NH3, найпрасцейшае хім. злучэнне азоту з вадародам. Бясколерны газ з рэзкім удушлівым пахам, tкіп -36 °C, шчыльн. у вадкім стане 0,681∙103кг/м³, растваральны ў вадзе (10%-ны раствор — нашатырны спірт). Растварае шчолачныя і шчолачна-зямельныя металы, некаторыя неметалы (P, S, I), многія арган. і неарган. рэчывы. Атрымліваюць каталітычным узаемадзеяннем N2 і H2 пад ціскам. Выкарыстоўваецца для вытв-сці азотнай кіслаты, мачавіны, азотазмяшчальных соляў, соды, угнаенняў, а таксама ў медыцыне. Вадкі аміяк і яго растворы — холадарэагенты. Ядавіты, выклікае слёзацячэнне, удушша, болі ў страўніку. ГДК 20 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АМКАДО́Р»,
канцэрн, акц.т-ва на Беларусі па вырабе дарожна-буд. тэхнікі. Створаны ў 1993. Уключае больш за 80 прадпрыемстваў і ўстаноў: спец.КБ «Дармаш», доследна-эксперым.З-д, з-ды «Ударнік», «Дармашмет», «Агрэгат», «Унімод», «Унікаб», «Амкадор-Мота», «Усяж», «Амкадор-Пінск» і інш. Мае таксама прадпрыемствы ў Расіі, Польшчы, Балгарыі і інш.Асн. прадукцыя: пагрузчыкі аднакаўшовыя франтальныя, бульдозеры-пагрузчыкі, экскаватары-пагрузчыкі, дарожныя каткі, снегаачышчальнікі, аўтобусы, машыны для лесапрамысл. комплексу і камунальнай гаспадаркі, прычэпы для легкавых аўтамабіляў, мэбля, інструмент, электратавары, швейныя вырабы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,
скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл.таксамаСкрыжаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў, якія ў 8—3 ст. да н.э. жылі ў басейнах рэк Кама, Сярэдняя Волга, Вятка, Белая. Назва ад могільніка каля в. Ананьіна (Татарыя). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у наземных драўляных жытлах памерам 10 × 5, 12 × 4 м, а таксама ў доўгіх дамах, падзеленых на секцыі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах, над якімі ставіліся драўляныя зрубы; у магілы клалі жал. і бронзавыя коп’і, сякеры-кельты, чаканы, кінжалы, упрыгожанні. Для ананьінскай культуры характэрна кругладонная кераміка з ямкавым і шнуравым арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАГЕ́НЫ [ад грэч. anër (andros) мужчына + ген(ы)],
мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хім. будове — стэроіды.
У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ц. н. с. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАГАНІ́СТЫ,
1) у анатоміі і фізіялогіі — органы з процілеглымі функцыямі і дзеяннем. Прыклады антаганістаў: мышцы і іх групы, што дзейнічаюць адначасова (або па чарзе) у двух процілеглых напрамках (напр., згінальнікі і разгінальнікі канечнасцяў — біцэпс і трыцэпс рукі чалавека), пара нерваў, якія пры ўзбуджэнні аказваюць процілеглы ўплыў на орган, што інервуецца. Антаганісты наз.таксама зубы верхняй і ніжняй сківіц, якія процістаяць адзін аднаму пры змыканні.
2) У мікрабіялогіі — мікраарганізмы, якія прыгнечваюць рост, развіццё і інш. праяўленні жыццядзейнасці інш. мікробаў і арганізмаў (гл. ў арт.Антаганізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЕ́ЛЫ,
складаныя бялкі — імунаглабуліны, якія сінтэзуюцца клеткамі лімфатычнай тканкі чалавека і цеплакроўных жывёл пад уплывам антыгенаў. Здольныя спецыфічна звязвацца з імі ў імунныя комплексы, што забяспечваецца прасторавай узаемадапаўняльнасцю (камплементарнасцю) паверхняў малекул антыцел і антыгена. Дзякуючы рэакцыям звязвання антыцел з антыгенамі адбываецца нейтралізацыя мікробных таксінаў, імабілізацыя і ўстараненне мікраарганізмаў, чужародных арганізму бялкоў і поліцукрыдаў, а таксама ўласных клетак са змененай паверхневай мембранай. Адначасова яна ляжыць у аснове патагенетычнага механізма анафілаксіі, сываратачнай хваробы і аўтаімунных захворванняў. У лабараторнай практыцы рэакцыя выкарыстоўваецца для дыягностыкі хвароб, ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў і асобных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЮ́К (Anthericum),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Афрыцы і на Мадагаскары, таксама ў субтропіках і ва ўмераных абласцях Еўропы і Амерыкі. На Беларусі трапляецца бялюк галінасты (A. ramosum), што расце ў хваёвых і мяшаных лясах, дубровах, на ўзлесках і ў хмызняках на паўн.-ўсх. мяжы арэала. Як інтрадукаваны вырошчваецца бялюк лілейны (A. liliago).
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце прыкаранёвае, вузкалінейнае, жалабатае. Кветкі белыя ў мяцёлках ці гронках. Плод — скурастая шарападобная каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАД,
мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2∙nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).
Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,
у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксамаЖэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.