études, 255) аб калькіраваным характары славянскага ўтварэння: прэфікс о‑ не адпавядае тым элементам, з якіх быццам адбывалася калькіраванне (грэч. καταπέσμα ці гоц. faurhah), а ўтварэнні з іншымі прэфіксамі і тым жа коранем (попона, запон(ък)а, перепон(ък)а і пад.) паказваюць, што гэта мадэль была прадуктыўнай у славянскіх мовах. Іншую літаратуру прыводзіць Праабражэнскі. Недакладна Голуб-Копечны аб выключна чэшскім характары слова. Як праславянскае разглядае Брукнер. Зэльв. апона ’пакрышка’ (веласіпедная і г. д.) (Сцяц.) з польскай. Глуск. апоня ’шырокае, не дастасаванае да стану адзенне’ (Янк. III) — адгалінаванне разглядаемага слова; магчыма, тут адбылася катамінацыя з апанча (гл.), таксама як у значэнні апоня ’чалавек, які носіць шырокае адзенне’ (там жа), трэба ўлічваць магчымасць кантамінацыі з народным апонец < японец (КТС). Апон ’кашара’ (ДАБМ, 784), магчыма, трэба разумець як ’месца, якое апінаецца’ (г. зн. абмяжоўваецца); ст.-рус., ст.-бел. прѣпона, бел. перапона таксама абазначаюць месца. Параўн. Супрун, БЛ, 1, 69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Журы́цца ’сумаваць’, журы́ць ’дакараць’, журлівы. Рус. жури́ть, дыял. жури́ться ’тс’, укр. жури́ти ’выклікаць сум’, рэдк. ’дакараць’, жури́тися ’сумаваць’, журли́вий, ст.-польск. żurzyć się ’гневацца, злавацца’, польск. дыял. żurzyć się ’спрачацца’, чэш. žúřit ’гневацца, сварыцца’, славац. žuriť ’сварыцца, дакараць’, н.-луж. žuriś ’рабіцца злым’, žuriś se ’кіснуць, злавацца, гневацца’, славен. žúriti 1 ’застаўляць’, žúriti se ’паспяшаць, старацца’, žúriti 2 ’ачышчаць ад скуры’, серб.-харв. жу́рити ’падганяць’. Ст.-рус. журити ’дакараць’ (з 1673 г.). Фасмер (2, 68), Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1970, 3, 145) прымаюць думку Развадоўскага (Wybór, 2, 172) пра сувязь журыцца з серб.-харв. гу́рати ’пхаць’, славен. gúrati ’напружваць, мучыць’. Развадоўскі лічыць роднасным гоц. gáurjan ’рабіць смутным’ і ўзводзіць да і.-е. *geur‑. Магчыма лічыць, што гэта той жа корань, што ў слове жураць ’тлець’ (гл.). Сувязь ’гаварыць’ — ’гарэць’ вядомая і для іншых выпадкаў, а Краўчук (Зб. Крапіве, 195–196) адзначыў яе для пары балг. жевря се ’хныкаць, выпрошваць’, укр. жевріти ’тлець’, якая суадносіцца па кораню з журыцца — жураць. Журыць азначала першапачаткова моўную дзейнасць, а сувязь ’гарэць — паліць — пячы’ з ’дакараць’ — ’сумаваць’ адлюстроўваецца і ў іншых выпадках. Супрун, Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 76–78; Непакупны, Балтійскі родичі слов’ян, 1979, 100–101. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 68; Праабражэнскі, 1, 238–239; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 229; Пятлёва, Этимология, 1967, 178; Младэнаў, ГСУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 61–62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збро́я ’прылада для нападу ці абароны’. Укр. зброя ’тс’. Польск. (з XIV ст.) zbroja ’панцыр, браня ў старых рыцараў і іх коней’, чэш., славац. zbroj ’абароннае адзенне’. Ст.-бел., ст.-укр. зброя (XVI ст.) ’зброя’, ’браня’ (Сінаніма славенарос.), збройныи (Александрыя). Параўн. в.-луж. zbroić, н.-луж. zbrojś ’прыводзіць у беспарадак, спусташаць’, рус. ніжнегар. сбройный ’сварлівы, свавольны’. Саднік-Айцэтмюлер (1, 416–417) суадносяць з broj‑ ’рэзаць’ (гл. броіць, брыць), дапускаючы ўздзеянне кораня bor‑ (гл. бароцца), адкуль польск. broń > бел. бронь (гл.). Гэта дапушчэнне больш прымальнае, калі лічыць польск. zbroja крыніцай бел., укр. слоў. Голуб-Копечны (77) не лічацца з такім уздзеяннем, выводзячы brojiti, zbrojti, zbroj з broj‑. Махэк₂ (68), наадварот, адносіць гэтыя словы да кораня bor‑ з метатэзай. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 4, 136) узводзяць зброя да і.-е. кораня *bhrei‑ ’востры, рэзаць’ і лічаць, што польск. zbroja запазычана з бел. ці ўкр. Апошняе малаверагодна, калі ўлічваць наяўнасць слова ў чэш., славац. і фіксацыю zbroja у польск. з XIV ст. Адваротная накіраванасць запазычання ці падыход да слова як прасл. дыялектызма, што адлюстроўваўся ў польск., укр., бел., чэш., славац., здаюцца больш адпаведнымі. У карысць польск. паходжання бел., укр. слоў адсутнасць фіксацыі ў ст.-рус. мове, дзе наогул ваенная лексіка прадстаўлена добра. Пра польск. zbroja падрабязна Астроўска, JP, 32, 112–117; ст.-бел. ужыванне слова апісвае Крыўчык, Труды яз., 34–35.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бер ’расліна Galeopsis’, жа́бер (Жд. 2) ’Scrophularia nodosa’, жабо́р ’Galeopsis’, ’асцюк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., цвяр., арл. зя́бер, зя́бирь, зя́берь, маск., жа́бер, маск., вяцк., цвяр., іркуцк., табол. жабре́й ’тс’ (апошняе і ў функцыі назваў іншых раслін), укр. жабрі́й ’тс’, польск. уст. zibrz, н.-луж. zyber ’тс’, в.-луж. уст. zabr, zabrij, славац. дыял. ziabor ’Galeopsis’, ’Lamium’ (Калал), чэш. уст. žabr (Махэк, Jména rostl., 196) ’Galeopsis’, славен. zę́brot ’тс’, zęber ’нейкая трава’, серб.-харв. срба ’Galeopsis’, балг. жабрей ’Linaria’. Верагодна, перанос, паводле знешняга выгляду кветкі ці лісця, ад жабры (гл.) ці вытворнай ад жа́ба 1, 2 (гл.) назвы хваробы тыпу ст.-чэш. žáber (Плевачава, Этимология, 1966, 90–96; там іншая літ-ра). Параўн. ням. назву ’Scrophularia’ Sauwurz ’свіное зелле’; гэтай травой лячылі свінку (заўшніцу), якая мае сярод іншых і назву, звязаную са словам жаба як назву пухліны на горле, шыі (Махэк, Jména rostl., 211; Мяркулава, Этимология, 1963, 76). Трэба ўлічыць пры гэтым, што ў дыялектах сустракаецца форма зябры ’жабры’ (але не тыпова *зяба ’жаба’). Варыяцыя зябер — жабер, як і жабры — зябры, не растлумачана. Буліч (ИОРЯС, 10, 2, 428), матывуючы назву тым, што (Xleopsis мае зубавідныя чашачкі, калючая (параўн. прыклад у Сл. паўн.-зах.: зябра калючая), звязваў яе са словам зуб (*zęb‑ — *zǫb‑). Гэта падтрымлівае Фасмер, 2, 111. Ільінскі (ИОРЯС, 24, 1, 125) высунуў ідэю кантамінацыі зуб і жабры. Няясна. Параўн. яшчэ жыбулька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казёнка 1 ’невялікая кадушка, па форме (часцей) — усечаны конус’, аб’ём — на пуд-два збажыны, з адным ці двума вушкамі; карыстаюцца, калі перасыпаюць, пераносяць збажыну’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, як і казёнка ’сякера, шуфлік’ да казённы. Не выключана, што тут выпадак іншага роду. Рус. гаворкі ведаюць слова казёнка ў розных значэннях. Галоўныя з іх: ’шафа, камора, склеп, памост, ляжанка каля печы, адгароджаная частка хаты, лавачка і інш.’. Звяртаюць на сябе ўвагу такія дэфініцыі, як наўг. ’лаўка каля печкі ў выглядзе скрынкі’, ніжнегар. ’закрытая лаўка як разнавіднасць скрыні каля ўвахода ў хату’, па якіх можна меркаваць, што натуральнае значэнне ’ёмішча’ магло пашырыцца такім чынам, што казёнкамі называлі розныя канструкцыі з дрэва для захоўвання прадуктаў. З апісання рэаліі відаць яе дапаможнае прызначэнне; магчыма, гэта і не перанос з казёнка ’емішча’, а назва на сумежнасці, функцыянальнай сувязі з казёнкай ’каморай’. Пярэчыць гэтаму той факт, што само бел. казёнка ў значэннях, адэкватных прыведзеным вышэй рус., не фіксуецца і толькі некаторыя з іх (’лавачка’, ’кухня’, ’ляжанка’) ведаюць гаворкі, суседнія з беларускімі.

Казёнка 2 ’сякера заводскага выпуску’ (Жд. 3; Янк. 2), ’шуфлік’ (Мат. Гом.). Утворана аналагічна рус. курск. казёнка ’казённая кватэра’ з выразаў казённая сякера і г. д. Семантычны кандэнсат з тыповай ‑к‑ суфіксацыяй. Параўн.: наступнае слова. Паколькі адпаведнікі не адшукваюцца, можна лічыць параўнальна познімі рэгіянальнымі дэрыватамі, што выцякае і з характару рэаліі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́сах 1 ’доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе; жазло святара’ (ТСБМ), по́сох ’кіёк, палка’, ’прылада, якой палохаюць і заганяюць рыбу ў сетку’ (ТС), ст.-бел. посохъ ’кій’ (Сл. Скар.), укр. по́сох, рус. по́сох, ц.-слав. посохъ, ст.-слав. посохъ ’тс’. Вытворнае ад *soxa ’расоха, разгалінаванне’, што дае падставы рэканструяваць першаснае значэнне ’палка з загнутым канцом’ (Праабражэнскі 2, 113). Гл. саха́.

По́сах 2, пусо́х ’яйка (наседжанае)’ (хойн., Мат. Гом.). Відавочна, таго ж паходжання, што і паса́г (гл.), рус. поса́г, польск. posag, чэш. posah ’тс’. Насуперак прынятай этымалогіі, якая ўзводзіць пасаг да *sōg‑os, што звязана з літ. ségti ’прышпільваць, далучаць’ (Махэк₁ 385; Фасмер, 3, 338), мэтазгодна узводзіць да прасл. *sědti > *sěsti. У Брукнера (432) побач з усходнеславянскім посаг ’месца, дзе маладая сядзіць падчас шлюбнага абраду’ адзначаецца і варыянт посад, што лічыцца другасным, памылковым. Тым не менш, посаг і посад могуць быць варыянтамі адной формы, параўн. укр. осуга ’асадак’, рус. осяжать ’асядаць (пра асадак)’, вытворнае ад дублетных форм *sięg‑/*sied‑ і *sąg‑/*sad‑ (Анікін, Этимология–1983, 48), сюды ж ц.-слав. посагати, ст.-рус. посѧгати ’выходзіць замуж’. Такім чынам, гэта аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- ад *sěsti. Форма по́сох — вынік гіперправільнага окання ў корані ‑саг‑. Гл. паса́г. Відаць, не мае падстаў меркаванне Кліменкі (Язык, слово, действительность, 1, 139), якая звязвае по́сах ’яйка (наседжанае)’ з рэліг. святам Пасха і магчымымі трансфармацыямі гэтай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́тка ’пеніс’ (гродз., Цых.), ’палавы орган’ (Нас., Байк. і Некр.; гродз., кобр., Сл. ПЗБ), ’прарэх у штанах’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. по́тка ’жаночы палавы орган’, по́так ’мужчынскі палавы орган’, рус. по́тка ’membrum virile (у хлопчыкаў)’, палаб. pótkă ’жаночы або мужчынскі палавы орган’ (Олеш, Thesaurus, 805). Прасл. *pъtъka ’палавы орган’, роднаснае літ. paũtas, мн. л. paũtai ’муды, мужчынскія геніталіі’, што паўплывала, паводле Грынавяцкене, на ўжыванне множналікавай формы: яго поткі відаць — які срам (гродз., LKK, 12, 194), адсюль, верагодна, першаснае значэнне ’testicula’. Гэта, аднак, не дае падстаў лічыць слова запазычаннем, насуперак Карскаму (РФВ, 49, 16). Далейшым сувязі няясныя. Паводле Сноя₂ (502), потка ’пеніс’ узыходзіць да прасл. *pъtьka, роднаснага *pъtʼka ’пупышка’ (гл. почка), для якіх рэканструююцца першасныя значэнні ’яйка’ або ’орган размнажэння (у раслін)’, што сумнеўна. Часцей прымаецца перанос назвы птушкі, параўн. рус. по́тка ’птушачка (асабліва пеўчая)’, на назву membrum virile (у дзяцей) (Фасмер, 3, 344; ЕСУМ, 4, 539; 545), што мае шматлікія тыпалагічныя паралелі (параўн. балг. патка ’качка, гуска’ і ’палавы орган у малога хлопчыка’; англ. cock ’певень’ і ’пеніс’ і пад.), што дае падставы Тапарову (Зб. памяці Талстога, 2, 266) гаварыць пра membrum virile ў “арніталагічным” кодзе: *pъt‑ъka (< і.-е. *put‑uk‑) ’птушачка’ і ’пеніс’ параўноўваецца з лац. putus ’хлопчык’ (< і.-е. *pōu‑: *pəu: *pū̆ з пашырэннем ‑t‑), параўн. утворанае ад яго арум. puță ’penis, membre virile’ (Скок, 3, 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́навая ноч ’летняя ноч з громам, маланкай, дажджом’ (ТСБМ), ’навальнічная ноч у канцы лета’ (Ян.), рабі́нная ноч ’тс’ (Мат. Гом.), рабі́нова (рабі́на) ноч ’тс’ (ТС), укр. гороби́на ніч ’ноч з моцнай навальніцай’, рус. дыял. ряби́новая ночь, араби́новая ночь ’душная летняя ноч з зарніцамі’, ’навальнічная ноч’. Выраз вядомы толькі ўсходнім славянам. Упершыню засведчаны ў спісах XV ст. “Аповесці мінулых гадоў” як рѩбинаѩ ночь: И бывши нощи рябинои, быстъ тма, и гром шибаше и дождь. Німчук лічыць, што першы член выраза — гэта прыналежны прыметнік ад стараж.-рус. (о)рябъ, (о)рябь (< прасл. *rębъ ’курапатка’), гл. рабчык, які з цягам часу перастаў суадносіцца з назвай птушкі і быў рээтымалагізаваны шляхам збліжэння са словам рабіна або верабей (Німчук, Давньорус., 161–163). Малаверагоднай падаецца версія Даля пра сувязь з назвай дрэва (гл. рабіна), бо ў гэты час цвіце рабіна (Даль₃, 1775–1776). Па меркаванні іншых навукоўцаў назва звязана з рабы́ і роднаснымі і.-е. назвамі колеру і матывавана ўяўленнямі пра “рабую, стракатую” ад успыхваючых маланак у летнюю ноч (Брукнер, 451; Агапкина, Топорков, СіБФ, 1989, 230–253; Фінкель, ВЯ, 1956, 4, 92). Можна прапанаваць версію аб балтыйскім паходжанні назвы, параўн. літ. rabė́ti, rãbinti ’стукаць, грукатаць’, лат. grabinãt ’стукаць, удараць’, rībināt ’грукатаць (пра гром)’. Агляд версій гл. Фасмер, 3, 535; Будзішэўска, SOr, 39, 3–4, 275; Жураўлёў, Язык и миф, 522–524; Слав. др., 1, 433–434.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рарог ’парода сокала Falco L.’, ст.-бел. рарогъ ’тс’ (Ст.-бел. лексікон). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. rarog ’балабан, Falco cherrug Gray’ (Булыка, Лекс. запаз., 143), якое ўзыходзіць да лексічнага дыялектызма познепраславянскай эпохі *rarogъ, параўн. укр. рарі́г (з зах.-слав.), польск. raróg, каш. rårog ’тс’ і ’капрызны, распешчаны чалавек’, чэш. raroh, славац. rároh, в.-луж. raroh ’тс’; сюды ж адносяць таксама харв. ràrog, rȁrog ’лангуст, Palinurus vulgaris’, славац. rárohy, rárož ’сухія (якія тырчаць) галіны’, чэш. мар. rároh, rárohy ’стары хлам, барахло, старая мэбля’. Паводле Краўчука (БЛ, 9, 23–26), утворана ад прасл. *rogъ (гл. рог) шляхам рэдуплікацыі і падаўжэння першага складу, значыла ’нешта зубчастае, тырчачае’, адносна сокала і марскога рака ’з зубцамі (на дзюбе, на клешнях)’ пэўную паралель ўяўляе славен. rȃcar і іншыя назвы ястрабаў, што выводзяцца з харв. rȁčve ’рогі, рагулькі’, гл. Бязлай, 3, 142. Адносна праславянскай лексемы выказваліся і іншыя версіі. Міклашыч (271) прапанаваў звязаць з ц.-слав. раръ ’sonitus; шум, крык’, і гэта думка пераважае ў большасці слоўнікаў, гл. Бязлай, 3, 152; Сной₂, 523; Борысь (510) прапануе разглядаць *rarogъ як вытворнае ад дзеяслова *rarati ’утвараць гучныя, рэзкія гукі’ (з апеляцыяй да польск. дыял. rarać ’спяваць, аб жаваранку’), якое далей да *rarъ ’шум’. Радзей разглядаецца версія пра запазычанне з іран. *varaŋga (з асіміляцыяй на славянскай глебе v‑r > r‑r), гл. Махэк₂, 508. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 339–340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смець ‘мець смеласць, права; адважвацца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смети ‘адважыцца, асмеліцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. смі́ти, рус. сметь, польск. śmieć, в.-луж. směć, н.-луж. směś, чэш. smíti, славац. smieť, серб.-харв. смје̏ти, славен. smẹ̑ti, балг. сме́я, макед. смее, ст.-слав. съмѣти. Прасл. *sъměti лічыцца роднасным гоц. mōþs ‘гнеў’, ст.-в.-ням. muot ‘дух, гнеў’, грэч. μῶσθαι ‘імкнуцца’, лац. mōs ‘воля, звычай’, гл. Бернекер, 2, 47; Вальдэ-Гофман, 2, 114; Фасмер, 3, 687–688. Узвядзенне да і.-е. кораня *mē‑ ‘мераць’, як гэта мяркуюць Бернекер (там жа), Ван–Вейк (ZfslPh, 13, 88), Шустар-Шэўц (1318), Фасмер (там жа) лічыць менш прымальным. Супраць Бязлай (3, 270–271), які выказвае нязгоду з вышэйпрыведзенымі індаеўрапейскімі паралелямі, таму што славянскі імперфектыўны дзеяслоў не мог утрымліваць прэфікс *sъ‑. Чоп (SR, 1954, 5–7, 233 і наст.) узводзіць слав. *sъměti да і.-е. *sŭmē‑ з паралелямі ў літ. sūmdau, sumdyti, вал. chwyfio ‘рухацца’, ірл. dosennaim ‘гнаць, паляваць’ з развіццём семантыкі ‘рухацца, імкнуцца’ > ‘смець, жадаць дасягнуць’. Гл. таксама ў Сной₁, 585; Глухак, 565 (у якасці паралеляў падаецца ст.-інд. śamati ‘працуе’, с.-ірл. cuma ‘тута’ і інш.). Борысь (618) разглядае *sъměti як магчымы кампазіт з *sъ‑ < *sŭ‑ ‘добры, добра, вельмі’ і не захаваным самастойна праславянскім дзеясловам *měti, < і.-е. *mē‑/mō‑ ‘старацца, мець моцную волю’, адкуль першаснае значэнне *sъměti было б ‘вельмі старацца, імкнуцца да чаго-небудзь’, ‘мець адвагу, смеласць у імкненні да чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)