прыкрыцца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.
1. Накрыцца, пакрыцца чым‑н. Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я і ўжо збіраўся, як заўсёды, прыкрыцца газетаю і падрамаць з гадзінку. Арабей. Ліда ляжала на пасцелі, прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю. Колас. Калгасны вартаўнік Максім, які сачыў за ўсім гэтым, лёг на посцілку, зверху прыкрыўся. Сабаленка. // Разм. Апрануцца збольшага. [Даміра:] — Бачыш, дзеўкі ў шаўках сядзяць. А пасля вайны прыкрыцца не было чым. Асіпенка. Не меў ён [Музыка] ні двара, Ні гароду; Толькі сярмяжку старую, — Прыкрыцца калі ў непагоду, — І жалейку жывую. Танк.
2. Засланіцца, загарадзіцца чым‑н. Увішны вадзіцель дае поўны ход назад, скіроўвае ўбок, пад мост, каб прыкрыцца ад агню. Гурскі. Насустрач выбеглі кіпарысы: «Ад нашага сонца, таварыш, прыкрыйся». Панчанка.
3. перан. Схаваць, замаскіраваць свае дзеянні, намеры. А я — паехаў, кінуў сябра, выкруціўся ад свайго дзяжурства, прымусіў Казіміра пайсці на варту, хоць чарга была мая. І чым прыкрыўся! Вельмі, маўляў, трэба пабачыць Валю, памагчы, пагаварыць з ёю. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)