асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адабра́ць ​1, адбяру, адбярэш, адбярэ, адбяром, адбераце; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. аддаць які‑н. прадмет; сілай забраць у каго‑н., што‑н. Дубінка — скок, скок! Пабегла, адабрала ў ведзьмара гуслі. Якімовіч. Дануся, пакрыўдзіўшыся, адабрала касу і закінула за плячо. Карпюк. Ля сэрца ён хаваў іх [вершы] і бярог, Каб не знайшлі, не адабралі каты. Танк. // Пазбавіць каго‑н. права карыстацца чым‑н. Адабраў пан пасеку, і за гадоў дваццаць пяць парос на ёй густы ельнік ды бярэзнік. Гарэцкі. // Пазбавіць каго‑, чаго‑н., забраўшы сабе, забіўшы, зруйнаваўшы. [Наталля:] — А пасля да мяне прыйшла жанчына і сказала, што я адабрала ў яе мужа. Скрыган. Толькі адно пачуццё яскрава жыло ў Арыне: нянавісць.. да Патапчыка. Гэта ён зглуміў яе шчасце, адабраў у яе чалавека. Чарнышэвіч. [Наста:] Майго любага сына Адабрала вайна, І надзеяй адзінай Засталася яна [Таццяна]. Глебка.

2. Пазбавіць каго‑н. якіх‑н. пачуццяў, якасцей, права на што‑н. Стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожанасць адабралі ў яго ўсе сілы. Чорны. [Тася:] — А вайна ўсё зрабіла трагедыяй, усё ў мяне адабрала: і першае каханне, і сям’ю, і нават права быць матуляй. Гарбук. Вораг, якога мы пазналі ў верасні трыццаць дзевятага года, цяпер захацеў адабраць у нас волю і шчасце ўжо назаўсёды. Брыль. // Пазбавіць чаго‑н., што дае сродкі на існаванне. [Алаіза Пашкевіч:] — Я ведаю, што ў вас [рабочых] дзеецца на заводзе. Ведаю, што Суравіч звольніў трыццаць чалавек. Выгнаў іх з завода, адабраў кавалак хлеба. Арабей. У калгасе прыладзіўся [Хмыль] вупраж выдаваць: у старых работу адабраў. М. Стральцоў.

3. Выдаткаваць, патраціць нейкую колькасць часу (сілы, сродкаў, здароўя) на выкананне чаго‑н. Старшы лейтэнант, які то хадзіў туды-сюды, то паглядваў нецярпліва за рэчку, падумаў, што гэтая пераправа адбярэ ў яго многа часу. Мележ. Нямала адабраў здароўя апошні працэс — групавая справа малалетніх парушальнікаў. Васілевіч.

4. безас. Страціць здольнасць чым‑н. валодаць. У Мяфодзія Паўлавіча на некаторы час адабрала мову. Чарнышэвіч. Адабрала ногі, цела змарыла неадольная млявасць. Дуброўскі.

5. Выбраць з аднастайных прадметаў асобныя з іх, якія вылучаюцца пэўнай якасцю або прыкметай. Настаўнік прапануе вучням яшчэ адабраць патрэбныя словы... Самцэвіч. [Сакратар:] — Там [у парткабінеце] з ім [загадчыкам аддзела прапаганды] адбярыце неабходную літаратуру, парайцеся наконт тэмы і плана даклада і — дзейнічайце. Сіўцоў.

6. Спец. Выстругаць адборнікам фігурную паверхню чаго‑н.

адабра́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адобрыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кане́ц, ‑нца, м.

1. Мяжа, край, апошняя кропка працягласці ў прасторы чаго‑н., а таксама прылягаючая да іх частка; проціл. пачатак. Канец палкі. Канец вёскі. □ Зазер’е — сяло вялікае. Адзін канец яго ўпіраецца ў возера, а другі хаваецца ў лесе. Ваданосаў. Адам рэзаў у хлеўчуку дровы. Прывітаўшыся, Мікола падхапіў другі канец лучковай пілы і моўчкі пачаў дапамагаць. Якімовіч.

2. Апошні момант чаго‑н., што мае працягласць у часе, а таксама час, звязаны з гэтым момантам. Канец дня. Канец года. □ Быў канец верасня, і маладыя бярозкі на ўзлессі стаялі ў залатым убранні. Шамякін. [Рыгорку] было вельмі сорамна, ён ледзь дасядзеў да канца заняткаў. Колас. // Завяршэнне, заканчэнне (справы, дзеяння і пад.). Маці патроху тлумачыла Юльцы велізарную кнігу жыцця — гэту мудрую рэч, якую чытаеш-чытаеш і ніколі да канца не даходзіш. Бядуля.

3. Разм. Смерць, гібель. Жарабец мог з маху ўдарыць сані аб сасну ці аб валун, тады дзяўчыне — канец! Карпюк. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў.

4. Вяроўка, канат, якія служаць для прычалу суднаў. — Гэй, на беразе! — данёсся хрыплаваты голас з мора. — Прымайце канец! Самуйлёнак.

5. толькі мн. (канцы́, ‑оў). Спец. Астатні нітак асновы, якія не могуць быць датканы і адразаюцца ад палатна.

•••

Аддаць канцы гл. аддаць.

Адзін канец — усё роўна, няхай будзе так.

Без канца — вельмі доўга, вельмі многа, бесперапынна.

Да канца — цалкам, поўнасцю.

Да канца дзён (сваіх) — да самай смерці.

Звесці канцы з канцамі гл. звесці.

Знайсці канец (канцы) гл. знайсці.

З усіх канцоў — адусюль, з розных напрамкаў (сысціся, з’ехацца і пад.).

Канца (канца-краю) не відаць (няма) гл. відаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Канцы з канцамі не сходзяцца — а) няма ўзгодненасці, адпаведнасці паміж рознымі часткамі, старанамі чаго‑н.; б) у каго не хапае каму‑н. чаго‑н. на ўвесь вызначаны перыяд.

Канцы прыйшлі каму — наступіла смерць.

Канцы ў ваду — ніякіх слядоў (злачынства, правіннасці) не засталося.

На благі канец — пра бязвыхаднае, цяжкае становішча.

Не з таго канца — не так, як патрэбна (рабіць, пачынаць што‑н.).

Падбіць канцы гл. падбіць.

Пад канец — пры заканчэнні.

Палка з двума канцамі гл. палка.

У два канцы — туды і назад (ехаць, ісці і пад.).

Хаваць канцы гл. хаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збі́цца, саб’юся, саб’ешся, саб’ецца; саб’ёмся, саб’яцеся; пр. збіўся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ссунуцца, з’ехаць з месца ад удару, рэзкіх рухаў. Шапка збілася набок. Павязка збілася. □ Белая віхрастая чупрына [дзецюка] збілася ў адзін бок. Няхай. // Парушыцца ад зруху, змяшчэння. Настройка прыёмніка збілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца непрыгодным ад удараў, штуршкоў. Падковы збіліся. // Разм. Стаптацца, скрывіцца (пра абутак). Абцасы збіліся.

3. Адхіліцца, сысці ўбок (пры хадзе, яздзе і пад.). Збіцца са сцежкі. Збіцца з лыжні. Збіцца з курсу. // Згубіць дарогу, заблудзіць. Толькі зоры, якія ўжо выступілі на цёмнай палавіне неба, здаецца, пільнавала нас, каб мы нідзе не заблудзіліся, не збіліся з дарогі. Сабаленка.

4. Адхіліцца ад правільнага, дакладнага выканання, ажыццяўлення чаго‑н. Збіцца з рытму. □ А шпулек тых — лічыў, лічыў Тараска і збіўся. Юрэвіч. // Набыць другі напрамак (пра думкі, размову). Збіцца з тэмы гутаркі. □ Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык.

5. Памыліцца, зблытацца. Эма ўспомніла, што тады яна расхвалявалася і нават крыху збілася, пачала гаварыць не па запісу, а ад сэрца. Васілевіч. Тут ужо Васіль, баючыся яшчэ раз збіцца, не спяшаўся. Кулакоўскі.

6. на што. Неўзаметку схіліцца, перайсці да чаго‑н., у што‑н. У такой рамантызаванай фальклорнай паэме, як «Сказ пра Вяля», Максіму Танку лягчэй за ўсё было збіцца на ўмоўна-рытарычны стылявы штамп. Бугаёў. — А што, у школе вартаўніка няма? — спытаў Лемяшэвіч, адчуваючы, што расказчык зноў здольны збіцца на якую-небудзь «соль». Шамякін.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца разам, у адно месца на невялікай прасторы. Каровы збіліся ў кучу, таўкліся, калолі адна адну, ускідалі на рогі. Пташнікаў. На выгане хлапчукі збіліся ля Грышы ў кучу. Капыловіч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыгатавацца, вырабіцца шляхам узбоўтвання, збівання. Масла збілася.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблытацца, зваляцца (пра шэрсць, валасы). Травы збіліся трубою, збіліся, як лямец, так, што не прасунуць рукі. Дуброўскі.

•••

Збіцца з капейкі — застацца без грошай.

Збіцца з ладу — страціць стройнасць, паслядоўнасць (думкі, гаворкі).

Збіцца з нагі — згубіць такт, ідучы ўдваіх, парай або маршыруючы.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Збіцца з панталыку (толку, тропу) — а) прыйсці ў замяшанне, зблытацца; памыліцца; б) тое, што і збіцца з (правільнай) дарогі.

Збіцца з (правільнай) дарогі — пачаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. панёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі або нагрузіўшы на сябе, пачаць перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. Маці ўзяла .. [дзяўчынку] на рукі і панесла. Чорны. Назаўтра ўжо ўнук.. выступіў у паход: панёс пісьмо ў раён. Якімовіч. // перан. Перадаць, даставіць каму‑н.; распаўсюдзіць. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Маша была хворая, і вестку .. [пра карнікаў] панесла ў атрад Алеся. Шамякін.

2. Пацягнуць сілай свайго руху. Вада панесла разам і дрэва, і людзей. Маўр. Панёс віхор пуньку разам, з сенам і саламянай стрэшкай. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Іх [ліхтары] сарвала вадой і ўдаль панясло, Іх рыбацкае крышыць вясло. Танк. // Вельмі хутка памчаць, павезці. Сомік ускочыў на сані, хвасянуў знячэўку каня і той, рвануўшы з месца галопам, панёс яго праз вёску, кідаючы сані на ўхабы. Крапіва. // без дап. Памчацца стрымгалоў (пра коней). — Кабыла ў .. Цупрона была наравістая. Упудзілася раз і панясла з .. гары. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Прымусіць ісці куды‑н., пацягнуць (пераважна ў пытальных і клічных сказах). [Надзя] гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам». Грахоўскі. / у безас. ужыв. — Вярніся, .. Кастусёк! Вярніся! Куды цябе панесла ў такую рань? С. Александровіч.

4. безас. чым і без дап. Падзьмуць, павеяць халодным ветрам, завірухай і пад. Пасля марозаў, што не адпускалі тыднямі, цяпер раптам усталявалася адліга; падула з захаду, панесла густым, мокрым снегам. Пташнікаў. // Перадацца па паветры (пра пахі, цяпло і пад.). Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам. Гартны.

5. перан. Зазнаць што‑н. непрыемнае, цяжкае; пацярпець ад чаго‑н. Праціўніку ў радзе месц удалося пацясніць нашы войскі, але і ён панёс вялікія страты. Новікаў. — Ворагу мы не даруем, ён запл[а]ціць за ўсё і панясе кару. Маўр.

6. перан. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. бязглуздае, пустое. Сяргей панёс і панёс, як заведзены.. Столькі пагаварыў пра нашага.. [сабаку], што мы і самі паверылі. Ваданосаў.

7. перан. Выступіць носьбітам чаго‑н. Агонь, запалены на нашым свяце, — гэта агонь юнацтва, дружбы і міру. Нязгасным панясе яго моладзь у сваіх сэрцах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. правёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. правядзе; зак.

1. каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці. Мележ. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем. Чорны.

2. што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.

3. што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата. С. Александровіч. [Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё. Карпюк.

4. чым па чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Мележ. [Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч.

5. каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю. Чорны.

6. што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін.

7. каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар. Чорны. // Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.

9. каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал. Скрыган. — Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс. Карпюк.

10. што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе. Гурскі. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. С. Александровіч. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Ермаловіч.

11. каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці. Няхай.

•••

Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.

Правесці ў жыццё — ажыццявіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саба́ка, ‑і, м.

1. Свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад. Службовы сабака. Пакаёвы сабака. Паляўнічы сабака. Язда на сабаках. □ Пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Колас. На дварэ пільнуюць панскі супакой злосныя сабакі-ваўкадавы. Бядуля. Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка. Дурны сабака і на гаспадара брэша. Прыказка.

2. Самец сукі.

3. перан. Разм. лаянк. Пра нягодніка, злоснага, шкоднага чалавека. — Трэба падавацца ў вёску, — параіў Сталярэвіч, — там вас [Ганну] Ніхто не ведае, а тут можа кожны сабака ўкусіць.... Гурскі. [Лясніцкі] падумаў: «Здраднік. Іш, выгнуўся, сабака». Шамякін. // Груб. Пра чалавека, які не трымае слова, лаецца. Обер — аб’ездчыкам лічыўся, Брахун не горшы ад сабакі. Колас. Ці сабака гаў, ці ён сказаў — то ўсё роўна. Прыказка. / Ужываецца пры выказванні адабрэння, захаплення чыёй‑н. здатнасцю да якой‑н. справы. Добра спявае, сабака.

4. Драпежнае млекакормячае сямейства сабачых. Янотападобны сабака. / у знач. наз. саба́кі, ‑бак. Тое, што і сабачыя (у 4 знач.)

•••

Сабака-сышчык — паляўнічы або службовы сабака, прывучаны да пошуку дзічыны або чалавека па следу.

Вешаць (чапляць) сабак на каго гл. вешаць.

Вось (вот, во) дзе сабака закапаны — вось у чым сутнасць справы, прычына чаго‑н. Ды ты, як бачу, не толькі закаханая ў Тарашкевіча, але і ў яго жонку, — засмяяўся Максім. — Во дзе сабака закапаны! Машара.

(Жыць) як кот з сабакам гл. кот.

З сабакамі не знойдзеш — тое, што і (днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш (гл. знайсці).

Ні адзін сабака не гаўкне — ніхто нічога не скажа.

Па сабаку з рота скача гл. скакаць.

Сабакам сена касіць гл. касіць ​1.

Сабак ганяць гл. ганяць.

Сабаку з’есці ў чым, на чым гл. з’есці.

Сабаку пад хвост (груб.) гл. хвост.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага гл. трэба.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Як пабіты сабака — пра чалавека, які ў выніку свайго ўчынку няёмка сябе адчувае.

Як сабак — вельмі многа, поўна. Паабапал усёй дарогі было поўна іх [жандараў і салдат], як сабак. Лынькоў.

(Як) сабака на сене — пра чалавека, які сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)