ТРАНСПАНУ́ЮЧЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ (ад лац. transponere перакладваць, перастаўляць),

музычныя інструменты, рэальная вышыня гучання якіх не адпавядае іх натацыі. Пераважна духавыя інструменты: лабіяльныя і язычковыя (разнавіднасці флейты, габоя, кларнета, фагота, саксафона і інш.) і амбушурныя (валторна, труба, карнет і інш.), а таксама ўмоўна інструменты, гучанне якіх на актаву вышэй (флейта пікала) ці ніжэй (кантрабас, контрафагот). Паводле тэсітуры гучання Т.м.і.: сапранавыя (флейта пікала; кларнеты; саксафоны, трубы, фанфары; флюгельгорн); альтовыя (флейта; габой, саксафон, валторна, горн); тэнаровыя (саксафон, горн); барытонавыя (саксафон; горн, эйфоніум); басовыя (кларнет; саксафон). Т.м.і. даюць магчымасць выконваць музыку ў любых танальнасцях, пры захаванні зручнай аплікатуры і без змены тэхнікі гуказдабывання для інструментаў вызначанай сям’і, пры гэтым спрошчваецца нотны запіс.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,

кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.

Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.

Я.​Г.​Анацкі, М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УВА́ГА,

засяроджанасць псіхічнай дзейнасці суб’екта ў пэўны момант часу на якім-небудзь рэальным або ідэальным аб’екце (прадмеце, падзеі, вобразе, разважанні і інш.). Вылучаюць 3 віды У. Мімавольная У. (найб. простая і генет. першапачатковая) мае пасіўны характар, бо навязваецца суб’екту знешнімі падзеямі. Фізіялагічнае праяўленне гэтага віду У. — арыенціровачная рэакцыя. Пры адвольнай У. дзейнасць кіруецца свядомымі намерамі суб’екта і патрабуе з яго боку валявых намаганняў. Яна мае актыўны характар, складаную структуру, апасродкаваную сацыяльна выпрацаванымі спосабамі арганізацыі паводзін і камунікацыі; звязана з прац. дзейнасцю. Пры постадвольнай У. захоўваецца адпаведнасць накіраванасці дзейнасці свядома прынятым мэтам, аднак яе выкананне не патрабуе спец. разумовых намаганняў і абмежавана ў часе толькі стомленасцю ці знясіленнем рэсурсаў арганізма. Да характарыстык У., вызначаных шляхам эксперым. даследаванняў, належаць выбіральнасць, аб’ём, устойлівасць, магчымасць размеркавання і пераключальнасць.

т. 16, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДМАН Аляксандр Аляксандравіч (16.6.1888, С.-Пецярбург — 16.9.1925),

расійскі матэматык, фізік і метэаролаг, адзін са стваральнікаў сучаснай дынамічнай метэаралогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1918 праф. Пермскага ун-та, з 1920 — Петраградскага політэхн. ін-та. З 1925 дырэктар Гал. геафіз. абсерваторыі. Навук. працы па матэматыцы, гідрамеханіцы, тэорыі турбулентнасці, геафіз. гідрадынаміцы, фізіцы атмасферы, рэлятывісцкай касмалогіі. Вывеў ураўненне пераносу атм. віхра (ураўненне Ф.), якое з’яўляецца асноўным у тэорыі прагназавання надвор’я. Знайшоў нестацыянарныя рашэнні ўраўненняў гравітацыйнага поля А.​Эйнштэйна (1922—24; касмалагічныя мадэлі Ф.); тэарэтычна даказаў магчымасць расшырэння Сусвету, што было пакладзена ў аснову сучаснай касмалогіі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1931.

Тв.:

Избр. труды. М., 1966.

Літ.:

Тропп Э.А., Френкель В.Я., Чернин А.Д. А.​А.​Фридман. М., 1988.

М.​М.​Касцюковіч.

А.А.Фрыдман.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЙЗ (Chase) Сцюарт (8.3.1888, г. Сомерсуэрт, ЗША — 16.11.1985),

амерыканскі эканаміст. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це (1907—08) і Гарвардскім ун-це (1910). Працаваў у Федэральнай гандл. камісіі (1917). У 1920—40-я г. кансультант шэрагу ўрадавых устаноў ЗША. У працы «Мэты для Амерыкі» (1942) паказаў неабходнасць і магчымасць павышэння эфектыўнасці вытв-сці на аснове тэорыі змешанай эканомікі, у аснове якой спалучэнне прыватнага прадпрымальніцтва і дзярж. рэгулявання эканам. працэсаў. Лічыў, што змешаная эканоміка найб. поўна рэалізуецца ва ўмовах ваен. эканомікі, у якой ён бачыў адзін са сродкаў пашырэння асабістага спажывання і ажыццяўлення шырокай праграмы грамадскіх работ, скарачэння беспрацоўя і вырашэння інш. сац. праблем. Паводле Ч., гал. ролю ў правядзенні рэформ, пераадоленні існуючых у грамадстве стэрэатыпаў і негатыўных з’яў у псіхалогіі і паводзінах людзей павінна адыграць інтэлігенцыя («Трагедыя марнатраўства», 1925; «Тэхнакратыя», 1933).

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭК (англ. check),

грашовы дакумент устаноўленай формы; адзін з відаў каштоўных папер. Друкуецца на спец. паперы са ступенямі аховы. З’яўляецца распараджэннем чэкадаўца (асобы, якая выпісала Ч.) банку або інш. крэдытнай установе аб выплаце ўказанай у Ч. сумы грошай трымальніку Ч. (асобе, якой выдадзены Ч.). Гэта сума здымаецца з чэкавага рахунку чэкадаўца ў банку і пераводзіцца або выдаецца банкам чэкатрымальніку; банк можа аплаціць Ч. і за кошт крэдыту чэкадаўца. Ч. бываюць імянныя (на пэўную асобу), ордэрныя (на карысць якой-н. асобы), прад’яўнічыя (на прад’яўніка). Ч. сапраўдны на працягу пэўнага тэрміну. Для разлікаў паміж банкамі выкарыстоўваюцца Ч. банкаўскія. Таксама Ч. наз. квітанцыю касы аб прыёме грошай ад пакупніка ў рознічным гандлі, якая сведчыць пра аплату і дае магчымасць атрымаць пакупку. Дзейнічае ў межах крамы, дзе ён аплачаны.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШО́ШЫНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

аперацыя партызан па знішчэнні чыг. моста цераз р. Шоша на чыг. лініі Маладзечна—Полацк у Глыбоцкім р-не 17.9.1942 у Вял. Айч. вайну. Яе праводзілі 1-ы і 3-і партыз. атрады брыгады «Смерць фашызму» (камандзір У.​В.​Мельнікаў) і партыз. група М.​З.​Умінскага, што ў ліп. 1942 прыбыла з-за лініі фронту. Мост (даўж. 35 м) ахоўваў ням. гарнізон, абапал моста знаходзіліся дзоты, акопы, загароды з дроту. У бліжэйшых гарнізонах праціўніка на ст. Падсвілле і Зябкі было каля 170 гітлераўцаў. У ноч на 17 вер. партызаны выставілі заслон з боку казармаў, захапілі дзот і кулямётным агнём скавалі дзеянні праціўніка, чым далі магчымасць падрыўнікам замініраваць і ўзарваць мост. У выніку аперацыі рух паяздоў быў спынены на 15 сутак.

М.​У.​Філімоненкаў.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЕР (Kroemer) Герберт (н. 25.8.1928, г. Веймар, Германія),

нямецкі і амерыканскі фізік. Замежны чл. Нац. інж. акадэміі ЗША (1997), Нац. АН ЗША (2003). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1952). З 1952 у н.-д. установах і фірмах Германіі і ЗША. З 1968 праф. ун-та штата Каларада ў г. Боўлдэр, з 1976 Каліфарнійскага ун-та ў г. Санта-Барбара. Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў. Абгрунтаваў магчымасць стварэння біпалярнага транзістара на гетэрапераходах і паказаў перспектыўнасць выкарыстання паўправадніковых гетэраструктур у мікраэлектроніцы (1957). Прапанаваў канструкцыю паўправадніковага інжэкцыйнага лазера на падвойнай гетэраструктуры (1963, незалежна ад Ж.Л.Алфёрава). Нобелеўская прэмія 2000 (з Алфёравым, Дж.Кілбі; гл. Дадатак). Яго імем названа малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Квазиэлектрическое поле и разрывы зон. Обучение электронов новым фокусам // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №9.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.Кромер.

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎЧУ́К Міхаіл Іванавіч (н. 14.7.1956, в. Малыя Зводы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1977). З 1982 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні эл.-магн. структуры нуклонаў і дэйтрона, фотанараджэнні π-мезонаў на нуклонах, інш. пытаннях эл.-магн. ўзаемадзеяння адронаў. Прапанаваў новыя метады вымярэння эл.-магн. палярызавальнасці нейтрына, што дало магчымасць эксперыментальна атрымаць больш дакладныя значэнні некаторых структурных пастаянных нейтрона.

Тв.:

On approaches to measure the electromagnetic polarizabilities of the neutron (разам з Ф.​Вісманам, М.​Шумахерам) // Eur. Phys. Journ. 1998. Vol. Al, № 2;

Deuteron Compton scattering below pion photoproduction threshold (разам 3 А.​І.​Львовым) // Nucl. Phys. 2000. Vol. A 674, № 3—4.

т. 18, кн. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адмаўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аднаўляць — адмовіць і адмаўляцца — адмовіцца. // Адмоўны адказ на просьбу, патрабаванне і пад. [Лінкевіч] уяўляў, што яго просьбу можа задаволіць старшыня, і таму зразумеў словы Шаманскага, як адмаўленне. Дуброўскі.

2. Непрызнанне чаго‑н. Сіла рамана [«Трэцяе пакаленне»] Кузьмы Чорнага ў адмаўленні старога і сцверджанні новага, у вялікай мастацкай праўдзе, з якой робіць гэта. Галавач.

3. Тое, што фактам свайго існавання адмаўляе, выключае магчымасць існавання чаго‑н. іншага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)