прыро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Усё існае на зямлі, не створанае дзейнасцю чалавека; увесь свет у разнастайнасці яго форм. Законы прыроды. Пераўтварэнне прыроды. З’явы прыроды. □ Нейкі няўлоўны подых блізкай восені ўжо адчуваўся ў прыродзе. С. Александровіч. Бацька працаваў прарабам па лесасплаву і лесанарыхтоўках і навучыў мяне любіць прыроду. Агняцвет. // Сукупнасць асаблівасцей якой‑н. мясцовасці (рэльеф, раслінны і жывёльны свет, кліматычныя ўмовы і пад.). Сібірская прырода. Паўднёвая прырода. □ [Алена] зразумела яго захапленне дзівоснай прыродай Урала. Шамякін. // Разм. Мясцовасць па-за горадам. Выехаць на прыроду.

2. Сукупнасць, асноўныя якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. Прырода атама. Чалавечая прырода. Прырода сацыялістычнага ладу. □ Ужо такая і ёсць прырода ў савецкай машыны, што любіць гэта машына прастор. Брыль. // Паходжанне. Прырода маланкі. Вірусная прырода захворвання.

•••

Ад прыроды, з прыроды — ад нараджэння, з пачатку існавання. Ад прыроды слабахарактарны, ..[Юрка] толькі пазіраў на Ніну і паціскаў у недаўменні плячамі. Ермаловіч. З прыроды Не дадзена яму [жуку] адчуць у мёдзе смак, Таму ён і не хваліць мёду. Корбан.

Гульня прыроды гл. гульня.

Мёртвая прырода — неарганічны свет (не жывёльны і не раслінны).

На лоне прыроды гл. лона.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раза́к ​1, ‑а, м.

1. Прылада для рэзання чаго‑н. Мадэльеры распрацавалі спараныя разакі для раскрою мяккага скуртавару. «Звязда». // Рэжучая частка якой‑н. прылады, інструмента, машыны. Не забыта .. [зямля], бо вунь пры шляху востра паблісквае на сонцы разаком плуг. Мурашка. // Абл. Піла. Назаўтра з раніцы засунуў [Марцін] за пояс спрытную сякеру, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў ў лес. Колас.

2. Інструмент для кіслароднай рэзкі металаў. Аўтагенны разак.

3. Рабочы, спецыяліст па забою жывёлы, птушкі.

4. Абл. Жорсткая, але нетрывалая заледзянелая скарынка снегу або лёду. Святло .. [ракеты] часам прымушала яго легчы на жорсткі, сцукраваны снег, і Васіль па разаку вужам перапаўзаў.. на шэрае ворыва або таіўся нерухома ў праталай разорыне. Грамовіч. — На разаку ты такі лавок не паставіш правільна .. — зрушыць плынню. Масарэнка.

раза́к ​2, ‑у, м.

Шматгадовая вадзяная расліна сямейства жабнікавых з моцнымі калючымі лістамі і буйнымі белымі кветкамі, якая ў час цвіцення ўсплывае на паверхню. У затоках вясною і ў дажджлівыя гады стаяла брудная рудая вада і ў ёй расла жорсткая і такая ж рудая асака, перамешаная крамяным лапушыстым разаком. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́кцыя ​1, ‑і, ж.

1. Дзеянне або ўчынак, які з’яўляецца адказам на якое‑н. уздзеянне. Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Шамякін. Смех выклікаў у дзяўчат дваякую рэакцыю. Васілевіч.

2. Спец. Адказ арганізма на тое ці іншае знешняе раздражненне або ўздзеянне. Рэакцыя вока на святло. □ Такія рэакцыі прынята лічыць за паказчык актыўнага цячэння інфармацыі. «Весці». // Рэзкая перамена ў самаадчуванне слабасць пасля моцнага напружання, узбуджэння. Рэакцыя пасля перанапружання.

3. Фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі.

•••

Ланцуговая рэакцыя — рэакцыя, пры якой прадукты яе могуць зноў уступаць у злучэнні з зыходнымі прадуктамі.

Рэакцыя замяшчэння — хімічнае ператварэнне, пры якім у малекуле злучэння атамы аднаго элемента становяцца на месца атамаў другога элемента.

[Ад лац. re — проці і actio — дзеянне.]

рэа́кцыя ​2, ‑і, ж.

Палітыка жорсткага падаўлення рэвалюцыйнага руху і грамадскага прагрэсу, якую вядуць эксплуататарскія класы ў барацьбе за захаванне або зварот сваіх правоў і палітычнага панавання. // зб. Рэакцыянеры, рэакцыйныя сілы. Міжнародная рэакцыя. Прошукі рэакцыі. □ І ў Купалы і ў Коласа вораг .. заўсёды называецца сваім спецыяльным імем: «пан», «ксёндз» — цэнтральныя фігуры польскай рэакцыі. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́га,

1. Прысл. да тугі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. [Палкоўнік:] — Калі завяжацца бой, нам будзе туга. Няхай.

3. безас. у знач. вык. Пра недахоп чаго‑н., пра цяжкасці з чым‑н. — З усімі матэрыяламі, хлопцы, туга, — уздыхае начальнік. — Пастаўшчыкі падводзяць. Мыслівец.

туга́, ‑і́, ДМ тузе́, ж.

1. Смутак, маркота, журба. Столькі было тугі па свабодзе і мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы! Брыль. // Пачуццё нуды, выкліканае бяздзейнасцю або немагчымасцю ажыццявіць тое, што задумана. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Быкаў. // Адлюстраванне такога стану, пачуцця (у вачах, на твары і пад.). Зноў на твар .. [маці] кладзецца цень тугі і трывогі. Ракітны. З тваіх вачэй сатру тугу І засвячу празрысты ранак. Матэвушаў. У .. зеленаватых вачах [Яўцеха Гаўрылавіча] была такая туга і такі боль, што нам хацелася хутчэй развітацца, каб не бачыць гэтага. Пянкрат.

2. Выказванне душэўнай прыгнечанасці, скрухі, смутку (у музыцы, песні, вершы і пад.). Вершаў, прасякнутых матывамі тугі, беспрасветнасці жыцця, у Коласа многа, яны закранаюць, бадай, усе больш-менш прыкметныя асяродкі дзейнасці селяніна, яго побыту, працы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.

2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.

3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.

4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.

•••

Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.

Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),

у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.

На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш. гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформа пач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн. чал. Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял. Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс. чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс. чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш. Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.

Літ.:

Гурков В.С. Современная белорусская деревня. Мн., 1975;

Улашчык М. Была такая вёска: Гіст.-этнагр. нарыс. Мн., 1989.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печериця — чепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́па, ‑ы, ж.

1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. □ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.

2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.

3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. □ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.

4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.

5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.

•••

Даць (сунуць) у лапу гл. даць.

Запусціць лапу ў што гл. запусціць.

Налажыць лапу на што гл. налажыць.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.

У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).

Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.

Як курыца лапай гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)