перакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам або канцом. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, [плывец] бухнуўся галавой у ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Колас. Юрка скінуў шапку і, папляваўшы на рукі, так пацягнуў пілу, што аж палена перакруцілася. Курто. Жанчына ўздрыганулася і, як вяртлявы звярок, у момант перакруцілася тварам да чалавека — у профіль да акна. Чорны. — Во! Гэта дарэчы! — перакруціўся на адной назе Віктар. Маўр.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага або празмернага закручвання. Кран перакруціўся. // Распасціся напалам, на часткі ад кручэння. Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.
3. перан. Разм. Рэзка перамяніцца, перайначыцца. Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася... Гартны.
4. Заблытацца, зблытацца. Перакруціліся ніткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што і без дап. Пацярпець паражэнне ў гульні, спаборніцтве, спрэчках і інш. Прайграць матч. □ [Юрась Бабіч] у заклад ішоў са мною і, як бачыце, прайграў. Савіцкі. Бондар бачыў — бой прайгралі. На штурм камяніц ісці нельга... Трэба адыходзіць. Навуменка. [Сымон:] Усё прапала: мы прайгралі. Не даказалі сведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасці на гэтую зямлю. Купала.
2. што. Страціць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. у выніку азартнай гульні; прагуляць. Прайграць грошы. □ Казалі, што .. [пан] прайграў сваю зямлю, і ад вялікага маёнтка застаўся ціхі, недагледжаны хутар. Адамчык.
3. што і без дап. Сыграць, выканаць; прымусіць прагучаць. Прайграць пласцінку. □ А восьмай гадзіне на дваровым дзядзінцы прайграў гармонік. Гартны. Акампанемент у складзе банджа, кастаньетаў і некалькіх гітар прайграў уступ усім вядомай песні. Скрыпка.
4. Іграць некаторы час. Прайграць дзве гадзіны на раялі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
1. Прымаць споведзь у каго‑н., слухаць пакаянне ў грахах на споведзі. Спавядаць грэшніка. Спавядаць хворага. □ У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Грахоўскі.
2. перан. Настойліва распытваць каго‑н.; лаяць і ўшчуваць за што‑н. Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка г[о]ллейка, спыніў яе ля студні .. і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё...» Гартны. [Ніна:] — Ат, глупства. «Маленькі дыванок», і растлумачыла: — Так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе спавядае. Шыцік.
3. Кніжн. Прытрымлівацца якога‑н. вучэння, пераканання і пад. Цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
учу́ць, учую, учуеш, учуе; зак., што і з дадан. сказам.
Разм.
1. Успрыняць слыхам які‑н. гук; пачуць. Прыслухаўся [Юрый] да цішыні ў хаце і ўчуў, як цікае ў сталовай гадзіннік. Мікуліч. Хлапец учуў незнаёмую гамонку ў двары. Быкаў.
2. Улавіць, зразумець тое, што гавораць. [Пракоп Асіна] развітальна памахаў рукохю і нешта праказаў. Вінцусь Шавель не ўчуў і перапытаў. Той выгукнуў на ўвесь голас: — Не забудзь пазваць на блінцы! Гартны.
3. Улавіць нюхам, чуццём. Лось па момант спыніўся, трывожна панюхаў паветра і, відаць, учуўшы небяспеку, неяк дзіўна падскочыў.. і шалёна рынуўся ў гушчар. Шчарбатаў. На пераездзе першы ўчуў нядобрае баец Пшанічны. Быкаў. Учуўшы добразычлівасць ў яго голасе, я наважыўся запярэчыць: — Дзядзька Зміцер! А можа не трэба тых вершаў здымаць? Я папраўлю. Лужанін. // Адчуць. Рука апухла і пасінела. Галіна зрабіла ўкол вышэй локця, — Леанід не ўчуў болю, — убінтавала. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цемната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Адсутнасць святла, асвятлення; цемра. Пад сховай цемнаты Нам даставілі пасылкі, Тэлеграмы і лісты. Глебка. За цемнатою цяжка было разглядзець, колькі зараз часу. Гартны. // Пра цёмнае, неасветленае месца, прастору. За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць. Колас.
2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Наша маладосць Не ведае ніякай цемнаты, Бо ёй Кастрычнік асвятліў шляхі, Высока ўзняўшы палымяны сцяг. Смагаровіч. І спектаклі — от яны куранёўскія спектаклі! Толькі ж і тут — рэлігія цемнатою людской пакарысталася! Мележ. Нашы дзед і бабуля так і памерлі ў цемнаце, а я атрымаў асвету і працую за станком. Гарбук. // Разм. Пра недасведчанага або малаадукаванага чалавека. — Няўжо вы дагэтуль нічога не ведаеце?.. От жа цемната, ну што ты скажаш! — незласліва засмяяўся чалавек. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
відно́ 1, безас. у знач. вык.
1. Пра наяўнасць дастатковага святла, асвятлення; светла. Пачынае вечарэць, і пакой напаўняе шэры змрок. Толькі каля акна, дзе я сяджу з кніжкай, яшчэ відно. Каршукоў. На вуліцы ўжо было відно. Прачыналася ў скверы птаства. Сабаленка. Хоць.. [маладзік] быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок без ручкі, усё-такі ад яго было.. відно. Гартны.
2. Тое, што і відаць (у 1, 3 знач.). Уперадзе.. ішла машына, пылу давала столькі, што дарогі не відно было. Кулакоўскі. Адразу было відно, што.. [Стафанковіч] штосьці цяжкае перажыў апошнімі часамі. Чорны.
відно́ 2, ‑а́, н.
Світанне, досвітак. Пад самую раніцу.. [Лёня] прачнуўся і ніяк не мог дачакацца відна. Ваданосаў.
•••
Ад відна (і) да цямна — з усходу да заходу сонца, з ранку да вечара. Мужчыны.. і жанчыны.. ад відна да цямна працавалі на лузе. Паслядовіч.
Да відна — да світання, да ўсходу сонца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дама́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Прызначаны для задавальнення бытавых патрэб у доме. Дамашні тэлефон. Дамашнія туфлі. □ Убачыўшы паважную жанчыну ў багатым дамашнім халаце, чалавек у цывільнай вопратцы памякчэў, зняў капялюш. Машара. // Звязаны з доглядам дома, сям’і і пад. Справіць дамашнюю работу.
2. Зроблены, прыгатаваны дома, у сваёй гаспадарцы; не куплены. Дамашні хлеб. □ Злева перад сцэнаю, якая была збіта з новых смалістых дошак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі. Гартны. // Прызначаны для выканання дома. Дамашняе заданне.
3. Сямейны, прыватны. Дамашні настаўнік. Дамашняе выхаванне. Дамашнія абставіны. □ Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. Колас.
4. у знач. наз. дама́шнія, ‑іх. Члены сям’і; асобы, якія жывуць з кім‑н. разам. Надышла цішыня: дамашнія вячэралі. Мележ.
5. Свойскі, не дзікі (пра жывёл, птушак). Валяліся пярыны, падушкі, самакаты, труны розных дамашніх жывёл. Шамякін.
•••
Дамашні арышт гл. арышт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
джа́ла, ‑а, н.
1. Колючая частка органа самаабароны і нападу некаторых насякомых (пчол, вос, шэршняў і інш.), якая знаходзіцца на канцы брушка. Хто іх на свеце не знае, шэршняў тых, з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых. Дубоўка. // Колюча-смокчучы хабаток некаторых насякомых (мухі, камара, авадня і інш.). Адчуўшы ранішні прыпек і джала авадня, Конь стаў пад голлем у цянёк. Бялевіч.
2. Доўгі, раздвоены на канцы язык ядавітай змяі. Летам.. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала і высоўвала джала, то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка.
3. Вастрыё колючага ці рэжучага інструмента, прылады. І вострае джала разца гоніць спружыністыя стружкі. Гартны.
4. перан. Пра абвостранае пачуццё, успрыманне. Перад.. вачамі [Ніны] успыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі галаву безліччу пякучых джал. Мележ. // чаго. Пра што‑н. вострае, едкае. Джала сатыры.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дэманстра́цыя, ‑і, ж.
1. Масавае шэсце для выражэння якіх‑н. грамадска-палітычных настрояў. Першамайская дэманстрацыя. Дэманстрацыя пратэсту супроць вайны. □ Рабочыя пачынаюць пераходзіць ад эканамічных стачак да стачак палітычных, да арганізацыі палітычных дэманстрацый пад баявым лозунгам «Далоў самадзяржаўе!». «Полымя».
2. Нагляднае азнаямленне з чым‑н., публічны наказ чаго‑н. Дэманстрацыя кінафільмаў. Дэманстрацыя экспанатаў на выстаўцы. Спалучыць тлумачэнне з дэманстрацыяй доследаў.
3. Дзеянні, учынкі і пад., якія выражаюць пратэст супроць каго‑н.; задзірлівыя паводзіны. Гэта выйшла, як і хацеў таго Гунава, падкрэслена непрыязна. Але Сімон, які зразумеў дэманстрацыю Гунавы, зрабіў такі выгляд, што нічога непрыемнага ў гэтым для сябе не бачыць. Самуйлёнак. Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучала ўскосная дэманстрацыя супроць Рыгора. Гартны.
4. Праяўленне, сведчанне чаго‑н. Выбары ў Саветы з’яўляюцца велічнай дэманстрацыяй адзінства і згуртаванасці савецкага народа.
5. Ваенная аперацыя, якая мае на мэце адцягнуць увагу праціўніка ад месца галоўнага ўдару.
[Ад лац. demonastratio — паказванне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́кцыя 1, ‑і, ж.
Дзеянне, накіраванае на дасягненне пэўнай мэты. Міралюбівая акцыя Савецкага ўрада. Дыпламатычная акцыя. Акцыя помсты. Агрэсіўная акцыя. □ [Кох:] не раз рабіў.. [Вейсу] непрыемнасці, пачынаючы якую-небудзь акцыю, не дамовіўшыся, не параіўшыся з ім. Лынькоў.
[Ад лац. actio — дзеянне.]
а́кцыя 2, ‑і, ж.
Цэнная папера, якая сведчыць пра ўнясенне пэўнага паю ў капіталістычнае прадпрыемства і дае права яе ўладальніку на ўдзел у справах і прыбытках гэтага прадпрыемства. Валодаць акцыямі. Скупіць акцыі. Трымаць акцыі. Рост каштоўнасці акцый. □ Большая частка банкірскага капіталу зусім фіктыўная і складаецца з даўгавых патрабаванняў (вэксаляў), дзяржаўных папер (якія прадстаўляюць ранейшы капітал) і акцый (пасведчанняў на атрыманне: будучага даходу). Маркс. Шалёна несліся ў гару акцыі фабрык і заводаў. Гартны. Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.
•••
(Яго, яе, іх) акцыі павышаюцца — пра павышэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.
Акцыі падаюць — пра зніжэнне чыйго‑н. значэння, уплыву.
[Фр. action.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)