ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,

дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч. Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць там ваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БССР ПРЫ САВЕ́ЦЕ МІНІ́СТРАЎ СССР (Пастпрэдства БССР),

орган сувязі БССР з урадам СССР. Знаходзілася ў Маскве. Створана паводле пастановы ВЦВК РСФСР у ліп. 1923. Палажэнне аб Пастпрэдстве БССР прынята ЦВК і СНК БССР у кастр. 1924 (новае Палажэнне — у 1948). Асн. задачы Пастпрэдства — правядзенне ў вышэйшых органах СССР прапаноў БССР, забеспячэнне ўдзелу БССР у дзейнасці органаў Саюза, абарона інтарэсаў рэспублікі ў складзе СССР, расшырэнне і ўмацаванне сувязей БССР з саюзнымі рэспублікамі і інш. Функцыі органа абмяжоўваліся пытаннямі, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР знаходзіліся ў распараджэнні БССР ці ў сумесным распараджэнні Саюза і рэспублікі (з 1924 т.зв. аб’яднаныя, з 1936 саюзна-рэсп. галіны кіравання). Аб’ём паўнамоцтваў Пастпрэдства ў розныя гады мяняўся ў залежнасці ад аб’ёму правоў БССР як саюзнай рэспублікі (іх звужэння або пашырэння). Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) прадстаўніцтва стала называцца Пастаянным прадстаўніцтвам СМ БССРвер. 1991 Рэспублікі Беларусь) пры Кабінеце Міністраў СССР. Спыніла існаванне ў снеж. 1991 у сувязі з распадам СССР.

Літ.:

Крохоткин А.М. Постоянные представительства — органы связи Советов Министров союзных республик с Советом Министров СССР // Сов. государство и право. 1962. № 11.

А.​У.​Лібезін.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА ў машынах,

механізм, які служыць для перадачы энергіі (мех. вярчальнага руху) ад вядучага звяна (элемента) да вядзёнага, як правіла, з пераўтварэннем скорасці і адпаведнай зменай вярчальнага моманту. Пры дапамозе П. ў розных прыводах часам пераўтвараюць вярчальны рух у паступальны, мяняюць напрамак руху, прыводзяць у рух некалькі механізмаў ад аднаго рухавіка. Адрозніваюць гідраўлічныя перадачы, мех., пнеўматычныя, эл. і камбінаваныя (напр., гідрамеханічныя перадачы).

Да механічных П. адносяцца зубчастыя перадачы (у т. л. галоўныя перадачы, планетарныя перадачы), раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, ланцуговыя перадачы, чарвячныя перадачы (у т. л. глабоідныя перадачы), вінтавыя перадачы і інш. Такія П. бываюць са ступеньчатым і бесступеньчатым (гл. Бесступеньчатая перадача) рэгуляваннем перадатачных адносін. Мех. П. ўваходзяць як састаўныя часткі ў варыятары, каробкі перадач, мультыплікатары, рэдуктары, электрычныя прыводы і інш. Пнеўматычныя П. выкарыстоўваюцца пры вял. частотах вярчэння выхо́днага звяна (да 30 тыс. аб/мін); электрычныя П. дазваляюць перадаваць вял. магутнасці, маюць простую і зручную сістэму аўтам. рэгулявання, выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, асабліва ў прыводах цяжкіх трансп. машын. Асн. характарыстыкі П.: перадаваемы вярчальны момант, частата вярчэння на ўваходзе (або на выхадзе), перадатачны лік (адносіны вуглавых скарасцей вядучага і вядзёнага элементаў), ккдз. Гл. таксама Сілавая перадача.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,

нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв. с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.​А.​Ванееў, Г.​М.​Кржыжаноўскі, В.​В.​Старкаў, П.​К.​Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.​А.​Левашкевіч, В.​А.​Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.​І.​Паляк, Н.​І.​Занцэвіч і С.​М.​Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.

Літ.:

В.​И.​Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;

Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.

У.​Г.​Філякоў.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1740, 1743, 1764 паміж Расіяй і Прусіяй.

1) 27.12.1740 Расія і Прусія дамовіліся аб дружбе і ўзаемадапамозе ў выпадку нападу на іх трэцяй дзяржавы (але не тады, калі Расія ваявала з Турцыяй або Іранам, а Прусія — на З ад р. Везер у цэнтр. Германіі). Сакрэтнымі артыкуламі дзяржавы гарантавалі недатыкальнасць Курляндыі, абавязваліся не дапускаць умяшання трэціх краін у справы Рэчы Паспалітай, ахоўваць там правы праваслаўных і пратэстантаў.

2) 27.3.1743 Расія і Прусія ў асн. пацвердзілі ўмовы дагавора 1740, але гарантыі Прусіі не пашыраліся на землі Паўд.Усх. Фінляндыі, далучаныя да Расіі ў выніку вайны са Швецыяй (1741—43), а гарантыі Расіі — на Сілезію, захопленую Прусіяй у Аўстрыі.

3) 11.4.1764 Кацярына II пацвердзіла Пецярбургскі мірны дагавор 1762, але адмовілася ратыфікаваць саюзны трактат ад 19.6.1762. Расія і Прусія дамовіліся пра гарантыі адна адной еўрап. уладанняў і ваен. ўзаемадапамогу ў выпадку нападу на адну з краін.; 4 сакрэтныя і 1 сепаратны артыкулы выключалі ваен. дапамогу ў выпадку вайны Прусіі на З ад р. Везер, а Расіі — з Турцыяй, абвяшчалі абарону існуючых форм кіравання ў Швецыі, абавязвалі абодва бакі не дапускаць змен у канстытуцыі Рэчы Паспалітай і падтрымаць кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага на яе прастол.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНАЗО́ЎНІК,

службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).

Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).

Літ.:

Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІЯТРЫ́Я (ад псіха... + грэч. iatreia лячэнне),

раздзел медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, развіццё, клініку і дыягностыку, метады лячэння і прафілактыкі псіхічных хвароб. Як навука П. вылучылася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Навук.-тэарэт. аснова П. ў вучэнні І.П.Паўлава аб вышэйшай нервовай дзейнасці. Уключае таксама сац. аспекты: арганізацыю псіхіятрычнай дапамогі, рэабілітацыю хворых, адносіны псіхічна хворых з грамадствам, прававыя, эканам. і інш. Разглядае ўзнікненне і развіццё псіхічных хвароб у сувязі з парушэннем дзейнасці галаўнога мозга. Падзяляецца на агульную (вывучае асн. заканамернасці праявы і развіцця паталогіі псіхічнай дзейнасці, прыроду псіхапаталаг. працэсаў, прынцыпы класіфікацыі, праблемы аднаўлення, метады даследавання) і прыватную (даследуе асобныя псіхічныя хваробы). Цесна звязана з псіхатэрапіяй і псіхафармакалогіяй, таксама неўрапаталогіяй, паталаг. анатоміяй, псіхалогіяй, біяхіміяй. Асн. метад дыягностыкі ў П. — клінічнае даследаванне (вызначэнне псіхічнага статуса хворага), таксама дадатковая інфармацыя (лабараторныя тэсты, камп’ютэрная тамаграфія, рэнтгенаграфія і інш.). На Беларусі праблемы П. вывучаюцца і даследуюцца ў Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім і Гомельскім мед. інстытутах.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Каплан Г.И., Сэдок Б.​Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),

Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд. гіст.-філал. н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.​Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».

А.​А.​Семянчук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п. Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.​М.​Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.​А.​Альшанікаў), Грачушына (У.​А.​Яфрэменка), Клясціцы (С.​П.​Пархімовіч, І.​М.​Малахаў, Б.​Я.​Руба), Мілавіды (І.​М.​Марачкоўскі), Пірагі (У.​А.​Хамчаноўскі), Ражнова (М.​М.​Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац. улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.

Л.​А.​Папкоўскі.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТО́РЫЯ (ад грэч. historia апавяданне аб мінулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана),

гістарычная навука; у шырокім сэнсе — працэс развіцця ў грамадстве. У спецыфічным сэнсе гісторыя — навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусв.-гіст. працэсу і ўзаемадзеянняў этнапаліт. супольнасцей (гл. таксама Гістарычны працэс). Яна вызначае і тлумачыць канкрэтны ход і заканамернасці развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў самасвядомасці, у разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага развіцця.

Аб’ект пазнання гіст. навукі — уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з інш. грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная. Яна мае справу з усімі грамадскімі з’явамі, што вывучаюцца гэтымі навукамі. Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці. Унутраная аснова гіст. навукі — збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і аналіз ва ўзаемасувязі. Гісторыя абапіраецца на факты, у якіх адлюстраваны аб’ектыўныя працэсы развіцця грамадства; выкарыстоўвае шырокі спектр агульнанавук., спецыфічна гіст. метадаў (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны і інш.), у т. л. колькасныя метады даследавання. Як навука гісторыя павінна быць непрадузятым уваскрашэннем і аднаўленнем мінуўшчыны, а не судом над жыццём ці вынікамі дзейнасці продкаў для пацвярджэння якой-н. прыватнай паліт. і эканам. ідэі. Прыкладное значэнне гісторыі не адмаўляецца ў выпадках, калі ў ёй шукаюць тлумачэнне ці вытокі аб’ектыўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным жыцці. Гал. сац. функцыя гіст. навукі — навукова-пазнавальная (канкрэтнае навук. вывучэнне ўсяго шляху грамадскага развіцця ад старажытнасці да сучаснасці, якое дае фундаментальныя тэарэт. навук. веды).

У глыбокай старажытнасці назапашванне гіст. ведаў вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з аглядам гіст. падзей вядомы ў дзяржавах Стараж. Усходу (канец 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.). Вялікі ўклад у распрацоўку гіст. уяўленняў пакінулі ант. гісторыкі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт, Палібій, Плутарх у Стараж. Грэцыі; Лівій, Тацыт, Апіян у Стараж. Рыме). У першыя стагоддзі н.э. з’явіліся стараж. арм. і груз. гіст. творы. У 10 ст. ўзнікла стараж.-рус. гіст. л-ра. Сярэдневяковыя зах.-еўрап. гіст. веды мелі даволі складаную структуру і падзяляліся (у залежнасці ад крыніцы) на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Цесна звязаная з тэалогіяй, гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам. У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты. У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як на працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва (Вальтэр, Э.Гібан і інш.). Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з ням. філосафамі і гісторыкамі 18—19 ст. (І.Г.Гердэр, І.Кант і інш.), з франц. гісторыкамі Ф.П.Г.Гізо, А.Мінье, А.​Цьеры. Тэарэт.-філас. асэнсаванне сусв.-гіст. працэсу зроблена Г.Гегелем; галоўнае ў яго канцэпцыі — дыялектычны прынцып развіцця. У сярэдзіне 19 ст. К.​Маркс і Ф.​Энгельс распрацавалі матэрыяліст. дыялектыку. У аснове марксісцкага аналізу гісторыі — гістарызму прынцып, вучэнне аб фармацыях грамадска-эканамічных. Сярод гісторыкаў Расіі ў сярэдзіне 19 ст. традыцыйнымі былі спрэчкі паміж славянафіламі (І.С.Аксакаў і К.С.Аксакаў, І.В. і П.​В.​Кірэеўскія і інш.) і заходнікамі (П.​В.​Аненкаў, Ц.М.Граноўскі, К.​Дз.Кавелін, С.М.Салаўёў і інш.). У гіст. навуцы і філасофіі вядучых краін Еўропы (акрамя Германіі) і ЗША ў 2-й пал. 19 ст. панавала тэорыя пазітывізму (А.Конт, Г.Спенсер, Г.Т.Бокль, Дж.​У.​Дрэйпер, Г.​Ч.​Лі, Дж.​Р.​Грын, К.​Лампрэхт і інш.). Яе прадстаўнікі звярталіся да ідэі эвалюц. развіцця чалавецтва, аднолькавую ўвагу аддавалі пытанням эканомікі, сац. жыцця і культуры. На мяжы 19—20 ст. на фарміраванні ўяўленняў аб гісторыі адбіліся погляды Ф.Ніцшэ, які адмаўляў аб’ектыўную заканамернасць гіст. развіцця, прапаноўваў ідэю развіцця па крузе. У гэты час праявіліся таксама неакантыянства, неагегельянства, эмпірыякрытыцызм. У 1920—30-я г. пашырыўся неапазітывізм. У 1930—60-я г. папулярнымі былі ідэі англ. даследчыка А.​Дж.Тойнбі, які разглядаў сусв. гіст. працэс як з’яднанне волі і неабходнасці. У Сав. Саюзе ў 1920-я — пач. 1990-х г. гіст. навука знаходзілася пад уплывам марксізму-ленінізму. Пасля 2-й сусв. вайны пашыранымі сталі погляды на гісторыю з пазіцый неатамізму, ірацыяналізму і канцэпцыі экзістэнцыялізму. Значны ўплыў на развіццё гіст. навукі ў Зах. Еўропе мела франц. «Аналаў» школа. Апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. адзначаны крызісам гіст. навукі ў Еўропе і Амерыцы; папулярнымі сталі гіст. антрапалогія, канцэпцыя «маральнай эканомікі» Э.​Томпсана, тэорыя «культурнай гегемоніі» А.​Грамшы і інш.

Развіццё ўяўленняў пра гісторыю ў Беларусі, якая знаходзілася на мяжы культ. уплываў, адбывалася ў сувязі з культ.-паліт. працэсамі. Да 14 ст. мясц. гіст. свядомасць тут развівалася пад уплывам візантызму з яго артадаксальна-правасл. формай ідэалогіі. Пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду — летапісы, хронікі, жыціі, у якіх спалучаліся рацыянальнае і эмацыянальнае асвятленне гісторыі, правідэнцыялізм, дакументальна-дзелавое і маст. апісанне гіст. падзей. У 15—18 ст. гіст. веды і ўяўленне пра гісторыю ў Беларусі фарміраваліся пад уплывам еўрап. культ. традыцыі: хронікі, гіст.-мемуарная л-ра (дыярыушы), прадмовы Ф.Скарыны, «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, публіцыстычныя творы, розныя зборнікі аповесцей і навел, якія ўспрымаліся тагачаснымі чытачамі як цалкам гістарычныя. Скарына ацэньваў развіццё грамадства пад уплывам хрысціянскіх абстрактна-гуманіст. прынцыпаў чалавекалюбства і справядлівасці, хоць і не адмаўляў існавання ў грамадстве класавых процілегласцей. Пазней яго ідэі ўзбагаціліся і канкрэтызаваліся ў творах М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, А.Волана і інш. Гіст. погляды 18 ст., нягледзячы на некат. праявы патрыят. («краёвай») думкі, вызначаліся паланафільствам, сувяззю з ідэямі мысліцеляў-асветнікаў Еўропы. Станаўленне гіст. ведаў у Беларусі на ўзроўні навук. асэнсавання адбылося ў 19 ст. Тэарэт. пытанні агульных падыходаў да разумення гісторыі ў бел. гіст. навуцы ўпершыню ўзняты ў працах М.В.Доўнар-Запольскага.

Гісторыя як навука ў працэсе свайго развіцця падзялілася на цесна звязаныя паміж сабой спецыялізаваныя часткі. Гісторыя грамадства ў цэлым (гл. Усеагульная гісторыя) на аснове характэрных рыс прынята падзяляць на эпохі: гісторыю першабытнага грамадства, гісторыю стараж. свету, сярэдневяковая гісторыя (медыявістыка), новая і навейшая гісторыя. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на гісторыю вялікіх гістарычна звязаных паміж сабой рэгіёнаў (гісторыю Еўропы, гісторыю Лацінскай Амерыкі і інш.) і гісторыю асобных краін і народаў (гісторыю Беларусі, гісторыю Расіі, гісторыю Германіі і інш.); паводле комплексных праблем, калі даследуюцца з’явы, уласцівыя групам краін і народаў (гісторыю Адраджэння, гісторыю Рэфармацыі) і інш. У залежнасці ад таго, які бок або з’ява грамадскага жыцця вывучаецца, вылучаюць сац.-эканам. гісторыю, паліт. гісторыю, ваен. гісторыю, гісторыю мастацтва і інш. Да гісторыі адносяцца таксама спец. (дапаможныя) гіст. навукі: крыніцазнаўства, археаграфія, дыпламатыка, храналогія, сфрагістыка, генеалогія, геральдыка, нумізматыка, гістарыяграфія і інш. Самаст. месца займаюць археалогія і этнаграфія.

Літ.:

Ерофеев Н.А. Что такое история. М., 1976;

Болингброк. Письма об изучении и пользе истории: Пер. с англ. М., 1978;

Блок М. Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ. М., 1991;

Февр Л. Бои за историю: Пер. с фр. М., 1991;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;

Философия и методология истории: Сб. ст. М., 1977;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Ленін У.Л. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);

Carr E.H. What is history? London, 1961;

Schieder T. Geschichte als Wissenschaft. München;

Wien, 1968;

Topolski J. Metodologia historii. 3 wyd. Warszawa, 1984.

А.​Г.​Каханоўскі.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)