Няпу́шч (непушчъ) ’накшталт, падобна, як’: непушчъ твойго коня (Нас.). Няясна; магчыма, ад пушчы ’горш’ (параўн. непапушч, непапушчы, гл.), аднак цяжка вытлумачыць семантыку. Або ўзыходзіць да ц.-слав. непщевать ’меркаваць’, ст.-слав. непьштевати (параўн. ц.-слав. непыць), для якога Фасмер (3, 64) узнаўляе першаснае значэнне ’не чакаць, не быць упэўненым’, роднаснае лац. putāreлічыць, меркаваць’, што бліжэй па значэнню да беларускага слова. Гл. таксама непапушч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капашы́цца ’шавяліцца, варушыцца’, ’бязладна, мітусліва рухацца’ (ТСБМ, Гарэц., Юрч., Растарг.), ’паволі рухацца, марудзіць’ (Растарг., Др.-Падб.), ’корпацца, важдацца, капацца’ (ТСБМ; брасл., пух., Сл. паўн.-зах.). Укр. копошитися, рус. копошиться, чэш. kopošiti se (якое аднак Махэк₂ (275) лічыць запазычаннем з рус. мовы). Паводле Трубачова (Эт. сл., 11, 23–24), прасл. kopošiti (), якое з’яўляецца этымалагічна тоесным да koposati//kopositi — дзеяслоўнага інтэнсіва на ‑s‑ ад kopati > капа́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ква́піць ’тс’ (ТСБМ), ’цікавіць, прыцягваць увагу’ (Сцяшк.), ’накопліваць багацце’ (ТС). Укр. квапити ’прымушаць, падганяць’, польск. kwapić ’тс’, чэш. kvapiti ’хутка рухацца’, в.-луж. kwapić ’тс’. Слова адсутнічае ў паўднёваславянскіх мовах і на асноўнай рускай тэрыторыі. У адпаведнасці з вядомай версіяй (Бернекер, 655) каўзатыў да прасл. kypěti ’кіпець’. Дадатковым аргументам у карысць гэтай этымалогіі можна лічыць каш. pře‑kvapic ’выкіпець’. Гл. Слаўскі, 3, 459; ЕСУМ, 2, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Банды́т. Рус. банди́т, укр. банди́т. Паводле Фасмера, 1, 120, запазычанне з ням. Bandit або прама з італ. bandito ’бандыт’ (спачатку ’выгнаны’ ад дзеяслова bandire выганяць’). Шанскі (1, Б, 32) лічыць’ што запазычанне адбылося праз польск. мову. Гл. яшчэ MESz, 1, 237–238. Рудніцкі (71) і БЕР (1, 31) памылкова лічаць банди́т вытворным ад ба́нда. Форма бандзіт ’тс’ (Бяльк., Шат., Касп.), мабыць, адлюстроўвае рус. уплыў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блу́тацца ’бадзяцца’ (Жд.), блута́цца ’блытацца, заблытвацца’ (Бяльк., Влад.), блутаніна (Касп.). У рус. гаворках, здаецца, няма (гл. СРНГ), таксама і ва ўкр. мове. Гэтае слова можна лічыць бел. новаўтварэннем з дзеяслова плутацца, плутаць, вядомага ва ўсх.-слав. мовах. Блу́тацца, блу́таць узнікла экспрэсіўным азванчэннем п > б (перад л). Але не выключаецца і ўплыў (кантамінацыя) дзеяслова блудзі́ць, блука́ць. На аснове блу́тацца, блу́таць далей утварыўся дзеяслоў блытаць, блытацца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матацы́кл, матацыкле́т ’падобная да веласіпеда машына з рухавіком унутранага згарання’ (ТСБМ), драг. моцокле́т ’тс’ (КЭС), мато́цык ’тс’ (Жд. 1, лід., Сл. ПЗБ, паст., смарг.); мацыкле́т, калінк. матацы́кла, чачэр. матацыкле́та, рэч. мацыкле́та (Мат. Гом.), манцыкле́та (Мат. Гом.). З польск. motocykl і рус. мотоци́кл, мотоцикле́т, якія з франц. motocycle (< лац. motus ’рухомы’ + ст.-грэч. κύκλος ’кола’), motocyclette ’матацыкл’. Крукоўскі (Уплыў, 83) крыніцай запазычання лічыць рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дру́згаць ’разбіваць’ (Байк. і Некр.), друзгата́ць ’тс’ (БРС). Параўн. чэш. druzgati ’драбіць’, славац. druzgať ’ламаць’, ст.-польск. druzgać, серб.-харв. дру̏згати ’давіць, мяць’ і г. д. Прасл. *druzgati ’тс’. Роднасныя формы: літ. druzgė́ti ’распадацца на дробныя часткі’, грэч. θραύω ’разломваю’. Гл. Фасмер, 1, 543; Траўтман, 61; Трубачоў, Эт. сл., 5, 133–134. Бернекер (1, 222) непераканаўча лічыць рэканструяванай для рус. друзг ’галлё’ зыходнае *drǫzgъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паі́ць ’даваць піць каму-н.; насычаць вільгаццю, вадой’. Рус. пои́ть, ст.-рус., ст.-слав. поити, польск. poić, чэш. pojiti, серб.-харв. по̀јити, славен. pojíti, pojim, балг. поя́ ’паю’. Праслав. pojiti. Фасмер (3, 304) асновай гэтага дзеяслова лічыць прасл. *pojь ’напітак’, які ад піць (гл.) з аблаутам у корані. Махэк (452) мяркуе, што ў прасл. была ўтворана дзеяслоўная аснова з poj‑, г. зн. не абавязкова ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раска́лле ’зімовы час, калі дарогі пакрываюцца лёдам’, раска́ліна ’бездарожжа’ (Ян.), роска́лле ’слата, хлюпота’ (Клім., Сл. Брэс.), стараж.-рус. роскалье ’адліга, бездарожжа’. Утварэнне з прыстаўкай *roz‑ і суф. *‑je, як вынік дзеяння ад *orz‑kal‑iti < *kal‑iti < *kalъ, сюды ж розка́лы ’разводдзе’ (івац., ЛА, 2) і ўкр. ро́зкаль ’бездарожжа’; параўн. Фасмер, 3, 503. Німчук (Давньорус., 158) лічыць лексему паўдзённым рэгіяналізмам старажытнарускай мовы. Гл. кал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саты́ра ’спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва высмейванне розных адмоўных з’яў’ (ТСБМ), Крукоўскі (Уплыў, 85) лічыць новым запазычаннем з рус. сати́ра ’тс’, якое праз франц. satire паходзіць з лац. satira, больш стараж. satura (lanx) ’блюда з рознымі пладамі, якое кожны год паднасілася багам; дэсерт, сумесь; вершаваная сумесь’ (Фасмер, 3, 565; Праабражанскі, 2, 254). Раўнаверагодна і пасрэдніцтва польск. satyra ’сатыра’. Аб польск. слове гл. Брукнер, 482.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)