Гнеў ’гнеў’ (БРС). Параўн. рус. гнев, укр. гніе, чэш. hněv, в.-луж. hněw, н.-луж. gniw, балг. гняв, макед. гнев, ст.-слав. гнѣвъ і г. д. Прасл. *gněvъ. Гэта вытворнае ад дзеяслова gněvati (sę) ’гнявіць, гневацца’ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 6, 170). Паходжанне самога дзеяслова не вельмі яснае. Агляд версій гл. у Трубачова, там жа, 168–170. Параўн. яшчэ Мартынаў, ЭИРЯ, Н, 1962, 55–57. Фасмер (1, 420), улічваючы рус. дыял. гнев ’гніль’, ц.-слав. гнѣвъ ’тс’, лічыў магчымай роднасць з *gniti ’гніць’. Да *gněvъ адносяцца і шматлікія вытворныя яшчэ праславянскай эпохі: гне́ўны, гняві́ць і інш. (прасл. *gnevьnъ, *gněviti і г. д.; агляд гл. у Трубачова, там жа, 168–170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. kontti ’карзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotiti ’каціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́на, абалоніна, бальна, бальніна ’знешнія вільготныя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой’ (Шат., Сцяшк.) абалонка, абалонь ’верхнія слаі драўніны з жывымі яшчэ клеткамі’ (Бяльк., Касп., Яруш.), абалонь ’тс’ (Маш., Янк. I, КЭС), оболона ’тс’ (КСТ), абалонь ’гадавыя кольцы на пні дрэва’, абалоністы ’зроблены з верхніх слаёў дрэва’ (Шат.). Рус. болонь, заболонь (= бел. абалонь), чэш. blána, oblana ’тс’. Іншыя славяне, відаць, гэтага слова не ведаюць. Ці не балтызм? Параўн. літ. bálnis ’ачэсанае ад кары дрэва’ (∼ bálnis ’белы, белая масць’). Семантычная паралель: польск. biel ’абалонь’. Укр. болона, польск. błona, чэш. blána і г. д. у значэнні ’тонкая плеўка’, мабыць, сюды не адносяцца; гл. абалонка. Параўн. балонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свая́к, ‑а, м.

Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЗААБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

аб’ядноўвае любоўную, сямейную і сац.-бытавую лірыку. Яна адпавядае больш высокаму ўзроўню развіцця свядомасці, светапогляду і светаразуменню народа. Першыя запісы пазаабрадавай паэзіі адносяцца да 17 ст. У нар. лірычнай песні адлюстраваліся філасофскія, гуманістычныя і маральна-этычныя ўяўленні народа пра ідэал узаемаадносін паміж людзьмі.

Любоўная лірыка вызначаецца падборам пэўнага тэматычнага матэрыялу і ідэйнай накіраванасцю лірычнай песні. У ёй праз маст. сродкі раскрываецца складаны ўнутр. свет чалавека, яго перажыванні. Ідэя любоўных песень — абараніць каханне ад перашкод і варожых яму з’яў. Гал. аб’екты самавыражэння лірычнага героя — каханая ці каханы, прырода, што з’яўляецца даверанай асобай у каханні, радзіма, уласнае жыццё і інш., якія ўвасабляюцца і разглядаюцца як самастойна існуючыя з’явы. Моцная эмацыянальная афарбоўка любоўнай песні ствараецца глыбокім роздумам героя, смуткам, меланхоліяй, філасофскімі разважаннямі, карцінамі прыроды.

Сямейная лірыка адлюстроўвае сялянскі побыт, гаспадарча-земляробчую працу, мары пра шчасце, а таксама маральна-этычныя праблемы і звычаёвыя прававыя нормы сумеснага жыцця. У песнях пра жыццё ў сям’і лірычная гераіня — найчасцей маладая замужняя жанчына, якая сумуе па сваёй роднай старонцы, бацьках, а таксама з прычыны крушэння надзей, што звязваліся са шлюбам.

Сацыяльна-бытавыя песні паказваюць побыт і гісторыю народа на працягу некалькіх стагоддзяў. Да іх адносяцца казацкія, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, бурлацкія і інш. песні. Для іх характэрны востра-сац. змест і грамадская накіраванасць. Узнікненню і шырокаму бытаванню на Беларусі казацкіх песень паклала пачатак паўстанне пад кіраўніцтвам Б.​Хмяльніцкага ў 17 ст. Бел. рэкруцкія песні ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Яны адлюстроўвалі провады рэкрута на пажыццёвую ваен. службу, развітанне з бацькамі, каханай, блізкімі, таму гучаць як хаўтурныя галашэнні. Дарожныя пакуты гандлёва-возніцкага промыслу нарадзілі чумацкія песні з матывамі небяспекі, голаду, хваробы, адрыву ад сям’і. У бурлацкіх песнях тэмы галечы, бяспраўя, здзекаў гаспадароў.

Нар. балады найчасцей выконвалі ў вялікі пост, піліпаўку ці спасаўку. Іх асаблівасці — наяўнасць міфалагічнага, звышнатуральнага элемента і інтрыгуючай сюжэтнай фабулы, семантычная і маст. яскравасць персанажаў, вобразнасць, лёгкасць запамінання твора. Маст. распрацоўка сюжэтаў будуецца на супрацьпастаўленні лёсавызначальных праблем чалавека. У баладах напружаныя адносіны паміж кроўнымі роднымі, членамі сям’і або інш. людзьмі прыводзяць да трагічнай развязкі. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Балады» (т. 1—2, 1977—78, укладальнік Л.​Салавей), «Песні пра каханне» (1978) і «Сямейна-бытавыя песні» (1984, укладальнік абодвух І.​Цішчанка), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, укладальнікі І.​Цішчанка, В.​Скідан).

А.​І.​Гурскі.

т. 18, кн. 2, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць 1, гамза́ць 2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́ть ’мітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць 1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti (sę) разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць 2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,

сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.

Да арт. Алімпійская сімволіка. Алімпійскі сцяг.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл. Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл. Газаачыстка), транспартавання (гл. Газаправод), захоўвання (гл. Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл. Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).

Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЎПАРА́ДКАВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі выкарыстання зямлі як сродку вытворчасці і рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з уладаннем і карыстаннем зямлёю. У Рэспубліцы Беларусь З. заснавана на дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю і накіравана на ажыццяўленне зямельнага заканадаўства, арганізацыю землекарыстання, ахову зямель. У сістэму З. ўваходзяць: распрацоўка прагнозаў, рэсп. і рэгіянальных праграм выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў; устанаўленне на мясцовасці межаў адм.-тэр. адзінак; адвод зямельных участкаў, выяўленне новых зямель для с.-г. і інш. асваення; правядзенне тапографа-геадэзічных, картаграфічных, глебавых, геабатанічных і інш. абследаванняў і пошукаў; фарміраванне спец. фонду зямельнага запасу мясц. Саветаў і інш. У адпаведнасці з зямельным заканадаўствам прадастаўленне зямельных участкаў у валоданне, карыстанне і ўласнасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, калгасам, саўгасам і інш. дзярж., каап., грамадскім прадпрыемствам, установам і арг-цыям, а таксама іх канфіскацыя адносяцца да кампетэнцыі мясц. Саветаў. Рэсп. органам дзярж. кіравання ў галіне З. з’яўляецца Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры СМ Рэспублікі Беларусь. Дзеючым заканадаўствам прадугледжана выдача спец. дазволаў (ліцэнзій) розным суб’ектам гаспадарання (незалежна ад форм уласнасці) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці ў галіне З.

С.​У.​Скаруліс.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯ́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.

І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш. Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.

У.​М.​Сацута.

Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)