пру́гкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка прымае першапачатковую форму пасля сціскання або згінання. Пругкі мяч. □ На пругкім луку, выгнутым з ляшчыны, яшчэ пяе ледзь чутна цеціва. А. Вольскі. Ледзь-ледзь пакалыхваючыся буйным калоссем на пругкіх сцяблах, застыгла зялёнае возера пшаніцы. Сіўцоў. // Які не паддаецца сцісканню, згінанню. Лёня памятае яго — гладкага здаравілу .. ў ботах-«дудках» з такімі пругкімі халявамі, што, не разуўшыся, казалі, у іх нельга было прысесці. Брыль. Тыя, хто прыехаў учора, распакаваўшы чамаданы, пазасцілалі падсіненымі, пругкімі ад крухмалу пр[осціна]мі свае ложкі. Шахавец.

2. Не друзлы, не вялы; крамяны, моцны. Пругкія мускулы. Пругкая скура. □ Гамыра адвязаў каня, пагладзіў па крутой і пругкай шыі рукою знатака. Колас.

3. Лёгкі, спружыністы (пра рухі). Пругкі крок. □ Сабака пругкім скокам.. памчаў па крутой, звілістай сцежцы. Самуйлёнак.

4. Які мае вялікую сілу ціску; моцны. Раздзеўшыся, [студэнты] пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным пругкім струменем, які сек цела. Карпаў. [Палянцаў] туліўся ад халоднага пругкага ветру і часта хапаўся за свой капялюш, каб яго не сарвала. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)