ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́МЧУГ (слова кіт. паходжання), перл,
цвёрдыя вапняковыя ўтварэнні перламутравага рэчыва шарападобнай ці няправільнай формы ўнутры ракавін некаторых малюскаў (марскіх і прэснаводных). Складзены пераважна з вуглякіслага кальцыю (араганіту). Колер белы, ружовы, жаўтаваты, іншы раз чорны, шэры, карычневы. Бляск характэрны перламутравы, вясёлкавы. Памеры ад мікраскапічных да галубінага яйца. Утвараецца ў выніку раздражнення мантыі малюска якім-н. чужародным целам (пясчынкай, паразітам і інш.). Здабыча марскога Ж. вядзецца ў Чырвоным м., Персідскім зал., каля берагоў Аўстраліі, Японіі і інш. Прэснаводны Ж. здаўна здабывалі ў Кітаі, Расіі, Германіі, Шатландыі. У 20 ст. вельмі пашырана штучнае вырошчванне Ж. (пераважна ў Японіі). Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе (каралі, брошкі, пярсцёнкі, жамчужнае шыццё), нярэдка ў спалучэнні з каштоўнымі металамі і камянямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́ЙНАСЦЬ,
свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэме сац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал. кірунак сац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймс-парк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
пароды, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму. Адрозніваюць пара- і ортаметамарфічныя пароды, што ўзніклі адпаведна пры метамарфізме асадкавых і магматычных парод. М.г.п. падзяляюцца на рэгіянальна-метамарфічныя (утвараюцца вял. аб’ёмы парод, вызначаюцца фацыяльнымі адрозненнямі: гранулітавая і амфібалітавая фацыі пры высокіх т-рах і ціску, зялёнасланцавая — пры нізкіх т-рах, нязначных глыбінях і цісках; а таксама сланцавымі і слаістымі структурамі, напр., амфібаліты, крышталічныя сланцы, гнейсы) і кантактава-метамарфічныя (малыя аб’ёмы, вакол магматычных цел, на невял. глыбінях, пры лакальна высокіх т-рах, канцэнтрычная занальнасць, характэрнырагавікі, мармуры, скарны, грэйзены, наждакі і інш.). Паводле хім. асаблівасцей М.г.п. падзяляюцца на вытворныя гліназёмістых (метапеліты), асноўных магматычных (метабазіты), асадкавых (парагнейсы, параамфібаліты) і карбанатных (кальцыфіры, мармуры) парод. Пры дыслакацыйным метамарфізме ўзнікаюць катаклазіты, міланіты, бластаміланіты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ККІ ЛАК,
разнавіднасць тэхнікі афорта. Малюнак выконваюць цвёрдым алоўкам, або драўлянай палачкай на тонкай зярністай паперы, пакладзенай на дошку, пакрытую мяккім гравюрным грунтам (сумесь звычайнага афортнага грунту з тлушчам). Ад націску алоўка часцінкі грунту прыліпаюць да паперы адпаведна лініям малюнка, пасля чаго здымаюцца разам з ёю і агаляюць патрэбную для траўлення паверхню. Гравюрам, выкананым у тэхніцы М.л., характэрны мяккі жывапісны зярністы штрых, які перадае спецыфіку малюнка алоўкам або вугалем. Тэхніка М.л. вядома з 17 ст., пашырана ў 19—20 ст. (К.Кальвіц у Германіі, А.Кіпрэнскі ў Расіі і інш.). На Беларусі ў тэхніцы М.л. працавалі Л.Марчанка, А.Паслядовіч, у спалучэнні з інш. тэхнікамі працуюць А.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Э.Пешкаў, У.Савіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯЦЕ́ЛІЦА»,
бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, характэрны 6-тактавыя перыяды. Тэмп хуткі. Упамінанні пра «М.» вядомы з пач. 17 ст. Мае шмат варыянтаў музыкі, харэаграфіі і прыпевак (звычайна бойкага гумарыст. зместу, зафіксаваны ў працах М.Федароўскага, П.Шпілеўскага і інш.). У найб. пашыраным варыянце танца (запісаны П.Шэйнам) выканаўцы трымаюць у руках ручнікі або паясы, часам і хустачкі. Асн. рух — крок-бег. Утвараючы розныя харэаграфічныя малюнкі, выканаўцы імітуюць мяцеліцу. На сцэне ўпершыню выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.Манюшкі на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча (1852). Яскравыя сцэн. варыянты «М.» стварылі К.Алексютовіч, А.Ермалаеў (у балеце «Салавей» М.Крошнера), А.Апанасенка ў Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Пашырана па ўсёй Беларусі. Падобны танец вядомы ў Расіі і на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ Леанід Уладзіміравіч (13.8.1878, Кіеў — 11.10.1942),
расійскі піяніст, педагог, кампазітар; стваральнік адной з рас. піяністычных школ. Нар.арт. Расіі (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. (1900) і кампазіцыі (1902). Вучань С.Танеева, М.Іпалітава-Іванава. З 1909 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі (з 1912 праф.). Для яго выканальніцкай манеры былі характэрнытэхн. свабода, ювелірная апрацоўка дэталей, глыбіня пранікнення ў аўтарскую задуму. Выступаў з уласнымі творамі, творамі Л.Бетховена, Ф.Мендэльсона, Ф.Шапэна, Ф.Ліста, М.Равеля, К.Дэбюсі, П.Чайкоўскага, А.Глазунова, С.Рахманінава, А.Скрабіна, М.Рымскага-Корсакава і інш. Адзін з першых прапагандыстаў творчасці С.Пракоф’ева, М.Метнера. Аўтар санаты для фп. і скрыпкі, 2 стр. квартэтаў, вак. твораў, фп. транскрыпцый і інш. Сярод вучняў: Дз.Шастаковіч, У.Сафраніцкі, П.Серабракоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧКО́Ў Барыс Уладзіміравіч (н. 24.9.1938, г. Екацярынбург, Расія),
бел. музыкант-габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (Свярдлоўск, 1961). У 1960—66 саліст Дзярж.нар. аркестра Беларусі, аркестраў Бел. тэлебачання і радыё, Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі [у 1981—91 (з перапынкам) заг. кафедры, у 1986—91 прарэктар, з 1987 праф.]. Яго выканальніцкай манеры характэрны прыгажосць гуку, тэхн. дасканаласць. Арганізатар і маст. кіраўнік ансамбля салістаў Дзярж. аркестра сімфанічнай і эстр. музыкі Беларусі (з 1993). Аўтар кн. «Народныя духавыя інструменты ў музычнай культуры Беларусі» (1981). Лаўрэат Рэсп. конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах (1963). Сярод вучняў Л.Каліноўскі, Ю.Лікін, І.Ляшчышын, Л.Мурашка, С.Сяргеенка.