ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА,

навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі маст. літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асн. раздзелаў: метадалогіі і тэорыі л-ры, гісторыі л-ры, літ. крытыкі.

Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння маст. л-ры. Тэорыя Л. даследуе сац. прыроду, вобразна-эстэт. сутнасць, спецыфіку л-ры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літ.-маст. творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення л-ры, асаблівасці маст. метадаў, плыняў і кірункаў. Гісторыя вывучае л-ру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літ. кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і маст. стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў у літаратурным працэсе. Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літ. працэс, ацэньвае і тлумачыць літ. творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэт. ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л. выкарыстоўвае дасягненні інш. гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літ. крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і інш. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самаст. галіны (напр., тэксталогія).

Асновы вучэння пра маст. л-ру распрацавалі стараж.-грэч. філосафы. Найб. ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця Л.; яго ідэямі жывіліся трактаты пра л-ру ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння і нават у перыяд класіцызму (Н.​Буало). У 18 — пач. 19 ст. на развіццё Л. моцна паўплывалі тэарэт. працы Д.​Дзідро, Г.​Лесінга, І.​В.​Гётэ і інш. пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветніцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі маст. л-ры, яе суадносінамі з інш. відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму. У абгрунтаванні гіст. погляду на л-ру шмат зрабіў ням. філосаф Г.​Гегель («Лекцыі па эстэтыцы»). У Расіі ў 19 ст. тлумачэнне праблем і катэгорый эстэтыкі і тэорыі л-ры далі В.​Бялінскі, М.​Чарнышэўскі, М.​Дабралюбаў і інш. У 19 і 20 ст. побач з рэв. -дэмакр. развіваюцца такія кірункі Л., як міфалагічная шкала (В. і Я.​Грым, А.​М.​Афанасьеў), кампаратывізм, або параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства (Т.​Бенфей, А.​М.​Весялоўскі), культурна-гістарычная школа (І.​Тэн, А.​М.​Пыпін), псіхалагічная школа (А.​А.​Патабня), пазней — фрэйдызм, інтуітывізм, экзістэнцыялізм і інш. плыні. Сучаснае зах. Л. ўяўляе сабой адзіны комплекс усіх найб. значных даследчых метадалогій розных краін. Гісторыю літ. крытыкі можна разглядаць як гісторыю эвалюцыі і барацьбы школ. У 1-й трэці 20 ст. вызначальнай была барацьба паміж «новымі гуманістамі» і прадстаўнікамі радыкальна-дэмакр. кірункаў (марксісцкая крытыка і псіхааналітыкі). З канца 1930-х г. адзначаны ўзлёт «новай крытыкі». З сярэдзіны 1940-х г. у Англіі і ЗША стала папулярнай міфалагічная крытыка. У аснове рытуальна-міфалагічнага кірунку — праца прадстаўніка англ. антрапал. школы Дж.​Фрэйзера «Залатая галіна» (т. 1—2, 1890). З сярэдзіны 20 ст. значную ролю адыгрывае франц. структуралізм. У Л. Англіі і ЗША ён выявіўся ў 1960-я г. ў выглядзе постструктуралізму (Іельская школа Ж.​Дэрыды). У Англіі ідэі кантынентальных структуралістаў (Р.​Барта) выкарыстоўваў Ф.​Кермаўд. У 1960—70-я г. ў ЗША на аснове тэорый знака, сімвала і метафары развівалася семантычная крытыка, якая цікавілася ў асн. тэкстам; яна была блізкая да «новай крытыкі» і структуралізму. Расчараванне ў тэкстуальных і глыбінна-псіхал. метадах спрыяла адраджэнню ў апошнія дзесяцігоддзі традыц. падыходаў — культ.-гіст., сацыялагічнага. У 1980-я г. заявілі пра сваю гуманістычную арыентацыю фенаменалагічныя і рэцэптыўныя крытыкі. Частка зах. Л. адкрыта арыентуецца на займальнасць, што відавочна нават у працах буйнейшых літ.-знаўцаў (Н.​Фрая, К.​Леві-Строса, Дэрыды).

Спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. л-ры можна бачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» (1522) Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» (1593) Л.​Зізанія, «Грамматика» (1619) М.​Сматрыцкага, у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.​Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Скарыны, у 1816 у Варшаве на польск. мове выдадзена кн. С.​Б.​Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным арт. Р.​Друцкага-Падбярэскага да т. 1 кнігі Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У артыкулах Л.​Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра І.​Манькоўскага, ахарактарызавана жыццё і творчасць Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы па стараж. бел. л-ры, мове, гісторыі асветы, грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.​Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, крыптанім Г. Г.), даследаванне А.​Г.​Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.​Пыпіна і У.​Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел. нар. паэзія, кніга П.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і А.​Семянтоўскага «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890), праца М.​Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні па творчасці В.​Цяпінскага, звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклоры бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край».

Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.​Сыракомлі на творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Е.​Раманава на зб. З.​Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш. У пач. 20 ст. бел. л-ру даследавалі ўжо як самаст. галіну бел. культуры: працы рус. (А.​Пагодзін, С.​Руднянскі, С.​Русава), польск. (Е.​Янкоўскі, В.​Вегняровіч), чэш. (А.​Чэрны), літоўскіх (Л.​Гіра, А.​Янулайціс), укр. (А.​Русаў, І.​Свянціцкі) даследчыкаў. Грунтоўна распрацоўвалася гісторыка-літ. праблематыка ў працах Я.​Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў новыя і вядомыя творы і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), час. «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.​Палуяна, М.​Багдановіча, Я.​Купалы, М.​Янчука, А.​Бульбы, М.​Гарэцкага, Л.​Гмырака, У.​Самойлы, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага і інш., намаганнямі якіх бел. крытыка стала дзейсным фактарам літ. працэсу на ніве нац. адраджэння. У праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913), «Развагі і думкі» (1914) Гарэцкі сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэаліст. мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі Л. Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI ст.», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел. нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў стараж., новую і навейшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалаг. прынцыпаў культ.-гіст. школы, але ўзбагачаў іх вопытам развіцця бел. прыгожага пісьменства. У першыя паслярэв. гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. Л. не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыяд. друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў (газ. «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», час. «Рунь», «Вольны сцяг» і інш.). На пачатку 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства. На працягу 1920-х г. ц.-д. і каардынацыйным цэнтрам у галіне бел. Л. быў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. Л. звязаны з навук. дзейнасцю Гарэцкага, Янчука, І.​Замоціна, Я.​Барычэўскага, А.​Вазнясенскага.

У «Гісторыі беларускае літаратуры» Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.​А.​Багдановіч» (абедзве 1927) Замоціна, «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) Вазнясенскага, кн. «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах З.​Жылуновіча, У.​Дубоўкі, А.​Бабарэкі, Я.​Пушчы, М.​Піятуховіча, С.​Замбржыцкага і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.

У «Гісторыі...» Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызв. рухам, недаацэньваўся ідэйны пафас грамадз. лірыкі Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны Багдановіча, драматургіі Я.​Купалы і Ц.​Гартнага, ліра-эпічных твораў Я.​Коласа даў Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самаст. кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармаліст. трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэаліст. прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадз. гісторыі і л-ры, ён выводзіў узровень слоўнага мастацтва непасрэдна з узроўню эканомікі, таму не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Цёткі. Аб’ектам вывучэння Вазнясенскага былі творы Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Актыўна выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалаг. праблемы — нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры і крытыкаваў метадалаг. хібы культ.-гіст. школ за недаацэнку эстэт. прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. Л. і крытыкі.

Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі Л. былі даследаванні «Пуціны беларускай літаратуры» Замоціна (1924), «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» Барычэўскага (абодва 1927), «Паэтыка М.​Багдановіча» Вазнясенскага (1926). Як і Багдановіч, Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гіст. і тэарэт. падыходу да мастацтва, прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалаг. характару даследаваў Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924), — першая ў бел. Л. спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.​М.​Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова. У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталаг. праца (навук.-каменціраваны Зб. твораў у 2 т. Багдановіча, Зб. твораў Я.​Коласа, зб. вершаў А.​Гаруна «Матчын дар». Найб. значныя дасягненні бел. літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыяд. выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэт. праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вял. ролю ў фарміраванні бел. літ.-крытычнай думкі адыгралі газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [Жылуновіч, Я.​Нёманскі, М.​Грамыка, У.​Чаржынскі, Я.​Марук, П.​Жарскі, А.​Лясны (А.​Мардвілка), С.​Баркоўскі і інш.] вял. ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел. літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.​Каспяровіч, М.​Аляхновіч, Замбржыцкі і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сял. тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» змагалася за павышэнне ідэйна-эстэт. ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэт. асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафес. ўзроўню вял. заслуга Бабарэкі, Дубоўкі, К.​Чорнага, Я.​Пушчы, Ф.​Кунцэвіча, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, З.​Бядулі, П.​Глебкі, В.​Шашалевіча, А.​Адамовіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навук.-тэарэт. думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны да нерэаліст. форм творчасці і інш.). Найб. яскрава дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі выявіўся ў дзейнасці Л.​Бэндэ, А.​Кучара, В.​Бухаркіна, Д.​Мірончыка, У.​Гесена, А.​Канакоціна, Л.​Якаўлева, Я.​Сякерскай, С.​Будзінскага, Е.​Гальперына, С.​Васілёнка і інш.

На пачатку 1930-х г. у развіцці бел. Л. адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т. л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. У 1932—34 кіраўніцтва Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі рабіла захады па стварэнні «Гісторыі беларускай літаратуры», быў напісаны шэраг яе раздзелаў (кніга не завершана). Навук.-тэарэт. ўзровень Л. і крытыкі паніжаўся. Навук. школы, якія ўзначальвалі Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, былі ліквідаваны, іх друкаваныя выданні забаронены. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася грубымі паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалагічных памылак і варожых сав. ладу ідэй.

Пэўнае ажыўленне навук.-крытычнай думкі пачалося ў пач. 1940-х г.: артыкулы Я.​Коласа пра Т.​Шаўчэнку, К.​Чорнага пра Я.​Купалу, М.​Ларчанкі і Ю.​Пшыркова пра «Новую зямлю», «Сымона-музыку» Я.​Коласа, пра спадчыну Багдановіча, публікацыі В.​Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941). Выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.​Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх ін-таў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што мела вял. метадалагічнае значэнне і адкрывала перспектыву стварыць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутр. заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культ. спадчыны, арганізацыі н.-д. работы аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.​Купала і Я.​Колас. У пасляваен. час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася шырокая прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і вучэбныя дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біягр. нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Выйшлі абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).

«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел. сав. л-ры, творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у кнізе павярхоўна вырашаліся пытанні. звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэт. прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе разглядалася таксама стараж. л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст. У выніку больш поўным і шырокім стаў агульны малюнак развіцця бел. л-ры. Перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастр. л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў, развіццё творчага метаду (працы С.​Майхровіча, Барысенкі, Ларчанкі, У.​Агіевіча і інш.).

У пер шыя пасляваен. гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. Якасна новага ўзроўню бел. навук.-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950-х—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў, стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры. Павысіўся навук.-тэарэт. ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.​Адамовіча, В.​Івашына, У.​Калесніка, Я.​Казекі, А.​Лойкі, Н.​Перкіна, Ю.​Пшыркова, Майхровіча, М.​Грынчыка, Дз.​Бугаёва і інш.). Дасягненні навук.-тэарэт. думкі гэтага перыяду падагульнены ў калект. працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав. шматнац. л-ры. У іх упершыню ў бел. Л. даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культ.-асв. дзейнасць літ.-маст. арг-цый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена паспяховая спроба спалучыць сац. і эстэт. аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.​Гарун, дакастр. творчасць М.​Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (Я.​Нёманскі, С.​Баранавых, В.​Каваль, Л.​Калюга, М.​Грамыка, У.​Хадыка, Я.​Скрыган, Б.​Мікуліч, Я.​Пушча, Ю.​Таўбін, З.​Астапенка і інш.). Літ. крытыка гэтага часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэт. ўзровень л-ры (кнігі і артыкулы Адамовіча, Бугаёва, Р.​Бярозкіна, Пшыркова, У.​Юрэвіча, Перкіна, Івашына, В.​Каваленкі, Казекі, Калесніка, Ф.​Куляшова, Р.​Шкрабы, М.​Барсток, Лойкі, І.​Навуменкі, А.​Клышкі, А.​Яскевіча, М.​Лазарука, М.​Яроша, С.​Гусака, М.​Грынчыка, В.​Жураўлёва, П.​Дзюбайлы, Ю.​Канэ, М.​Стральцова, М.​Арочкі, С.​Александровіча, В.​Палтаран і інш.). З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.​Броўка, І.​Мележ, М.​Лынькоў, В.​Быкаў, К.​Крапіва, П.​Панчанка, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, М.​Лужанін, Я.​Скрыган і інш. У 1970—80-я г. пашырылася кола праблем, што даследаваліся ў новых аспектах: бел. л-ра пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах (Івашын, Ларчанка, Лойка, Александровіч, А.​Мальдзіс, П.​Ахрыменка, Перкін, Э.​Мартынава, У.​Казбярук, В.​Гапава і інш.), уведзены паняцці ўсесаюзнага, славянскага, еўрапейскага літ. кантэкстаў (Адамовіч і інш.), узняты пытанні літ. уплываў ва ўмовах паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (Каваленка). Актывізавалася вывучэнне стараж. л-ры і л-ры 18—19 ст. (А.​Коршунаў, В.​Чамярыцкі, Мальдзіс), даследаваліся сувязі л-ры з інш. формамі грамадскай свядомасці, гісторыя станаўлення пэўных родаў і відаў л-ры — рамана, аповесці, апавядання (Адамовіч, Н.​Пашкевіч, Каваленка, Дзюбайла, Юрэвіч, Бугаёў, С.​Андраюк, Жураўлёў, Яскевіч, А.​Лысенка, М.​Тычына, Э.​Гурэвіч, А.​Матрунёнак), гісторыя лірычных і ліра-эпічных форм (В.​Бечык, Лойка, Навуменка, Лазарук, Барсток, Грынчык, Ярош, Арочка, У.​Гніламёдаў, І.​Шпакоўскі, А.​Кабаковіч, Клышка, Л.​Гарэлік), гісторыя драматургіі (А.​Сабалеўскі, А.​Семяновіч, С.​Лаўшук, Я.​Усікаў). Актыўна вывучаліся тэарэт. праблемы: шляхі станаўлення ў бел. л-ры метаду сацыяліст. рэалізму (Івашын), развіццё бел. вершаскладання (Грынчык, І.​Ралько), бел. літ.-грамадскі рух (Р.​Семашкевіч), гісторыя бел. друку і кнігадрукавання (Александровіч), праблемы перакладу з блізкіх і роднасных моў (Мартынава, В.​Рагойша, П.​Садоўскі, Яскевіч), роля фальклору ў развіцці л-ры (Каваленка, У.​Конан, Яскевіч, І.​Чыгрын). Больш актыўна і плённа даследуюцца спецыфіка маст. формы, пытанні псіхалогіі творчасці, структуры твора (Жураўлёў, Клышка, Тычына, Матрунёнак). Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і Л. (Конан, М.​Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (Куляшоў, П.​Ткачоў, І.​Кахно, С.​Лысенка, А.​Станюта, У.​Няфёдаў, С.​Букчын), л-ры замежных краін (Б.​Міцкевіч, Гапава). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакумент. архіўных матэрыялах (Александровіч, Г.​Кісялёў, Мальдзіс, Я.​Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гіст.-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства і коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навук.-каменціраваныя Зб. твораў Я.​Купалы (т. 1—6, 1961—63; т. 1—7, 1972—76), Я.​Коласа (т. 1—12, 1961—64; т. 1—14, 1972—78), К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), Мележа (т. 1—10, 1979—85), Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.​Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), Творы Багушэвіча (1967), Я.​Дылы (1981), У.​Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Робяцца спробы тэарэт. абагульнення вопыту практ. дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т. л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калект. вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» упершыню ўведзены раздзелы пра Л. і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства.

Побач з поспехамі ў бел. навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека. Ішоў працэс паслаблення гуманістычнага пафасу л-ры, страты ранейшых ідэйна-эстэтычных заваёў. Бел. Л. і крытыка 1990-х г. развіваецца пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. Створаны новыя праграмы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, напісаны шэраг грунтоўных, наватарскіх гісторыка-літ. прац (даследаванні Яскевіча, Мушынскага, Жураўлёва, Тычыны, М.​Мішчанчука, П.​Васючэнкі, М.​Мікуліча, Гніламёдава, Л.​Корань, І.​Штэйнера, Г.​Тварановіч, Л.​Гараніна, А.​Мельнікава, А.​Вераб’я, У.​Мархеля, І.​Саверчанкі, І.​Чароты, А.​Бельскага, А.​Марціновіча). У іх закранута шырокае кола праблем, у т. л. прынцыпы пабудовы новай «Гісторыі літаратуры», нац. спецыфіка, узаемасувязь л-ры і фальклору, жанрава-стылявыя пошукі, формы праяўлення ў л-ры нац. ідэі і інш. У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі л-р двух народаў ад старажытнасці да нашых дзён. На новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (Ц.​Ліякумовіч, Г.​Няфагіна, Дз.​Фёдараў, А.​Звознікаў, І.​Скарапанава, Т.​Аўтуховіч, А.​Андрэеў, С.​Кузьміна, Н.​Папова і інш.), л-р замежных краін (І.​Шаблоўская, С.​Малюковіч, С.​Мусіенка, Т.​Камароўская, Чарота, Е.​Лявонава, Г.​Адамовіч і інш.). Ін-т л-ры Нац. АН Беларусі працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: 36. твораў Я.​Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), 9-томны Поўны збор твораў Я.​Купалы (т. 1—5, 1995—98) Разам з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Скарыны ін-т падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Гэтыя выданні, новыя манаграфічныя працы скіраваны на вырашэнне гал. задачы бел. Л. — асэнсаваць шматвяковае развіццё нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у разнастайных сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету.

Літ.:

Академические школы в русском литературоведении. М., 1975;

Контекст: Лит.-теоретич. исслед. М., 1974—86;

Козлов А.С. Мифологическое направление в литературоведении США М., 1984;

Яго ж. Литературоведение Англии и США XX в. Симферополь, 1994;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Яго ж. І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў. Мн., 1964.

М.​І.​Мушынскі, Т.​Я.​Камароўская (замежнае Л.).

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАМАСТА́ЦТВА кіно,

від экраннага мастацтва, творы якога зроблены на тэхн. базе кінематаграфіі, а таксама з дапамогай інш. тэхн. сродкаў аўдыёвізуальнай камунікацыі (тэлебачанне, відэакасеты, відэадыскі, камп’ютэр і інш.). Асн. творы К. — фільмы — ствараюцца шляхам кіназдымак рэальных, спецыяльна інсцэніраваных падзей рэчаіснасці або ўзноўленых сродкамі анімацыі. У К. сінтэзуюцца эстэт. ўласцівасці л-ры, т-ра, выяўл. мастацтваў, музыкі (гл. Кінамузыка) на аснове спецыфічных сродкаў выразнасці. Кінематограф і К. як яго частка ўзніклі на мяжы 19—20 ст. у выніку развіцця навукі і тэхнікі. Кінематограф фарміраваўся як частка тэхнагеннай культуры, для якой характэрна спалучэнне унікальнасці яе прадукцыі з тыражаваннем. Папярэднікамі кіно акрамя традыц. відаў мастацтва былі: фатаграфія, кірмашовы атракцыён, фанограф, грамафон, патэфон, радыё (як папярэднік гукавога кіно), перыяд. выданні (як папярэднікі хранікальных фільмаў), відовішчы, якія стваралі ілюзію рэальнасці (панарама, дыярама, кругавая праекцыя — папярэднікі шырокаэкраннага, шырокафарматнага, кругавога, варыяэкрана). Прырода сінтэзу кіно дваістая: сінтэз у працэсе нараджэння К. як віду мастацтва і сістэмы яго сродкаў выяўлення, а таксама сінтэз як узаемадзеянне і ўзаемаўплыў мастацтваў на кожным этапе існавання К. і пры стварэнні кожнага канкрэтнага твора. Вынік сінтэтычнасці К. — калектыўнасць стварэння фільма. Кампаненты фільма і адпаведна асн. кінематаграфічныя прафесіі: кінадраматургія — сцэнарыст; рэжысура — рэжысёр; мантаж — мантажор; выява — мастак, аператар; гук — кампазітар, гукарэжысёр; акцёрская творчасць — акцёр, каскадзёр. Гал. роля ў працэсе стварэння фільма звычайна належыць рэжысёру. У сувязі з калектыўнасцю стварэння фільмаў у К. праблема аўтарства спецыфічная. У працэсе яго гіст. развіцця паступова адбывалася станаўленне індывідуальнай аўтарскай свядомасці, што прывяло да ўзнікнення тэрміна «аўтарскае кіно» і вылучэння яго як асобнай з’явы ў процілегласць жанраваму кіно. К. найб. натуральна і адэкватна адлюстроўвае масавую псіхалогію. Сістэма вобразнага засваення свету аўдыёвізуальным К. мае 2 узроўні: выяўленчы (сама кінавыява) і вобразны (вобразны сэнс, які нясе кінавыява). Аснова кінавобразнасці — выяўленчасць. Адносна К. існуе азначэнне «самае безумоўнае з мастацтваў», аднак фатаграфічная прырода К. не адмяняе асобай кінематаграфічнай умоўнасці. Мова К. — гукапластычная мова экраннай выявы, якая рухаецца. К. валодае сістэмай сродкаў адлюстравання, многія з якіх суадносяцца са сродкамі інш. мастацтваў (святло, колер, рытм, лейтматыў, слова і інш.), а некаторыя з’яўляюцца спецыфічнымі і вызначальнымі: кадр, або мантажны кадр, план (адносны маштаб выявы ў кадры), ракурс (пункт погляду камеры, які дапамагае адлюстраваць погляд героя або аўтара на падзеі), мантаж. Вылучаюць віды К.: ігравое кіно (гл. Мастацкі фільм), анімацыйнае кіно, дакументальнае кіно, навукова-папулярнае кіно. Прынцыпамі падзелу кіно на віды з’яўляюцца прадмет экраннага ўвасаблення, спосабы экраннай матэрыялізацыі задумы ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўспрыняцця гледачоў. Існуе тэндэнцыя стварэння фільмаў на стыку ігравога, дакумент. і анімацыйнага кіно. З развіццём К. фарміравалася яго жанравая сістэма. К. выкарыстоўвала жанры інш. мастацтваў (л-ры, т-ра, фальклору і інш.) і выпрацоўвала свае (гл. ў арт. Жанр). Для сучаснага К. характэрна тэндэнцыя да змешвання жанраў (поліжанрызм К.) і відаў К. Найб. пашырана спалучэнне т. зв. «нізкіх», або традыц. відовішчных жанраў К. ў сувязі з аднолькавым узроўнем умоўнасці (авантурны фільм у розных варыяцыях, меладрама, камедыя). На сістэму жанраў дакумент. кіно зрабіла ўплыў літ. публіцыстыка, навук.-папулярнага — навук. літаратура. Паводле паходжання многія кінажанры маюць літ. назвы, але па сутнасці яны не ідэнтычныя.

Гістарычна К. ўзнікла разам з кінематографам. Асобныя фільмы канца 19 ст. (пераважна камічныя, феерычныя, меладрам. стужкі) па сваёй прыродзе належалі да сферы маст. творчасці, хаця цалкам творамі К. іх лічыць нельга. Ад спрошчанага засваення вопыту інш. мастацтваў К. шляхам паступовага назапашвання маст. знаходак распрацоўвала і спецыфічныя сродкі выяўлення (сістэмы планаў, ракурсаў, рухаў камеры, форм мантажу, муз. суправаджэння). Ускладняліся кінадраматургія і акцёрская творчасць. У перыяд фарміравання К., які звычайна датуюць ад узнікнення кінематографа да заканчэння 1-й сусв. вайны, значны ўклад у яго развіццё зрабілі кінематаграфісты Францыі (браты Люм’ер, Ж.​Мельес, дзейнасць фірмы «Фільм д-Ар»), ЗША (Э.​Портэр, Т.​Х.​Інс, Д.​У.​Грыфіт, Ч.​Чаплін), Італіі, Даніі, Швецыі, Расіі і інш. Да 1908 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, паказваліся фільмы выключна замежнай вытв-сці. Пазней зарадзілася ўласная кінавытв-сць, у якой вызначыліся асн. тэматычныя і жанравыя кірункі: экранізацыя класікі, крымінальна-прыгодніцкія, быт., камічныя фільмы, салонныя меладрамы. Першым рас. фільмам уласцівы запаволенасць экраннага апавядання, павышаны псіхалагізм (творчасць У.​Гардзіна, Я.​Баўэра, Я.​Пратазанава). Першаадкрывальнікам аб’ёмнай анімацыі быў рас. кінематаграфіст бел. паходжання У.​Старэвіч. У канцы 1910-х г. кіно сфарміравалася як від мастацтва (гл. Нямое кіно). Крызіс класічнага маст. мыслення ў канцы 19 ст. адначасова з мадэрнізмам спарадзіў масавую культуру, якая захавала жыццепадабенства і агульнадаступнасць, але змяніла пазнавальна-выхаваўчую арыентацыю на кампенсаторна-забаўляльную. Да яе належаў і кінематограф «асн. патоку». Мадэрнізм яскрава праявіўся ў К. 1920-х г.: ням. кінаэкспрэсіянізм (Ф.​Ланг, Ф.​Мурнаў) і франц. кінаімпрэсіянізм (Л.​Дэлюк), кінаавангард (Р.​Клер, Л.​Буньюэль, Ф.​Лежэ), сав. рэв. кінапаэзія і інш. З дасягненняў К. ЗША найб. значнасць мае эксцэнтрычная кінакамедыя. Праявілася спецыфіка неігравога кіно як сферы К., якое акрамя інфарм., рэпартажнай функцыі адкрыла новыя маст. магчымасці. Сярод найб. значных дасягненняў у сусв. неігравым кіно — творчасць сав. рэж. Дз.​Вертава, амер. рэж. Р.​Флаэрці і інш., у творах якіх дасягнута арган. зліццё жыццёвага матэрыялу з аўтарскай трактоўкай у кінематаграфічнай форме. У СССР у 1920-я г. ствараліся класічныя творы сав. рэв. кінаавангарда — «тыпажна-мантажнага», «паэтычнага» мастацтва, што вылучыла сав. кіно на адно з першых месцаў у сусв. кінематографе (творчасць С.​Эйзенштэйна, У.​Пудоўкіна, А.​Даўжэнкі і інш.). У гэтым рэчышчы ствараліся і лепшыя бел. фільмы (Ю.​Тарыч). З канца 1920-х г. пачало развівацца гукавое кіно, хоць на пачатковым яго этапе тэхн. складанасці гуказапісу абмяжоўвалі сферу выкарыстання сродкаў выразнасці, адкрытых у нямым кіно. Вял. ўклад у яго развіццё зрабілі франц. «паэтычны рэалізм», якому ўласцівы глыбокі псіхалагізм і рамант атмасфера дзеяння (фільмы Ж.​Рэнуара, Ж.​Фейдэра, Ж.​Дзювіўе, М.​Карнэ), удзел у кіно майстроў англ. сцэны. Замацавалася ўстойлівая сістэма кінажанраў, асабліва ў кінематографе ЗША У неігравым кіно найб. значныя работы нідэрл. дакументаліста І.​Івенса ў жанры эксперым. лірычных кінабалад, англ. дакумент. школа Дж.​Грырсана і інш. У СССР гукавое кіно пашырылася з 1930-х г. Лепшыя фільмы вызначаліся спалучэннем эстэтыкі тыпажна-мантажнага К. і магчымасцей гукавога кіно (М.​Ром, С.​Юткевіч, А.​Зархі, І.​Хейфіц, Ю.​Райзман, Р.​Аляксандраў, І.​Пыр’еў; у бел. кіно — Ю.​Тарыч і У.​Корш-Саблін). У гэты час у СССР адзіным творчым метадам быў абвешчаны сацыялістычны рэалізм. Перад 2-й сусв. вайной кансерватыўна-традыцыяналісцкія тэндэнцыі пашырыліся ў К. практычна ўсіх краін, нягледзячы на адрозненні ідэалаг. і эканам. плана. У гады 2-й сусв. вайны ў кіно ўзмацнілася агітацыйнасць, павялічылася роля дакумент. публіцыстыкі. У гэтым жанры працавалі і рэжысёры ігравога кіно (Дж.​Форд, Ф.​Капра ў ЗША, Райзман, Даўжэнка ў СССР і інш.). Ставіліся фільмы, пабудаваныя на суадносінах дакумент. і ігравых пачаткаў (англ. рэж. Х.​Джэнінгс). У сярэдзіне 1940 — пач. 1950-х г. пераважалі фільмы традыц. апавядальнай стылістыкі, на аснове якой К. асімілявала тэхн. навінкі: каляровую выяву (з 1930-х г.), розныя прапорцыі экрана (з 1950-х г. шырокі экран, шырокі фармат і інш.). На першы план вярнулася эстэтыка быт. падабенства, што найб. увасобілася ў тэорыі і практыцы італьян. неарэалізму (Ч.​Дзаваціні, Р.​Раселіні, В.​Дэ Сіка, Дж. Дэ Сантыс, П.​Джэрмі і інш.). У СССР у пасляваен. гады складанасці ў становішчы К. былі абумоўлены эканам. цяжкасцямі і ўзмацненнем жорсткасці паліт. рэжыму. Было прынята рашэнне аб скарачэнні кінавытв-сці, што адмоўна адбілася на стане кінематографа рэспублік з невял. кінавытв-сцю, у т. л. Беларусі. З сярэдзіны 1950-х г. на развіццё К. пачала ўплываць канкурэнцыя з боку тэлебачання, што ў канцы 1950-х г. прывяло да крызісу кінематографа галівудскага тыпу (акцёрска-прадзюсерскага) і ўздыму еўрап. кіно, якое менш закранула ўздзеянне тэлебачання. З’явілася аўтарскае кіно ў Італіі (Ф.​Феліні, Л.​Вісконці, М.​Антаніёні, П.​П.​Пазаліні), Швецыі (І.​Бергман), Японіі (А.​Курасава), Іспаніі (Буньюэль) і інш., франц. «новая хваля» (А.​Рэнэ, Ф.​Труфо, Ж.​Л.​Гадар), «польская школа» (А.​Вайда, А.​Мунк), «чэшская школа» (М.​Форман, І.​Менцэль), «кіно адлігі» ў СССР. Пэўны ўздым К. адбыўся ў краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі. На змену традыц. форме кінаапавядання прыйшлі новыя прынцыпы пабудовы фільма, разнастайныя формы відавога і жанравага сінтэзу. У 1960-я г. ў ЗША акцёрска-прадзюсерскі тып кіно змяніўся рэжысёрскім (С.​Кубрык, Дж.​Франкенхеймер і інш.). На сусв. К. ўплывалі структуралізм, псіхааналіз, ідэі аўтарскага кіно, эстэтыка франц. «новай хвалі», андэграўнду. Пашырылася т. зв. незалежнае кіно. У СССР у 1960-я г. пашырылася кінавытв-сць, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Р.​Чухрай, С.​Бандарчук, Л.​Куліджанаў, С.​Растоцкі, А.​Таркоўскі, В.​Шукшын, Э.​Клімаў, І.​Таланкін, на Беларусі — В.​Тураў, І.​Дабралюбаў, Б.​Сцяпанаў і інш.). У К. праявіліся лірычнасць, рамантычнасць, адначасова ўзмацнілася аналітычнасць. Узбагаціліся вобразная мова экрана і яго жанрава-стылявая палітра. Асн. кірункі жанрава-стылявых пошукаў — «дакументальнае» і «жывапісна-паэтычнае» кіно. «Новая хваля» ўласціва і развіццю сусв. дакумент. К., у якім выявіліся сацыялагічная тэндэнцыя, пошукі новых спосабаў адлюстравання рэчаіснасці (творчасць групы «Свабоднае кіно» ў Вялікабрытаніі, «Групы трыццаці» і кірунку «сінема верытэ» ў Францыі). Дакумент. К. ў пэўнай ступені паўплывала на развіццё ігравога кіно. Лепшыя стужкі сав. дакумент. кіно вызначаліся тонкім раскрыццём псіхалогіі чалавека (В.​Лісаковіч, Г.​Франк і інш.), навук.-папулярнага — паглыбленым імкненнем да вырашэння эстэт. задач, да паэт. раскрыцця навук. пошуку і псіхалогіі творчасці (В.​Архангельскі, Б.​Загражскі, У.​Кобрын, «кіеўская школа» навук.-папулярнага кіно, асабліва Ф.​Собалеў). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. адрадзілася кіно галівудскага тыпу, адбыўся зварот да жанравага кіно, традыц. форм кінаапавядання. Гэтыя тэндэнцыі найб. ярка выявіліся ў кіно ЗША, якое зноў пачало лідзіраваць у сусв. кінематографе (фільмы Ф.​Ф.​Копалы, С.​Спілберга, Дж.​Лукаса, М.​Скарсезе і інш.). Разам з тэлебачаннем канкурэнцыю традыц. кінапракату пачалі складаць відэаіндустрыя, новыя формы экраннага мастацтва, не звязаныя з традыц. кінематаграфічнай тэхнікай (у СССР гэтыя працэсы пачаліся пазней), што выклікала змены ў выкарыстанні сродкаў адлюстравання ў К., ужыванне камп’ютэрнай тэхнікі для стварэння спецэфектаў і інш. У 1970 — пач. 1980-х г. у К. СССР выявіліся крызісныя, застойныя з’явы. Лепшым фільмам былі ўласцівы крытыка грамадскіх хібаў, пошукі ў галіне кінамовы, складаныя драматургічныя канструкцыі, зварот да дакументалізму і ўмоўна-метафарычнага пачатку, фалькл., міфалагічных матываў, суб’ектыўнага эпасу ў гіст. творах (творчасць Л.​Шапіцька, М.​Міхалкова, С.​Параджанава, В.​Абдрашытава, С.​Салаўёва, А.​Германа, Г.​Панфілава, у бел. кіно В.​Нікіфарава, М.​Пташука, В.​Рубінчыка, В.​Рыбарава, В.​Чацверыкова і інш.).

З 1980-х г. на сусв. К. пачалі ўплываць тэндэнцыі постмадэрнізму (адлюстраванне крызісу маст. культуры 20 ст.), якія па-рознаму выявіліся ў еўрап. і амер. кіно (творчасць Д.​Джармена, П.​Грынуэя, прадстаўнікоў франц. «новай хвалі», амер. рэжысёраў пакалення «япі» і інш.). У неігравым кіно ў сярэдзіне 1980-х г. развіваліся маст. традыцыі сусв. і сав. дакумент. К., кінематаграфісты Г.​Рэджыо (ЗША), А.​Сакураў, А.​Касакоўскі (Расія), В.​Дашук (Беларусь) і інш. імкнуліся да пошукаў новай формы, спосабаў і метадаў маст. асэнсавання хранікальнага матэрыялу, рэальных падзей. У сав. ігравым кіно пашырылася т.зв. «кіно чорнай хвалі» («чарнушнае кіно») і імкненне да відовішчнасці. У 1990-я г. кіно Расіі, Беларусі і інш. краін, што ўтварыліся пасля распаду СССР, з-за цяжкага фін.-эканам. становішча і спаду вытв-сці перажывае глыбокі крызіс. К. пост-сав. краін практычна не ўпісваецца ў сістэму сусв. К., у якім таксама назіраюцца крызісныя з’явы.

Літ.:

Аристарко Г. История теорий кино: Пер. с итал. М., 1966;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Нечай О.Ф. Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Актуальные проблемы киноискусства. М., 1977;

Жанры кино. М., 1979;

Смаль В.И. Сквозь призму десятилетий. Мн., 1980.

Л.​М.​Зайцава, Г.​У.​Шур (неігравое кіно).

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

за ​1, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца і пад., за межы якіх накіравана дзеянне, рух або за якімі, па другі бок якіх знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. Паехаць за горад. Жыць за ракой. □ За вёскай, у лесе, ладзілася маёўка. Асіпенка. // (з дзеясловамі «сесці», «усесціся», «стаць» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, каля якога хто‑н. размяшчаецца для работы або якога‑н. занятку. Сесці за стол. Стаць за пульт кіравання. Сядзець за рулём.

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, услед за якімі рухаецца хто‑, што‑н. Хадзіць за плугам. □ За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. За двума зайцамі пагонішся — ні аднаго не зловіш. Прыказка.

Часавыя адносіны

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, на працягу якога што‑н. адбывалася або адбылося. За ноч падмарозіла. Падрос за лета. □ Многа падзей адбылося за апошнія часы. Колас. А больш за ўсё бабе крыўдна, Што ён за свой казацкі век Клінком дамаскім, гартаваным, Яшчэ не ўсіх паноў пасек... Танк. // Ужываецца пры азначэнні прамежку часу, які патрабуецца для выканання чаго‑н. Ураджай можна ўбраць за месяц.

4. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адначасовасці, паралельнасці розных з’яў, дзеянняў і пад. Сустракаліся за работай. □ Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. За вячэрай.. пачыналася размова пра грыбы. С. Александровіч.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы і пад., у бытнасць, перыяд дзейнасці якіх адбываецца што‑н. За бацькамі лёгка жывецца. Звозіць снапы за пагодай. □ А зямелькі шнур, Пляц, якім валодала За царом карчма, Як зямля народная, Іхнім стаў дома. Куляшоў.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, які аддзяляе адно, папярэдняе дзеянне ад другога, наступнага, звычайна выражанага назоўнікам роднага склону з прыназоўнікам «да». За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. За год перад вайна Грысь... зрабіў на Стамагільскай рацэ паром. Кулакоўскі.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, за межы якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. □ Час падходзіў за Пакровы. Вецер ліст з лясоў атрос. Колас.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. За летам прыйшла восень. □ За ветрам упалі першыя рэдкія буйныя кроплі. Галавач. // Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці падзей, з’яў. Мінае дзень за днём, за годам год мінае. Танк.

Аб’ектныя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якія бяруць, да якіх дакранаюцца, за якія трымаюцца і пад. Павітацца, за руку. Узяць за плечы. Схапіцца за жывот. Учапіцца рукамі за маці. □ Ярмоленка ціхенька бярэцца за дзвярную ручку. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні занятку, да якога прыступаюць. Сесці за ўрокі. Узяцца за работу.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія выклікаюць тое ці іншае пачуццё, перажыванне. Непакоіцца за сына. Сорамна за непачцівасць. □ І ў сэрцы радасна бясконца За лёс краіны, за яе У вяках нягаснучае сонца, За песні, што народ пяе, За мірны і бясхмарны поўдзень Над беларускаю зямлёй. Танк.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, у дачыненні да якіх хто‑н. бярэ на сябе абавязкі, клопаты, адказнасць і пад. Ручацца за поспех. □ Алесь адчуў, што ўся адказнасць за падрыхтоўчыя работы ляжыць цяпер толькі на ім. Броўка. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якіх падтрымліваюць, за якіх заступаюцца. Закінуць слова га таварыша. □ Ой, патрапіць народ часам За сябе ўступіцца. Купала. За цябе, Беларусь, горда Пастаю на варце ля мяжы. Чарот. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, у імя якой што‑н. робіцца, выконваецца. Паднімем жа чаркі сям’ёю адзінай За матак, сясцёр і братоў. Броўка.

12. з Т (рэдка). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., па якія хто‑н. адпраўляецца. Хто палез за агуркамі, Хай той носіць пухіры. Крапіва. Рана ўсталі маладзіцы Ды да студняў за вадой. Янішчыц.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у абмен на які што‑н. набываецца, ствараецца, а таксама пры абазначэнні цаны, за якую купляецца або прадаецца што‑н. Набыць за грошы. Купіць за рубель. □ — Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася. Чорны.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., замест якога або ад імя якога дзейнічае хто‑н. Дзяжурыць за таварыша.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія выступаюць або прымаюцца ў якасці каго‑, чаго‑н., як хто‑, што‑н. Прыняць праект за аснову. Палічыць жарт за праўду. □ Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Шамякін. / Пры абазначэнні прафесіі, роду дзейнасці і пад. Быць за старшыню. Вывучыцца за настаўніка.

16. з В. Ужываецца пры параўнанні аб’ёму дзейнасці данай асобы са звычайнай нормай дзейнасці некалькіх асоб. Працаваць за трох. □ Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. Колас.

17. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая выступае жаніхом, мужам каго‑н. (з дзеясловамі «выйсці», «выдаць», «сватаць» і пад.). Выдаць замуж за брыгадзіра. Выйсці за доктара. Была замужам за лейтэнантам.

18. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца аб’ектам назірання, дагляду, увагі. Прыбраць за сабой. □ Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. Колас. Танца здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча. Мележ.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы (асоб), установы і пад., у распараджэнні якіх застаецца што‑н., за якімі лічыцца што‑н. Першынство засталося за дынамаўцамі. За ім лічыцца доўг. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., ад якіх залежыць наступленне якога‑н. дзеяння, стану. Слова за вамі.

20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі параўноўваецца, супастаўляецца хто‑, што‑н. Старэйшы за брата. Цвярдзейшы за камень. □ Праўда даражэй за золата. Прыказка. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «перш за ўсё», «хутчэй за ўсё».

21. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета гаворкі, сведчання і пад. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў Букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Колас.

Прычынныя адносіны

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з’явы і пад., якія з’яўляюцца прычынай, падставай для якога‑н. дзеяння або стану. Хваліць за кемлівасць. Караць за здраду. □ Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу. Броўка. Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Брыль.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які з’яўляецца перашкодай для дзеяння ці наступлення пэўнага стану. За ветрам нічога не чуваць. За работай не мае вольнай хвіліны. □ За дурной галавою і нагам няма спакою. Прыказка.

Мэтавыя адносіны

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца мэтай дзеяння, руху. Звярнуцца за дапамогай. □ [Мікалая Патапавіча] ужо ніхто не будзіць, ніхто не турбуе, ніхто не заходзіць у хату з пытаннямі, за парадамі. Кулакоўскі.

Колькасныя адносіны

25. з В. Ужываецца пры абазначэнні велічыні адлегласці, выражанай у якіх‑н. адзінках. Мястэчка знаходзілася за сорак вёрст ад чыгункі. Корбан. Міліцыянеры бачылі за гоні ад сябе шырокую будыніну школы. Броўка.

26. з В. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, колькасці. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла ўжо за сотню. С. Александровіч.

Акалічнасныя адносіны

27. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую да сябе — усю за раз, з усімі яе думкамі. Брыль. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі. Кулакоўскі.

Азначальныя адносіны

28. з Т. Ужываецца пры абазначэнні знешняй прыметы чаго‑н. па нумару, подпісу і пад. Даведка за подпісам старшыні. □ Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! Куляшоў.

29. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’ёму ведаў. Экзамен за курс пачатковай школы.

за ​2, прысл.

У падтрымку, на карысць каго‑, чаго‑н. — А ты свае [лугі] не запускай, а дамагайся, каб трава добра расла. — Ды я што, супроць? — Не, не супроць, але і не за. Броўка.

•••

За і супроць — тое, што пацвярджае, апраўдвае якое‑н. рашэнне, дзеянне ў супастаўленні з тым, што яго адмаўляе, абвяргае. Узважыць усе за і супроць.

Што за ... гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.​Ладыгіна, Я.​Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа (арх. А.​Максімаў, Т.​Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.​Данілаў), пед. (арх. У.​Зубкоў, З.​Конаш), вет. (арх. А.​Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.​Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.​Кірылаў, А.​Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.​Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.​М.​Машэраву, В.​З.​Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.​Я.​Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.​Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.​Гарбавец, І.​Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.​Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.​Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.​Гумена, Я.​Красоўская, І.​Сталярова, У.​Вітко, В.​Лук’янава, М.​Міхайлава, А.​Ільінова, В.​Ральцэвіча, Л.​Анцімонава, В.​Някрасава, В.​Ціханенкі, П.​Явіча, А.​Салаўёва, А.​Скавародка, А.​Толкача, А.​Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.​Рэпін. Малюнкі», твораў М.​Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.​Шутава, Толкача, А.​Мемуса, А.​Каржанеўскага, У.​Кухарава, А.​Кавалёва, Гумена, У.​Вольнава, Т.​Беразоўскай, А.​Някрасава, А.​Кастагрыза, А.​Ізаіткі, І.​Сталярова, У.​Напрэенкі, М.​Дудзіна, М.​Ляўковіча, Л.​Мядзведскага, А.​Карпана, А.​Слепава, І.​Шкуратава, В.​Ляховіч, А.​Ільінова, М.​Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.​Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.​Шагала, прыватная галерэя А.​Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.​Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.​Л.​Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.​Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.​Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.​Стукаліч, пісьменнік А.​Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.​Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.​Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.​Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.​Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.​М.​Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.​Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.​Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.​Іваноў-Казельскі, У.​Давыдаў, М.​Дальскі, К.​Гарын, В.​Далматаў, П.​Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.​Папова-Волхаўскага, Е.​Кавалеўскага, К.​Вітарскага, А.​Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.​Аўэр, І.​Гофман, С.​Кусявіцкі, С.​Рахманінаў і Т.​Туа, Р.​Піньё, П.​Сарасатэ, Л.​Собінаў, Я.​Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.​Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.​Гуно і «Русалка» А.​Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.​І.​Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.​І.​Ліс (асвета), Т.​І.​Чарняўская (архітэктура), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё), В.​П.​Пракапцова (муз. жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, М.​Л.​Цыбульскі (маст. жыццё).

Герб Віцебска 1597.
Да арт. Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.
Да арт. Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.​Пешкі. 1-я пал. 19 ст.
Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.
Да арт. Віцебск. Гасцініца «Віцебск».
Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.
Да арт. Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́та 1, ла́тка ’лапік’ (Нас., Гарэц., Яруш., ДАБМ, к. 324, Касп., Сцяшк., Зн., Мал., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Ян., КЭС, лаг.), ла́ціна, латачка, латочка (ДАБМ, Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.), ’старая адзежына’, ’недарэзкі, акраўкі’, ’бялізна’, ’пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны’ (Сл. паўн.-зах.), ’пустое, голае месца, на якім нічога не расце’ (Жд. 1, Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’прагаліна’ (Мат. Гом.), ’невялікі зямельны надзел’ (Выг.), ’кішэня’ (Ян.). Укр. лата, латка, харк. лат, рус. бран., смал., кур., арл., тамб. лата, ст.-польск. łata, польск. łatka, чэш., славац. lata ’лапік’, серб.-харв. ла̀тица, ла̏тица, latȉca ’трохкутны кавалак тканіны, цвікля’, макед. алтица ’латка, клін з сукна’, алтица ’цвікля’, балг. латица, рум. altită ’падшыўка’, ’вышываная ўстаўка ў кашулі’. Прасл. ȍlta ’кавалак тканіны, скуры’ з суф. ‑ta (Слаўскі, 5, 34–37; Слаўскі, SP, 2, 41) генетычна звязана з і.-е *ēlē ’шыла’: *elh‑ ’шыць, прашываць, прышываць’, параўн. ст.-в.-ням. ála, ст.-інд. ā́ra ’шыла’ (Ваян, BSL, 44, 2, с. 143–144). Іншыя версіі малаімаверныя (гл. Фасмер, 2, 464; Скок, 2, 274 і інш.).

Ла́та 2, ла́ты, ла́тэ ’паплеціна, жэрдкі, на якія насцілаецца страха’ (Нас., ТСБМ, Янк. I, Мядзв., Шн. 3, Мат. Гродз., Яруш., Шушк., Бес., Касп., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), паст. ’жэрдка, якою прымацоўваюць салому зверху на страсе’, пін. ла́тіна ’тс’, віл. ’бервяно, якім змацоўваюць плыт’ (Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’прыклад стрэльбы’ (КЭС), ст.-бел. лата, латва ’лата’ (XVI ст.), ла́ціна ’жэрдка’ (Нас., Касп., Шат.; беш., Нар. сл.). Запазычана са ст.-польск. łata, якое з с.-в.-ням. latte, late ’доўгая вуглаватая лацвіна’ (Кюнэ, Poln., 73; Слаўскі, 5, 38; Фасмер, 2, 464 і інш.). Сюды ж ла́ціць (гл.).

Ла́та 3 ’сярэдняя перасоўная аднасценная сетка з заходам’ (Крыв.), ’невад без матні’ (Помн. этнагр., 66), ’сеткавае палатно невада, якое ў час руху прымае выгляд жолаба’ (брэсц., гродз., Браім), лельч. ’круглы сак з дубовых дубцоў’ (ЛАПП). Ст.-польск. łatnica ’сетка для лоўлі рыбы’, в.-луж. łata ’вялікая сетка, невад’. Да прасл. lat‑(iti) ’схапіць’ (Брукнер, 307). Параўн. серб.-харв. ла̏тити ’тс’. Гл. таксама ла́тацца.

Лата́ ’жулік’ (Бяльк.), польск., каш. łata ’абадранец, нягоднік, хуліган, гультай’, ляш. łata, чэш. lata (з польск.). Слаўскі (5, 37) суадносіць польск. лексему з łata ’лапік’ (гл. ла́та 1) > ’палапленае адзенне’, якое перайшло на асобу ў такім адзенні. Націск на канцы слова пад уплывам лексем ⁺латай (параўн. латайстваваць), ⁺латуй (лацу́й).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клець ’сялянскі будынак для захавання маёмасці; свіран, кладоўка’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., ДАБМ, Тарнацкі, П. С., Шушк., Бломкв., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Нік. Очерки, Бяльк., Яруш., Нар. словатв., Сцяшк., Грыг., Мал., Шн., Некр., Хар., Сержп., Маш., Гарэц.). Укр. кліть, рус. клеть, балг. клет, макед. клед, серб.-харв. кле̑т, славен. klét, польск. kleć, чэш. klec. У гэтых паралелях адзначаецца тры асноўныя значэнні: ’сялянскі будынак для захавання маёмасці, свіран’, ’часовае памяшканне, прыбудова’, ’хаціна, будан’. Першае значэнне адзначана практычна ва ўсіх славянскіх мовах, другое і трэцяе пераважна на сербска-харвацкай, рускай і польскай тэрыторыях. Унутраную форму зберагло толькі серб.-харв. кле̑т ’будан, сплецены з прутоў’. Аб той жа ўнутранай форме сведчаць значэнні прасл. klětъkа ’клетка для птушак і жывёл’. На гэтай аснове рэканструюецца прасл. klětь ’будан, складзены з жэрдак і аплецены прутамі’. Таму нельга пагадзіцца з рэканструкцыяй Махэка (ВЯ, 1957, I, 97), які бачыць у аснове першаснага значэння ’зруб у якасці свірана’. У сувязі з гэтым узнікае праблема адносін прасл. klětь да літ. klė́tis ’кладоўка, свіран’, лат. klēts ’тс’. Эндзелін (Мюленбах-Эндзелін, 2, 225) лічыць іх генетычна тоеснымі са славянскімі. У якасці крытэрыю ён прыводзіць архаічнасць вакалізму, але такі вакалізм вядомы і ў пазнейшых запазычаннях з усходнеславянскіх моў. Лінгвагеаграфічны крытэрый сведчыць аб другаснасці літ. klė́tis і яго запазычання з перыферыйнага польскага дыялекту. Што датычыць прасл. klětь, то яго спрадвечнасць давесці цяжка. Версія Махэка (цыт. праца) klětь < *klēu̯‑ti фанетычна і семантычна неверагодная (першаснае значэнне ’сціскаць, зачыняць’). Семантыка прасл. klětь добра адпавядае семантыцы і.-е. k̑lei̯ (’прыстаўляць, прыхіляць’, ’будан з жэрдак’, ’краты’), але фанетыка застаецца нявытлумачанай. Яшчэ Шахматаў (AfSlPh, 33, 90) выказаў гіпотэзу аб кельцкай крыніцы славянскага слова. Параўн. ст.-ірл. clíath ’пляцень, краты’, clíthar ’хаціна’, гал. *klēta ’пляцень, краты’. Кельцкія словы ў адрозненне ад славянскіх маюць надзейную індаеўрапейскую этымалогію і зыходзяць да архетыпа *k̑lei‑t (і.-е. ei > пракельц. ē): гоц. hleiþra ’будан’, ст.-грэч. κλισία (< *klitia ’тс’), літ. šlitìs ’адрына’. У аснове гэтай групы паралелей ляжыць і.-е. k̑lei са значэннем ’пакласці, прыхіліць’ (ст.-інд. śrayate, ст.-грэч. κλίνω, лац. clino і інш.). Апрача гэтага, індаеўрапейскія паралелі маюць яшчэ значэнне ’лесвіца’ (ст.-грэч. κλίμαξ, ∼ ням. Leiter, літ. šlìtė) і ’пляцень’ (ірл. clíath, лат. slits). Такім чынам, прасл. klětь адлюстроўвае кельцкую фанетыку (k < k̑ і ē < еі) і семантыку (Мартынаў, SO, 29, I/2, 161–164; Мартынаў, Язык, 38–42).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганець ’начны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανον ’патэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на ᾱ, а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю t…g ⩾ k…g, g…g». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiec ’металічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганок ’маленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пац 1 ’аплявуха’ (Нас., Гарэц.), пицаць ’біць’, пацнуць ’ударыць па твары’ (Нас.). Укр. пацати (ногами) ’лежачы на жываце, біць нагамі’, польск. рас, раса, pacnąč ’аб удары’, чэш. рас, päcat, päcnouti ’біць’, славац. päckať ’наносіць удары’, серб.-харв. пацка ’розга, дубец’, ’біццё па руцэ лінейкай’, пацкати ’секчы дубцом, розгай’, славен. pacȃti ’няправільна іграць’. Для апошніх Скок (2, 583) крыніцай запазычання ’называе баварсканям. Batzen ’удары па руцэ’. Аднак Махэк₂ (425) чэш. pacnout і інш. разглядае як варыянт звонкага чэш. bácnouti, мар. bäcat ’грукаць, біць’ і выводзіць для іх прасл. інтэнсіў bacati, якое утварылася ад прасл. batati (пры дапамозе -5-), роднаснага з лац. battuo (> італ. battere, франц. battre) ’біць’ (гл. Махэк₂, 41). Але звонкі варыянт распаўсюджаны шырэй: Трубачоў (Эт. сл., 1, 118–119) уключае ў гняздо bacati (sę) таксама bocati (sę), рус. буцать, укр. буцати, серб.-харв. бецати, славен. bȏdcati, bacniti ’біць, штурхаць’, славац. bicať ’біць, бухаць’, а таксама балг. ббцам ’калю, паколваю’ < ст.-балг. бодьцачь, якое Геаргіеў (БЕР, 1, 70) рэканструюе як прасл. bodbcati і супастаўляе яго з лац. fodico ’паколваць’ (< і.-е. *bhod‑ik‑äjö). ЕСУМ (1, 154) услед за Махэкам выводзіць прасл. форму як s-інтэнсіў (bal‑s‑ati) ад асновы bat‑ ’біць’, прызнаючы мала пераканаўчым тлумачэнне бац як гукапераймальнае (Бернекер, 1, 37; Праабражэнскі, 1, 20).

Пац 2, пацук ’грызун Rattus rattus і Rattus norvegicus’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Мал., Яруш., Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк.; КЭС, лаг.; воран., Шатал.; слонім., Арх. Бяльк.; чэрв., смарг., шальч., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ТС). Укр. пацюк, боцук ’вадзяны пац’, бойк. паця морське ’марская свінка’, рус. паўд. пац, пацюк, пасюк ’вялікі хатні пацук, Mus decumanus’; польск. Ьас ’тс’, серб.-харв. пацов ’пац’, н.-луж. batś, batśo ’пакладаны вяпрук’, славен. расе, pacek ’парасё’, pačej ’кабан’. Не зусім ясна. Фасмер (3, 222) услед за Праабражэнскім (2, 30) выводзіць рус. лексему пацюк з гукапераймання. Трубачоў (Происх., 68–69) мяркуе, што назвы парасяці, свінні, кабана ва ўкр. і паўд.-слав. гаворках звязаны з пазыўнымі словамі: укр. паць, славонск. packo, далмац. расе. На думку аўтараў ЕСУМ (1, 154), гэта слова паходзіць ад прасл. асновы bat- з першасным значэннем ’збіты, звалены’; прыводзіцца аналогія з рус. боров, якое ад бороть. Назва з парасят была перанесена на пацукоў паводле знешняга падабенства. Гл. яшчэ Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 345). Сюды ж кам. пацинка ’кавалак сала на дубчыку, спечаны на агні’ (Сл. Брэс.)Спаця ’свінка, парасё’. Аналагічна польск. pacanka ’сала, падсмажанае над агнём’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плёс 1, плёса, плёска, плёсы, плёса, плес, пле́со ’шырокі, ціхі і глыбокі ўчастак ракі паміж перакатамі, заваротамі ці астравамі, затока’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. Сл., Гарэц., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.; жытк., саліг., стол., Талст.; Стан.; карэліц., Сцяшк. Сл.), ’яміны з вадою на сенажаці’, ’пойма ракі’, ’самы глыбокі ўчастак возера, дзе ловяць рыбу’, ’заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), ’ціхая завадзь’ (Бяльк.; Гарэц., Байк. і Некр.), ’былое рэчышча’ (смарг., Сцяшк. Сл.), ’яма на лузе, запоўненая вадой’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’чыстае, незарослае сярод возера месца’ (паўн.-усх., КЭС), ’частка ракі. якая зімой не замярзае’ (лях., ЛА, 2), ’шырокае месца на рацэ, а таксама на лузе, у полі’ (ТС), ’сярэдзіна возера, ракі’ (полац., Талст.), ’шырокі фарватар’ (Крывіч, 1), бабр. ’возера, зарослае расліннасцю’, ’балота’, ’нізкі, заліўны луг’, ’забалочаныя берагі азёраў’ (палес., Талст.), ’прырэчная сенажаць, якая заліваецца ў час разводдзя’ (глус., Янк., дыс.), ’занесенае пяском колішняе балота’ (Скарбы). Укр. пле́со ’возера па цячэнню ракі, моцна пашыранае месца ракі, не зарослае, з ціхай плынню’, ’градка чатырохвугольнай формы’; рус. плёс, плёса, плеса́ ’адкрытая, шырокая частка ракі са спакойнай плынню’, ’глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’яма на балоце’, ’заліўны луг, ’новы бераг ракі пасля мены яе рэчышча’, ’нізкае месца, дзе стаіць вада’, ’балота’, ’пелька ў балоце’; польск. дыял. plosek ’невялікая яма, запоўненая вадой’, вял.-польск. pleski (1498 г.), рыбацк. ploso ’глыбіня, глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’поўнае возера’, ’пойма ракі’; ст.-луж. ples(o) ’возера’; чэш. pleso ’возера, ставок, стаячая вада; глыбокае месца ў струмені; лужа для гусей’; ’западзіна ў рацэ’, ’балота’; славац. pleso ’горнае бяссцёкавае возера’, ’сажалка’, ’стаячая вада, лужа’; на паўд.-слав. тэрыторыі захавалася толькі ў тапонімах. Прасл. *pleso. Няяснае слова рэліктавага паходжання (Махэк₂, 458–459; Банькоўскі, 2, 610). Фасмер (3, 280) семантычна збліжае яго з пле́сна, плюсна, выводзячы прасл. *pletso, што, на думку Бязлая, з’яўляецца сумніўным; ён падтрымлівае думку Махэка, спасылаючыся на с.-в.-ням. Flosche ’яма, у якую прасочваецца вада’, лат. plesa, plēsa ’нерухомае глыбокае месца ў рацэ і інш.’ (Этимология–1973, 183–184). Сучасная семантыка, як здаецца, не пацвярджае меркаванне пра супрацьпастаўленне слав. *Pleso — *Bolto, як адкрытай і забалочанай воднай прасторы (Трубачоў, Этногенез, 128), параўн. плёсо ’зарослае балота, твань’ (ганц., ЛА, 5).

Плёс 2 ’хвост у вялікай рыбіны’ (Нас., Гарэц., Дабрав.), рус. дыял. плеск і плёск ’задняя частка тулава рыбы, рыбін хвост’. Да плёскаць (гл.), параўн. плёс! — ’удар рыбы хвастом’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плі́ска 1, плісі́ца, плісі́чка, плі́сачка, плі́саўка, плі́шка, плі́скаўка, плі́стаўка, сліска́ха ’птушка з доўгім хвастом, сітаўка, Motacilla alba L.’ (ТСБМ, Гарэц., Мік., Маш., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Маг., Нас., ТС, Шат., Юрч. Вытв., Сцяшк. МГ; ЛА, 1); укр. пли́ска, бли́ска, рус. пли́ска, пли́сица, плисивка, пли́згавица: польск. pliszka, pliszczka, plistwa, pliskwa, pluszka, pluskwa, н.-луж. spliska, в.-луж. pliška, чэш., славац. pliska, blyska, bleska, blíska, bliskva, славен. plíska, plȋkavica, серб.-харв. пли̏ска, fliska, kliska, pliskuša. Прасл., відаць, *plisьka. Махэк₂ (460) мяркуе, што назва паходзіць з гукапераймання голасу птушкі pis‑pis; Скок (2, 684) бачыць тут вытворнае ад дзеяслова pliskati ’плёхацца ў вадзе’, гэтаксама Праабражэнскі, 2, 75, Младэнаў, 430, Струтынскі, Nazwy, 91, Голуб-Копечны (278) звязваюць назву птушкі з сівым, шэрым колерам; Фасмер (3, 283) лічыць роднасным са ст.-слав. плишть ’шум’, чэш. plišť, н.-луж. plišć ’плач’. Бел. плі́ссаўка — гэта кантамінаваная назва з плі́ска і сітаўка (літарат. назва пліскі). Гэтаксама пліскаўка, плістаўка.

Плі́ска 2 ’пырска’, ’сляза’ (жытк., мазыр., Мат. Гом.), плі́скі ’пырскі’ (Сцяшк. Сл.; ТС). Да плі́скаць, пле́скаць (гл.).

Плі́ска 3 ’раска’ (бяроз., Сл. Брэс.). У выніку кантамінацыі лексем пле́сня і плі́ска 2 (гл.).

Плі́ска 4 ’драбіны ў возе’ (лун., Сл. Брэс., Шатал.). Да паплі́ска (гл.).

Плі́ска 5 ’падшыўка (напр., у спадніцы)’ (мазыр., Шатал.). Да пліс 2 (гл.).

Плі́ска 6, плі́скі, пліскі́, пліскы́, плы́ска, плы́скы, плыскы́ ’грыб лісічка, Cantharella cibarius’ (беласт., кам., кобр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ; Бес.; кам., жабін., Сл. Брэс.), параўн. польск. дыял. pliska, pliszka ’тс’. З плі́ска ’птушка сітаўка’ > плі́саўка (гл.) — лісічкі названы паводле падабенства іх колеру з колерам жоўтых ці жоўтаспінных сітавак, параўн. літ. назвы лісічак: voveruškà — першаснае ’вавёрка’, gaidẽlis ’пеўнік’, чэш. kouřatko ’куранятка’. Этымалогія польскай назвы ў Тарнацкага — “od pliszki żółtej (Motacilla flava)” (Тарн., 58); гл. таксама Лабко (Бел.-польск. ізал., 70) пра сувязь з укр. дыял. плі́ска ’шапачка жолуда або арэха”, суадноснае з літ. pléiskanos ’лусачка скуры’; паводле Німчука (Давньорус., 246), аснова ўкраінскага слова звязана з (за)плішка < (за)плісчка ’невялікі драўляны клін’ ад (за)пліскити < (за)плісчити, гл. плішч, што малаверагодна. Махэк зыходзіць з першапачатковага *plucha ’луска’ (< і.-е. *plou‑sā, параўн. старажытнанардыйскае frosa ’скурка’), што ўрэшце дало б pljuska, параўн. палес. плюсы ’грыбы, падобныя на лісічкі’; яшчэ раней так Голуб-Копечны, якія ўзводзяць *plu‑cha да прасл. *pelva, з аблаўтам *pel‑u, што, на думку Гаўлавай (Etym. Brun., 1978, 23), найбольш праўдападобна, бо грыбы пакрыты лускавінкамі. Магчыма, але тады зыходная назва адносілася, хутчэй за ўсё, да іншых грыбоў, а не да лісічак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)