ПАЗААБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

аб’ядноўвае любоўную, сямейную і сац.-бытавую лірыку. Яна адпавядае больш высокаму ўзроўню развіцця свядомасці, светапогляду і светаразуменню народа. Першыя запісы пазаабрадавай паэзіі адносяцца да 17 ст. У нар. лірычнай песні адлюстраваліся філасофскія, гуманістычныя і маральна-этычныя ўяўленні народа пра ідэал узаемаадносін паміж людзьмі.

Любоўная лірыка вызначаецца падборам пэўнага тэматычнага матэрыялу і ідэйнай накіраванасцю лірычнай песні. У ёй праз маст. сродкі раскрываецца складаны ўнутр. свет чалавека, яго перажыванні. Ідэя любоўных песень — абараніць каханне ад перашкод і варожых яму з’яў. Гал. аб’екты самавыражэння лірычнага героя — каханая ці каханы, прырода, што з’яўляецца даверанай асобай у каханні, радзіма, уласнае жыццё і інш., якія ўвасабляюцца і разглядаюцца як самастойна існуючыя з’явы. Моцная эмацыянальная афарбоўка любоўнай песні ствараецца глыбокім роздумам героя, смуткам, меланхоліяй, філасофскімі разважаннямі, карцінамі прыроды.

Сямейная лірыка адлюстроўвае сялянскі побыт, гаспадарча-земляробчую працу, мары пра шчасце, а таксама маральна-этычныя праблемы і звычаёвыя прававыя нормы сумеснага жыцця. У песнях пра жыццё ў сям’і лірычная гераіня — найчасцей маладая замужняя жанчына, якая сумуе па сваёй роднай старонцы, бацьках, а таксама з прычыны крушэння надзей, што звязваліся са шлюбам.

Сацыяльна-бытавыя песні паказваюць побыт і гісторыю народа на працягу некалькіх стагоддзяў. Да іх адносяцца казацкія, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, бурлацкія і інш. песні. Для іх характэрны востра-сац. змест і грамадская накіраванасць. Узнікненню і шырокаму бытаванню на Беларусі казацкіх песень паклала пачатак паўстанне пад кіраўніцтвам Б.​Хмяльніцкага ў 17 ст. Бел. рэкруцкія песні ўзніклі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Яны адлюстроўвалі провады рэкрута на пажыццёвую ваен. службу, развітанне з бацькамі, каханай, блізкімі, таму гучаць як хаўтурныя галашэнні. Дарожныя пакуты гандлёва-возніцкага промыслу нарадзілі чумацкія песні з матывамі небяспекі, голаду, хваробы, адрыву ад сям’і. У бурлацкіх песнях тэмы галечы, бяспраўя, здзекаў гаспадароў.

Нар. балады найчасцей выконвалі ў вялікі пост, піліпаўку ці спасаўку. Іх асаблівасці — наяўнасць міфалагічнага, звышнатуральнага элемента і інтрыгуючай сюжэтнай фабулы, семантычная і маст. яскравасць персанажаў, вобразнасць, лёгкасць запамінання твора. Маст. распрацоўка сюжэтаў будуецца на супрацьпастаўленні лёсавызначальных праблем чалавека. У баладах напружаныя адносіны паміж кроўнымі роднымі, членамі сям’і або інш. людзьмі прыводзяць да трагічнай развязкі. Выдадзены тамы серыі «Беларуская народная творчасць» «Балады» (т. 1—2, 1977—78, укладальнік Л.​Салавей), «Песні пра каханне» (1978) і «Сямейна-бытавыя песні» (1984, укладальнік абодвух І.​Цішчанка), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, укладальнікі І.​Цішчанка, В.​Скідан).

А.​І.​Гурскі.

т. 18, кн. 2, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)