Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2-3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тваро́г ’прадукт харчавання з кіслага малака пасля адтоплівання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), тво́раг ’тс’ (Нас., Нік. Очерки, Касп., Растарг.), ’густыя часці малака’ (Ласт.), тво́рах ’тс’ (полац., Нар. сл.), творо́г, творі́х, твору́г, атваро́г, отворо́г ’малочная тварожная маса; страва з такой масы, размешанай са смятанай або малаком’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. дыял. тва́рог ’тварожная маса’, рус. тво́ро́г ’тс’, польск. twaróg, н.-луж. twarog, в.-луж. twaroh, чэш., славац. tvaroh, ст.-слав. тварогъ. Існуе некалькі версій паходжання слова. Згодна з асноўнай версіяй, прасл. (дыял.?) *tvarogъ/*tvorogъ ’тварог’ утворана ад асновы *tvar‑/*tvor‑ ’твор, форма’ з дапамогай суфікса *‑og‑ъ (ён жа ў *pirogъ ’пірог’, *ostrogъ ’астрог’), аснова слова звязана з *tvoriti ’тварыць, надаваць форму’, гл. твары́ць1. Адносна развіцця семантыкі параўн. італ. formaggie ’сыр’, франц. formage ’тс’ < нар.-лац. formaticum ’тс’ < лац. forma ’форма’ (Фасмер, 4, 31, Брукнер, 586; Слаўскі, SP, 1, 67; Шустар-Шэўц, 1563; Борысь, 656; ЕСУМ, 5, 530–531; Чарных, 2, 231). Паводле іншых версій, лічыцца роднасным да грэч. τυρός ’сыр’, авест. tūiri‑ ’сселае малако’ (адносна гэтай версіі гл. Гамкрэлідзэ–Іваноў, 570 і інш.), а таксама мяркуецца, што можа быць запазычаннем з цюркскіх моў, параўн. чагат. торак ’сыр’ (Махэк₂, 662; Міклашыч, 366 і інш.; ЕСУМ, 5, 530–531; Чарных, 2, 231; Брукнер, 586). Версію пра славянскае паходжанне, якая грунтуецца і на палескім матэрыяле, прапанаваў Страхаў (Palaeoslavica, 13, 2, 19): у выніку перараскладання *ot‑variti ’аттапіць, адварыць’ > *o‑tvariti, параўн. балг. изва́ра, отва́ра ’тварог’, чэш. svaroh ’тс’ (< svařiti se ’зварыцца’), рус. дыял. сваро́к ’тварог’, адкуль палес. атварог і пазнейшыя формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АКІЯНАЛО́ГІЯ

(ад акіян + ...логія),

акіянаграфія, сукупнасць навуковых дысцыплін аб фізічных, хімічных, геалагічных і біялагічных працэсах у Сусветным акіяне. Гал. задачы акіяналогіі: высвятленне агульных заканамернасцяў прыроды акіяна, вывучэнне трансфармацыі і абмену рэчываў і энергіі ў акіянскіх водах і ахова іх ад забруджвання, выкарыстанне харчовых, хім. і энергет. рэсурсаў акіяна, распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў надвор’я на Зямлі, папярэджанне катастрафічных з’яў, звязаных з акіянамі, забеспячэнне эфектыўнасці і бяспекі надводнага і падводнага мараплавання.

Першымі даследчыкамі акіянаў былі стараж. мараплаўцы. Стараж.-грэч. вучоныя Герадот, Арыстоцель, Гіпарх і інш. выказвалі меркаванні аб адзінстве Атлантычнага і Індыйскага акіянаў, кругавароце вады ў прыродзе, прылівах і інш. з’явах. Перыяд інтэнсіўнага вывучэння звязаны з эпохай Вял. геагр. адкрыццяў (сярэдзіна 15—18 ст.; Х.Калумб, Ф.Магелан, Дж.Кук і інш.). Важныя вынікі атрыманы рус. Антарктычнай экспедыцыяй Ф.Белінсгаўзена і М.Лазарава на суднах «Усход» і «Мірны» (1820) і першай комплекснай акіянаграфічнай экспедыцыяй на карвеце «Чэленджэр» (1872—76; Дж.Мерэй склаў першую карту акіянскіх глеяў). Даследаванні розных ч. Сусветнага ак. праводзілі С.Макараў на «Віцязі» (1886—89) і ледаколе «Ярмак» (1899, 1901), Ф.Нансен на «Фраме» (1891—96), ням. экспедыцыя на «Метэоры» (1925—27), Антарктычная англ. экспедыцыя на «Дысковеры 11» (1929—39) і інш. Пасля 2-й сусв. вайны акіяналогія становіцца адной з важных навук у сувязі з пачаткам выкарыстання рэсурсаў Сусветнага акіяна. Даследаванні акваторыі акіяна, складанне схемы рэльефу дна праводзяць н.-д. экспедыцыі розных краін (амер. з 1956 «Віма», з 1957 «Атлантык»; рус. з 1957 «Віцязь», з 1967 «Акадэмік Кніповіч», з 1974 «Дзмітрый Мендзялееў» і інш.). Грунтуецца акіяналогія на фактычных даных вымярэнняў, атрыманых з суднаў надвор’я, дрэйфуючых аўтам. гідраметэаралагічных станцый і акіянаграфічных платформаў, штучных спадарожнікаў Зямлі і падводных лабараторый. У сучаснай акіяналогіі пашыраны матэм мадэліраванне фіз., хім. і біял. працэсаў, даследаванне зменлівасці іх на падставе тэорыі імавернасці і матэм. статыстыкі.

Фізіка акіяна даследуе фіз. працэсы ў акіянскіх і марскіх водах, заканамернасці ўзаемадзеяння акіяна і атмасферы; хімія акіяна вывучае хім. ўласцівасці, састаў, фіз. і хім. працэсы водаў; геалогія акіянапаходжанне ложа акіяна, яго эвалюцыю і будову, рэльеф дна, заканамернасці ўтварэння карысных выкапняў; біялогія акіяна — жывёльны і раслінны свет акіянаў і мораў, фарміраванне біял. прадукцыйнасці акіянскіх і марскіх водаў. Вылучаюць акіяналогію рэгіянальную, якая займаецца фізіка-геагр. і эканоміка-геагр. даследаваннем акіянаў і мораў; прамысловую, звязаную з акіяналагічным забеспячэннем марскіх промыслаў; спадарожнікавую (касмічную), якая атрымлівае вымярэнні разнастайных параметраў акіяна са штучных спадарожнікаў. Акіянскія даследаванні каардынуюцца Навук. к-там па акіянскіх даследаваннях, Міждзярж. акіянаграфічнай камісіяй пры ЮНЕСКА, нац. гідраметэацэнтрамі і н.-д. Ін-тамі.

А.М.Вітчанка.

т. 1, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕ́ТЫКА

(ад грэч. genesis паходжанне),

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых арганізмаў і метады кіравання імі. Цесна звязана з малекулярнай біялогіяй, цыталогіяй, эвалюцыйным вучэннем, селекцыяй. У залежнасці ад аб’екта вывучэння адрозніваюць генетыку мікраарганізмаў, раслін, жывёл, чалавека, ад узроўню даследаванняў — малекулярную генетыку, цытагенетыку, біяхім., папуляцыйную і інш. Ідэі і метады генетыкі выкарыстоўваюць для вырашэння праблем медыцыны, сельскай гаспадаркі, мікрабіял. прам-сці.

Асновы генетыкі закладзены аўстр. натуралістам Г.Мендэлем, які адкрыў законы спадчыннасці (1865), і амер. навук. школай У.Моргана, што абгрунтавала храмасомную тэорыю спадчыннасці (1910-я г.). Вял. значэнне для развіцця генетыкі мелі працы амер. вучоных Г.Мёлера, А.Стэртэванта, Дж.Бідла, Дж.Уотсана, англ. генетыкаў Дж.Холдэйна, Ф.Крыка, ням. даследчыкаў Э.Баўра, С.Штубе, шведа Г.Нільсана-Эле. У СССР у 1920—30-я г. значны ўклад у генетыку зрабілі працы М.І.Вавілава, М.К.Кальцова, С.С.Чацверыкова, А.С.Сераброўскага, М.П.Дубініна і інш. З сярэдзіны 1930-х г., асабліва пасля 1948, сав. генетыцы былі навязаны погляды Т.Дз.Лысенкі (ён беспадстаўна называў сваё вучэнне мічурынскім), што да 1965 фактычна прыпыніла развіццё генетыкі; яна была аб’яўлена лжэнавукай, шальмаваліся вучоныя гэтых поглядаў, закрыліся буйныя генетычныя школы. За гэты час хуткае развіццё генетыкі за мяжой, асабліва малекулярнай генетыкі ў 2-й пал. 20 ст., дазволіла раскрыць структуру генетычнага матэрыялу, пазнаць механізмы яго функцыянавання.

На Беларусі першыя селекцыйна-генетычныя даследаванні праводзіў у 2-й пал. 19 ст. Горы-Горацкім земляробчым ін-це М.В.Рытаў. Развіццё генетыкі звязана з імёнамі вучоных А.Р.Жэбрака, А.М.Іпацьева, М.В.Турбіна, П.Ф.Ракіцкага, Л.У.Хатылёвай, У.К.Саўчанкі, Г.М.Палілавай, А.У.Канстанцінава, У.Я.Борматава, Г.І.Лазюка, Г.В.Краскоўскага і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў Мін-ва аховы здароўя, н.-д. ін-тах земляробства і кармоў, жывёлагадоўлі, Горацкай с.-г. акадэміі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, мед. ін-тах і інш. Вывучаюцца генет. прынцыпы селекцыі раслін на гетэрозіс, механізмы фарміравання цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, тэарэт. асновы генетыкі паліплоідных папуляцый. Распрацоўваюцца генет. асновы селекцыі раслін, жывёл і мікраарганізмаў, метады павышэння прадукцыйнасці культурных раслін і с.-г. жывёл, пытанні малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі, папуляцыйнай генетыкі, імунагенетыкі, генетыкі чалавека, пухліннага росту, лячэння спадчынных хвароб (гл. Генетыка медыцынская). Вывучаюцца генетычныя вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Жученко А.А. Экологическая генетика культурных растений: (Адаптация, рекомбиногенез, агробиоценоз). Кишинев, 1980;

Актуальные вопросы прикладной генетики в животноводстве. М., 1982;

Бочков Н.П., Захаров А.Ф., Иванов В.И. Медицинская генетика. М., 1984;

Айала Ф., Кайгер Дж. Современная генетика: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987.

А.Г.Купцова.

т. 5, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі, 1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст. эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.Рошэр, Б.Гільдэбранд, К.Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.Шмолер, К.Бюхер, Л.Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.Вебер, В.Зомбарт і інш.).

2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.Ф.Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.Н.Спяранскага, К.Шамбінагі, Б.М.Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар. паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.Янчук і Я.Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.

Літ.:

Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.

А.С.Ліс, А.А.Цітавец (у палітэканоміі).

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,

этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.Маркса і Ф.Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.І.Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.

Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.Ростаў). У сучаснай зах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).

Літ.:

Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;

Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;

Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969;

Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жыга́ць ’калоць, кусаць, апякаць, бліскаць’, жага́ць (кліч., Жыв. сл., 126), жэ́гаць (барыс., Шатал.) ’бліскаць; смаліць’, жо́гаць ’удараць’ (КТС). Рус. дыял. жи́гать, жага́ть ’кусаць, джаліць, калоць; пячы (аб крапіве); кідаць, біць’, укр. жига́ти ’апякаць; кусаць, калоць’, в.-луж. žahać ’абпальваць, пратраўляць’, чэш. žihati ’апальваць, распальваць, бліскаць’, žáhati ’паліць, рабіць жар’, славац. žihať ’паліць, калоць, кусаць’, žíhať ’апякаць’, славен. ‑žagati, ‑žigati (у прэфіксальных утварэннях), серб.-харв. жи́гати (у прэфікс, утварэннях ‑жизати) ’калоць (пра боль), пячы, паліць’. Ст.-слав. ‑ѫизати, ‑жагати (у спалучэнні з прэфіксамі) ’паліць, абпальваць’. Ст.-рус. жигати ’паліць’, у прэфіксальных утварэннях таксама ‑жизати, ‑жагати ’паліць’. Параўн. палаб. zazăt ’паліць’, н.-луж. žagliś ’гарэць’, в.-луж. žehlić ’гарэць’, рус. дыял. жа́грить ’моцна паліць (печ)’, серб.-харв. жа̏грити ’паліць’, польск. дыял. żagawka ’куслівае насякомае’. Безлай (Jezik in slovstvo, 16, 1970/71, 4, 94–95) пастуліруе старажытнасць як žigati, так і žagati, што мае дастатковае абгрунтаванне, таму бел. жыгаць і жагаць не вынік нядаўніх фанетычных працесаў, а рэфлекс старажытных форм. Паходжанне кораня няяснае. Лічаць з і.-е. *dheg​k‑ ’гарэць’, аб чым гл. жгаць1, аднак прапанаваныя рашэнні нельга лічыць канчатковымі. Вакалізм кораня ўказвае на розныя чаргаванні: > > *a; > *i; > ь > ∅ > e > e/o; ō > а: жэгаць, жагаць, жыгаць, жгаць, жэгаць, укр. згага (гл. жага); два з іх прадстаўлены ў формах жыгаць, жагаць. Аб вакалізме жегѫ гл. яшчэ Іванаў, Славянский, балтийский і раннебалканский глагол, 1981, 129. Адносна кансанантызму ці не трэба бачыць у *gēg‑ > *žag‑ і г. д. рэдуплікацыю кораня, выкліканую экспрэсіўна-інтэнсіфікуючымі момантамі? Такім коранем мог быць *g​her‑ (параўн. гарэць, грэць, гаршок, гарачы), тым больш што ‑р‑ у серб.-харв. жа̏грити ’паліць’ тлумачаць (Скок, 3, 674) як «устаўное», магчыма, ад грејати ’грэць’; параўн. яшчэ жэгліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печерицячепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)