ПАРЦЭ́ЛА (франц. parcelle ад лац. particula часцінка),

1) дробны зямельны ўчастак (або ч. зямельнага надзелу), на якім вядзецца парцэлярная гаспадарка. 2)У біялогіі — структурная ч. біяцэнозу, дробная біяхаралагічная адзінка. У батаніцы, біягеацэналогіі структурная ч. гарыз. расчлянення фітацэнозу (або біягеацэнозу), якая ахоплівае ўсю яго тоўшчу і адрозніваецца ад інш. ч. саставам, якасцямі кампанентаў, спецыфікай іх сувязяў і матэрыяльна-энергет. абмену. Вылучаецца па шчыльнасці і прадукцыйнасці асобных відаў раслін (пераважна дамінантаў) і асаблівасцях мікраасяроддзя пражывання. Паводле паходжання П. бываюць карэнныя, вытворныя і антрапагенныя. У заалогіі, эталогіі — сукупнасць адзіночных асобін жывёл або сем’яў (вял. сям’я), якія жывуць у непасрэднай блізкасці адна ад адной і часта кантактуюць паміж сабой; тэрмін блізкі да паняцця д э м — невял. (ад некалькіх асобін да дзесяткаў экз.), адносна ізаляваная ад інш. унутрывідавая групоўка пазваночных жывёл, якая існуе на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў, а потым аб’ядноўваецца з інш. падобнымі групоўкамі. Гл. таксама Біяхор(а).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

від дагавора міжнароднага, якім юрыдычна замацоўваецца спыненне становішча вайны і аднаўленне мірных адносін паміж ваюючымі дзяржавамі. Як правіла, уключае пастанову аб спыненні ваен. дзеянняў і становішча вайны, урэгуляванні тэр. пытанняў, пакрыцці страт, нанесеных вайной, вяртанні ваеннапалонных, адказнасці ваен. злачынцаў, лёсу заключаных да вайны дагавораў і пагадненняў і г.д. Можа быць прэлімінарны (папярэдні) або канчатковы, агульны (яго ўдзельнікі — усе ваяваўшыя дзяржавы) або сепаратны (дагавор заключаны толькі паміж некаторымі з дзяржаў, якія ўдзельнічалі ў вайне). Змест М.д. вызначаецца характарам вайны, якая папярэднічала яму. Напр., Парыжскія М.д. 1947 паміж дзяржавамі — пераможцамі ў 2-й сусв. вайне і былымі саюзнікамі фаш. Германіі ў Еўропе — з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй — пабудаваны на дэмакр. і справядлівых прынцыпах, якія з’явіліся выяўленнем вызв. характару 2-й сусв. вайны. М.д. 1947 аднолькавыя па сваёй структуры і складаюцца з 8 асн. раздзелаў: прэамбулы, тэр., паліт., ваен., эканам. пастаноў, раздзелаў адносна вываду войск, рэпарацый і рэстытуцый. Адсутнасць М.д. паміж дзяржавамі не азначае наяўнасці становішча вайны.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

адзін з асн. відаў транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў спец. марскімі суднамі па акіянах і морах. Шырока выкарыстоўваецца для міжнар. і ўнутр. перавозак (гл. Кабатаж). М.т. мае шэраг тэхн.-эканам. пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту: меншыя затраты працы на ажыццяўленне перавозак, неабмежаваная прапускная здольнасць, параўнальна высокая правазная здольнасць рухомага саставу, меншыя ўдзельныя затраты энергіі і паліва, адносна нізкі сабекошт перавозак. М.т. уключае судны розных відаў і прызначэння, марскія лініі і парты, суднарамонтныя прадпрыемствы і суднапад’ёмнае абсталяванне, сродкі сувязі і электрарадыёнавігацыі і інш.

М.т. вядомы ў стараж. краінах задоўга да н.э. Першыя марскія судны былі вёсельныя. Вынайдзены пазней ветразь на многія стагоддзі стаў гал. рухавіком суднаў. Паравая машына дазволіла стварыць першыя самаходныя судны з мех. рухавіком — параходы, рухавік унутр. згарання — цеплаходы, атамны рэактар — атамаходы. Сучасныя марскія судны — складаныя інж. збудаванні, грузападымальнасць асобных з іх дасягае 500 тыс. т, а магутнасць энергет. устаноўкі перавышае 74 тыс. кВт. Судны М.т. падзяляюцца на пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя (танкеры) і службова-дапаможныя.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАПО́ЛЬ МАГНІ́ТНЫ,

гіпатэтычны фіз. аб’ект, які некат. сваімі ўласцівасцямі нагадвае ізаляваны магн. полюс. Існаванне М.м. парушае інварыянтнасць адносна адлюстравання прасторы і абарачэння часу, дазваляе растлумачыць дыскрэтнасць эл. зараду, пабудаваць мадэль канфайнменту кваркаў (існаванне іх толькі ў звязаным стане), прадказаць імавернасць распаду пратона, і шэраг інш., у т. л. касмалагічных, эфектаў.

Адпавядае аднайм. тапалагічна-нетрывіяльнаму рашэнню ўраўненняў калібровачнай тэорыі поля. У лінейнай тэорыі манапольныя рашэнні пабудаваны П.Дзіракам (1931, 1948), у нелінейнай — незалежна рас. вучоным А.​М.​Паляковым і галандскім вучоным Г.​Хоафтам (1974). Эфектыўныя манапольныя канфігурацыі адыгрываюць істотную ролю ў параметрычнай дынаміцы класічных і квантавых сістэм. Пошук М.м. вядзецца ва ўсіх тэхн. дасягальных інтэрвалах адлегласцей і энергій.

Літ.:

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;

Shnir Ya.M., Tolkachev E.A., Tomil’chik L.M. P-violating magnetic monopole influence on the behaviour of the atom-like System in external fields // International Journal of Modem Physics A. 1992. Vol. 7, № 16.

Я.​А.​Талкачоў, Л.​М.​Тамільчык.

т. 10, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЯ ЗАКО́НЫ,

правілы атрымання ў спадчыну прыкмет, адкрытыя Г.Мендэлем (1865). Першы М.з. (закон аднароднасці гібрыдаў) — патомства 1-га пакалення ад скрыжавання ўстойлівых форм, што адрозніваюцца па адной прыкмеце, маюць аднолькавы фенатып па ёй. Другі М.з. (закон расшчаплення) — пры скрыжаванні гібрыдаў 1-га пакалення паміж сабой сярод гібрыдаў 2-га пакалення ў пэўных суадносінах з’яўляюцца асобіны з фенатыпамі зыходных бацькоўскіх форм і гібрыдаў 1-га пакалення. Трэці М.з. (закон незалежнага камбінавання прыкмет) — пара альтэрнатыўных прыкмет паводзіць сябе ў пакаленнях незалежна адна ад адной (паяўляюцца асобіны з новымі камбінацыямі прыкмет). З М.з. вынікае, што гены адносна пастаянныя, могуць знаходзіцца ў розным стане, парныя ў саматычных клетках і адзінкавыя ў гаметах; дыскрэтныя, могуць паводзіць сябе незалежна адзін ад аднаго. Законы праяўляюцца ў пэўных умовах і маюць універсальны характар для дыплоідаў. М.з. спрыялі развіццю генетыкі. Гл. таксама Мендэлізм.

Літ.:

Мендель Г. Опыты над растительными гибридами: Пер. с вем. М., 1965. Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вы́люднець, вы́людскавацца ’выправіцца, стаць, як усе людзі’ (Янк., Клім., Жд., 1), вы́людзець ’вырасці, стаць сур’ёзным’ (Шат.). Рус. бранск. вы́люднеть ’вырасці, развіцца, стаць падобным да іншых’, укр. ви́людніты ’тс’. Гл. алюдзець, люднець. Адносна магчымасці запазычання з гоц. liudan ’расці’ гл. Мартынаў, БЛ, 1, 16 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Двайга́ ’двое’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dwojgo ’двое’ (параўн. таксама р. скл. dwojga ад лічэбніка dwoje ’двое’). Адносна польскіх форм гл. Слаўскі, 1, 183. Параўн. яшчэ ст.-бел. двойкга, двойга ’двое’ (якія дакладна адлюстроўваюць польскую форму dwojgo; гл. Булыка, Запазыч., 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блы́таць. Сюды адносіцца і блу́таць ’тс’ (Бяльк., Шат.). Можна меркаваць, што зыходным з’яўляецца блу́таць, якое ўзнікла з плу́таць азванчэннем п > б (перад л). Адносна чаргавання галосных у : ы ў экспрэсіўных словах — гэта не рэдкасць. Параўн., напр., у рус. гаворках: блука́ться, блука́тьблы́ка́ться ’бадзяцца, валачыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́зарэб ’чарапок, скручаны з бяросты’ (З нар. сл.). Відаць, складанае слова, першая аснова якога ўзыходзіць да кузаў2 (гл.). Адносна другой асновы можна выказаць здагадку аб яе паходжанні ад грэбці (гл.). Тады ў рэканструяваны выглядзе разглядаемая форма мела б наступны від: *куза(ва)‑грэб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабза́ ’кашалёк, торбачка для грошай’ (Др.-Падб.; глус., КЭС). Укр. кабза ’тс’. Даль таксама з пам. «зап.» прыводзіць формы кабза, кобза, гамза ’тс’. Запазычана з польск. kabza, дзе значэнне ’кашалёк’ адносна новае, гл. Слаўскі, 2, 11. Польск. kabza заходзіць да лак. capsa ’сховішча, скрыня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)