ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр.Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел.нац. камісарыята, рэдактар газ.«Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж.выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦККП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл.ЦБКП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл.ЦККП(б)Б (1927—29), чл.ЦВКБССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.
Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Чарота, А.Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Друк Сымон, гл.Гартны Ц.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Жылуновіч З. Х., гл.Гартны Ц.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАШКЕ́ВІЧ (Валерый Іосіфавіч) (22.4.1939, в. Красная Горка Ушацкага р-на Віцебскай вобласці — 26.1.1990),
бел. літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1962), дзе і працаваў. Дэбютаваў вершамі ў 1958. У манаграфіі «Ад прататыпа да вобраза» (1984) даследаваў праблемы аўтабіяграфізму ў бел. прозе 1920-х г. (Ц.Гартны, М.Гарэцкі, Я.Колас). Аўтар прац па гісторыі бел. л-ры, тэксталогіі, тэатры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРЯ́»,
літаратурна-грамадскі рукапісны часопіс. Выдаваўся ў 1910 у г. Капыль Мінскай вобл. на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». У ім супрацоўнічалі З.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.Гурло, Х.Станілевіч, Х.Чарнышэвіч і інш. Меў раздзелы белетрыстыкі, літ. крытыкі і публіцыстыкі. У часопісе змешчаны апавяданні Н.Беленькага «Сухотны» і А.Неўліна «Ахвяра», вершы. У крытычных артыкулах, скіраваных супраць дэкадэнтаў і мадэрністаў, высока ацэньвалася бел. паэзія, адзначалася яе цесная сувязь з нар. жыццём. Выйшла 15 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЫМЯ»,
аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Грамыка, А.Гурло, У.Галубок, Я.Нёманскі, М.Піятуховіч, А.Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Вольны, А.Дудар, А.Александровіч, В.Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот; кандыдаты; М.Зарэцкі, Я.Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел.маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш.літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.
Літ.:
Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;
Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг.Мн., 1960;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975.