шчодры, ‑ая, ‑ае.
1. Які ахвотна дзеліцца з другімі грашыма, маёмасцю; не скупы. Вера адразу прыкінула ў галаве, што яе пакупніца шчодрая жанчына і, выпіўшы, папрасіла яшчэ шклянку. Пальчэўскі. Мне гэты цуд без слоў гаворыць: Які ён шчодры, мой народ, Калі сябрам ад сэрца дорыць Не толькі дом — і сонца ўсход! Лось. // перан.; на што. Які лёгка, з ахвотай аддае, раздае што‑н., надзяляе чым‑н. Напэўна, па гэтай прычыне.. [К. Чорны] быў шчодры на пахвалу. Мележ. — Наш старшыня шчодры на пачастункі, госця так не выпусціць з хаты... Хадкевіч. Праўда, .. [Таня] і дагэтуль не вельмі шчодрая была на пісьмы. Гроднеў. // перан. Добры на натуры, па характару. Шчодрая душа. Шчодрае сэрца.
2. Вялікі па памерах, вялікі, значны па каштоўнасці. Закрасуе ў нашым полі Ураджай багаты І парадуе калгас наш Шчодраю аплатай. Журба. А ён [грыбнік] збірае, хітры чараўнік, З лясной аблогі шчодрую даніну. Грачанікаў. — Шырэй вароты, добры гаспадар! Упершыню натруджаныя рукі За мазалі свае — Прымаюць шчодры дар. А. Александровіч. Гэты шчодры слоўнікавы матэрыял дасканала выкарыстоўваецца пісьменнікам для стварэння адпаведных вобразаў. Шакун.
3. Багаты (пра прыроду, жыццё і пад.). Дружны, ураджайны, Проста небывала Шчодры выпаў год! Корбан. Непаўторная гэта пара Песню самую шчырую просіць, Ураджай па калгасных дварах Наша шчодрая восень развозіць. І. Калеснік. У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар, Прынёс у хату поўны кошык — Ад шчодрых яблынь першы дар. Непачаловіч. // Бурны, моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні. Трэба было б ганіць яшчэ пана, але не пашэнціла яму на гэтую ўцеху: сканаў заўчасна ад шчодрага бою дужых рамеснікаў. Шынклер. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін.
•••
Шчодрай рукой — не шкадуючы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)