2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.
ушы́цца2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.
Разм.
1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог.Кулакоўскі.Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады.Сяркоў.Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту.Сабаленка.// Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў.Чорны.Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох.Шашкоў.//перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну!Мележ.
2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак.Лынькоў.
•••
Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́трасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць хітрага. Пра хітрасць лісіцы нямала напісана. □ Вядома, гэта не было так выразна і проста сказана, а з мужычай хітрасцю, і Тоўхарт заўважыў гэта.Чорны.
2. Учынкі, прыёмы, паводзіны, разлічаныя на ўвядзенне каго‑н. у зман. Алесь не спіць — ён у трывозе: Што на сягонняшняй дарозе Яго з «начаткамі» чакае? Як сойдзе хітрасць яго тая?Колас.Але на гэты раз маленькая хітрасць дачкі не дапамагла.Шахавец.// Дзеянне, накіраванае на падман праціўніка. Апёкшыся на першай хітрасці, маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара.Брыль.Але Генька ведаў, што ворага трэба браць не толькі сілай, але і хітрасцю.Паслядовіч.
3. Выкрутлівасць, спрытнасць. Любамір выглядаў гэтакім прасцячком, хаця на самай справе хітрасці яму не пазычаць.Шыцік.Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай, і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць...Пташнікаў.
4. Тое, што зроблена з майстэрствам, адмыслова. Замок з хітрасцю. □ Асабліва захаплялі розныя.. хітрасці [скрыпкі] пасля таго, калі я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем.Кулакоўскі.[Ягор] уважліва агледзеў кручкі, паплаўкі, змераў вачыма тоню і, відаць, не знайшоўшы ў іх ніякай рыбацкай хітрасці, адказаў: — Вось гэта ўлоў!Ігнаценка.
•••
Не вялікая хітрасцьзінф. — не цяжка, не складана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАЯ́НА (Guyana),
Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч. краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр. краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Папярэднікам павета было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 вял. князем ВКЛ Вітаўтам. Верагодна, яно ўваходзіла ў Віцебскую зямлю і падзялялася на шэраг валасцей. У 15 — пач. 16 ст. значная іх частка падаравана буйным феадалам (Друцкім-Пуцяцічам, Друцкім-Бабічам, Адзінцэвічам, Гальшанскім і інш.). Назва Аршанскі павет (ці Аршанскае староства) ужывалася з 16 ст.Пасля ўключэння Смаленскай зямлі ў Маскоўскую дзяржаву Аршанскі павет стаў пагранічным і неаднойчы быў тэатрам ваен. дзеянняў. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Аршанскі павет увайшлі Лукомскае і Друцкае княствы, Барысаўскае і Магілёўскае староствы, частка Аболецкага пав., Любашанская і ўсх. Частка Свіслацкай валасцей і інш. Аршанскі павет уваходзіў у Віцебскае ваяводства. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні». У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. на тэр. павета сфарміравалася латыфундыя Сапегаў (частка Лукомскага і Друцкага княстваў, Аршанскае і Магілёўскае староствы і інш.). Буйнымі землеўладальнікамі былі кн. Галоўчынскія, Друцкія, Лукомскія, Сангушкі, Радзівілы, Хадкевічы і інш. Самыя вял. гарады ў 16—17 ст. Магілёў, Орша, Барысаў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) б.ч. павета (да р. Друць) адышла да Рас. імперыі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя, астатняя частка (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У складзе Рас. імперыі Аршанскі павет з 1773 — адзін з трох паветаў Аршанскай правінцыі, з 1777 непасрэдна ў Магілёўскай губ., павялічаны за кошт скасаванага Дубровенскага пав. У 1796—1802 у Беларускай губ., павялічаны за кошт паўд. часткі скасаванага Бабінавіцкага пав., потым зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. У 1840 да Аршанскага павета далучаны паўторна скасаваны Бабінавіцкі пав., у 1861 — частка скасаванага Капыскага пав., частка Аршанскага павета на левым беразе Дняпра ўключана ў новаўтвораны Горацкі пав. З крас. 1919 у Гомельскай, з ліст. 1920 у Віцебскай губ. РСФСР. У сак. 1924 усх. частка Аршанскага павета ўключана ў Смаленскую губ., рэшта перададзена БССР, дзе 17.7.1924 Аршанскі павет скасаваны і замест яго ўтворана Аршанская акруга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА (польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),
маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.
Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.
На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.
біяхімічныя, фізіял., генет. і інш. змяненні, што ўзнікаюць у жывых клетках і арганізмах пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. Дзеянне на арганізм залежыць ад віду і дозы выпрамянення, умоў апрамянення і размеркавання паглынутай дозы ў арганізме, фактару часу апрамянення, выбіральнага пашкоджання крытычных органаў, а таксама ад функцыян. стану арганізма перад апрамяненнем. Асн. вынікам узаемадзеяння іанізавальных выпрамяненняў са структурнымі элементамі клетак жывых арганізмаў з’яўляецца іанізацыя, якая прыводзіць да індуцыравання розных хім. і біял. рэакцый ва ўсіх тканкавых сістэмах арганізма. Радыебіял. працэсы, што ідуць на ўзроўні клеткі, ідэнтычныя для чалавека, жывёл і раслін. Адрозненне паміж імі выяўляецца на ўзроўні арганізма. Вылучаюць 2 асн. класы радыебіял. эфектаў: саматычныя (да іх належаць рэакцыі элементаў біясістэмы, што ідуць на працягу ўсяго антагенезу) і генет. (змены, якія рэалізуюцца ў наступных пакаленнях). Да саматычных належаць: радыяцыйная стымуляцыя, радыяцыйныя парушэнні, прамянёвая хвароба, паскарэнне тэмпаў старэння, скарачэнне працягласці жыцця, гібель арганізма. Генетычныя (ці мутагенныя) эфекты іанізавальных выпрамяненняў найбольш небяспечныя. Уздзейнічаючы на ДНК саматычных і генератыўных клетак, іанізавальныя выпрамяненні могуць выклікаць мутацыі, злаякасныя перараджэнні клетак. Ступень біялагічнага дзеяння іанізавальных выпрамяненняў залежыць і ад радыеадчувальнасці: маладыя арганізмы больш адчувальныя да выпрамяненняў, паўлятальная доза (D50) для большасці млекакормячых не перавышае 4—5, для некаторых раслін дасягае 30—40 і больш за сотню грэй. У арганізмах вылучаюцца крытычныя органы, якія першыя рэагуюць на іанізавальныя выпрамяненні: у чалавека і жывёл гэта касцявы мозг, эпітэлій страўнікава-кішачнага тракту, эндатэлій сасудаў, хрусталік вока, палавыя залозы; у вышэйшых раслін — утваральныя тканкі (мерыстэмы). Асобнае месца пры ўздзеянні на біясістэмы належыць малым дозам іанізавальных выпрамяненняў, якія пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ператварыліся ў паўсядзённы фактар асяроддзя на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі, Украіны, Расіі. Рэгулёўнае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў шырока выкарыстоўваецца ў медыцыне (рэнтгенадыягностыка, радыетэрапія, выкарыстанне ізатопных індыкатараў і інш.), сельскай гаспадарцы (радыяцыйны мутагенез і інш.).
Літ.:
Кудряшов Ю.Б., Беренфильд Б.С. Основы радиационной биофизики. М., 1982;
Кузин А.М. Структурнометаболическая теория в радиобиологии. М., 1986;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Гродзинский Д.М. Радиобиология растений. Киев, 1989;
Гудков И.Н. Основы общей и сельскохозяйственной радиобиологии. Киев, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст.Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл.Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ.калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл.Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл.Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл.Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ПАСЯЛЕ́ННІ,
асобая арганізацыя войск у Рас. імперыі ў 1810—57, якія сумяшчалі ваен. службу з с.-г. працай. Уведзены па ініцыятыве імператара Аляксандра I з мэтай самазабеспячэння арміі харчаваннем і фуражом, адмаўлення ў мірны час ад рэкруцкіх набораў і стварэння ізаляванай ад цывільнага насельніцтва ваен. касты, якая служыла б апорай самадзяржаўна-прыгонніцкага ладу. Стварэнне ваенных пасяленняў было даручана графу А.А.Аракчэеву (з 1817 афіц. начальнік ваенных пасяленняў). З’яўляліся адной з праяў аракчэеўшчыны. Размяшчаліся на казённых землях. Першае доследнае ваеннае пасяленне ўтворана ў 1810 на тэр.б. Бабылецкага староства Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ.Пасля высялення на Украіну 667 сем’яў мясц.дзярж. сялян тут быў размешчаны асабовы склад Ялецкага пях. палка. Жанатыя салдаты і унтэр-афіцэры, якія праслужылі не менш як 6 гадоў, надзяляліся зямлёй, атрымлівалі найменне «гаспадароў» і павінны былі весці гаспадарку. У дапамогу да «гаспадароў» падсяляліся «пастаяльцы» з непаселеных батальёнаў палка. Сыны ваен. пасялян залічваліся ў кантаністы. З 1816 ваенныя пасяленні ствараліся ў шырокіх маштабах. Урад адмовіўся ад перасялення мясц. жыхароў і ўключаў іх у ваенныя пасяленні ў якасці «гаспадароў» ці «пастаяльцаў». На Беларусі ў 1817 па суседстве з Ялецкім палком быў размешчаны Полацкі пях. полк. Да 1825 ваен. пасяляне, размешчаныя ў Наўгародскай, Пецярбургскай, Магілёўскай, Херсонскай, Слабодска-Украінскай і Екацярынаслаўскай губ., склалі больш за 11% пяхоты і каля 26% кавалерыі. Некаторая рэарганізацыя праведзена ў 1826 паводле «Палажэння аб поўным складзе паселенага пешага палка і яго абавязках». Стварэнне ваенных пасяленняў не мела поспеху: пасяляне не здольны былі забяспечыць сябе харчаваннем і карысталіся дзярж. дапамогай; кантаністы ўзнаўлялі нязначную частку натуральнага змяншэння асабовага складу; замест апоры самадзяржаўя ваенныя пасяленні сталі асяродкам масавага антыпрыгонніцкага руху (паўстанні Чугуеўскага і Таганрогскага уланскіх палкоў 1819, ваен. пасялян у Старой Русе Наўгародскай губ. 1831). Паводле рэформы ваенных пасяленняў пях. пасяляне пераводзіліся ў ворныя салдаты (на Беларусі ў 1836). Кавалерыйскія ваенныя пасяленні праіснавалі да 1857, ліквідаваны разам з акругамі ворных салдатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс.чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.