ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.

В.​С.​Гельтман.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.

Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙10​4, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 ​oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш. арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПІЛЕ́І, прапілон (ад грэч. popylaion перад дзвярыма, уваход),

парадны праход, праезд, утвораны сім. каланадамі ці порцікамі, размешчанымі па восі руху. Характэрны для архітэктуры Стараж. Грэцыі (П. Акропаля ў Афінах, 437—432 да н.э., арх. Мнесікл) і Рыма (П. свяцілішча ў Баальбеку, 1—3 ст., Ліван), дзе іх будавалі пры гал. уваходзе на акропаль ці ў свяцілішча. Пашыраны ў перыяд класіцызму (П. ў Мюнхене, Германія, 1846—60, арх. Л.​Кленцэ). У 2-й пал. 19—20 ст. ўзводзіліся як ч. асабліва ўрачыстых арх. комплексаў ці збудаванняў, якія мелі мемар. значэнне (П. Смольнага ін-та ў С.-Пецярбургу, 1923—25, арх. У.​Шчуко, У.​Гельфрэйх; набярэжнай р. Волга ў Валгаградзе, 1952, арх. В.​Сімбірцаў, І.​Фіялка; комплексу на Піскароўскіх могілках у С.-Пецярбургу, 1960, арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон).

С.​А.​Сергачоў.

Прапілеі Акропаля ў Афінах. Арх. Мнесікл. 437—432 да н.э.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),

1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал. ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.

2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.

Літ.:

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977.

І.​С.​Шпакоўскі.

т. 13, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ННЕ імавернасцей,

адно з асн. паняццяў тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыкі.

Р. імавернасцей дыскрэтнай выпадковай велічыні X, магчымыя значэнні x1, x2, ... xi, ... якой утвараюць канечную ці злічоную паслядоўнасць. задаецца адпаведнымі ім імавернасцямі p1, p2, ... pi, ... (усе p, дадатныя і іх сума роўная 1), напр., бінаміяльнае размеркаванне, Пуасона размеркаванне. Для неперарыўнага Р. існуе неадмоўная функцыя p(x) (шчыльнасць імавернасці), такая, што p ( x ) dx = 1 , і пападанне выпадковай велічыні ў зададзены інтэрвал значэнняў [a,b] задаецца імавернасцю W = a b p ( x ) dx , напр., Максвела размеркаванне, нармальнае размеркаванне. У агульным выпадку Р. — сапраўдная неадмоўная функцыя на класе падмностваў (падзей), які мае пустое мноства і замкнуты адносна тэарэтыка-мноставых аперацый дапаўнення і злічонага перасячэння: p ( U i=1 Ai = Σp ( Ai ) , дзе 0 ≤ p(A) ≤ 1 і калі Ai∩Aj=∅ пры i≠j. Гл. таксама Сінгулярнае размеркаванне.

Б.​Л.​Залескі.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),

верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш. еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.​Багдановіч:

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах

Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?

І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).

У сучаснай бел. паэзіі не атрымаў пашырэння.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),

від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.

В.​С.​Пазнякоў.

т. 13, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́церабіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Высечы, ссячы. У той жа дзень .. [Ігнат і Крылоў] выбралі вось гэту дзялянку, дзе яшчэ перад вайной былі высечаны старыя дубы, выцерабілі кусты і з дапамогай жонкі Ігната і яшчэ аднаго лесніка пасадзілі жалуды. Шамякін.

2. Вырваць (пра лён, каноплі і пад.). Умеюць .. [лён] вырасціць, выцерабіць, разаслаць, давесці да ладу шчырыя рукі ільнаводаў. Бялевіч.

3. Разм. Выесці, з’есці. Выцерабіць міску капусты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гірля́нда, ‑ы, ДМдзе, ж.

Кветкі і зеляніна, сплеценыя ў выглядзе шырокай істужкі. Хлопчыкі на двары плялі з дзеразы.. гірлянды. Курто. // Арнамент, узор у выглядзе пераплеценых кветак і зеляніны. [Архітэктар Усава] распрацоўвала рабочыя чарцяжы сквера пры тэатры оперы і балета, рабіла эмблему і гірлянды на фасад дома, які вырас на разу праспекта.. і Камсамольскай вуліцы. «Беларусь». // перан.; звычайна чаго. Доўгі рад, ланцуг чаго‑н. Гірлянды электрычных лямпачак.

[Іт. ghirlanda.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вёска, ‑і, ДМ вёсцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Сельскае паселішча. Палеская вёска. □ Вёска, дзе была.. школа, спадабалася мне — невялікая, з адной толькі вуліцай, і ўся нібы замаскіраваная ў зеляніне. Кавалёў.

2. Сельская мясцовасць. Паехаў працаваць на вёску. // Жыхары вёскі; сялянства, вясковае насельніцтва. [Мужык:] — [Хлопчык] як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць. Якімовіч. З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)