Тарары́нка ’від клямара, скабы (у коле воза)’ (нясвіж., Нар. словатв.), тарары́лка ’дэталь у возе’ (шарк., Цыхун, вусн. паведамл.). Укр. дыял. тараре́нька, тарари́нька ’жалезны хамуцік, якім змацоўваецца вось, падушка і падвосьнікі ў возе; хамуцік на восі воза, які не дае змазцы пыліцца і выцякаць’, палес. тарари́нка, тари́нок, три́нка, трайри́нок ’жалезнае колца, што злучае вось з навосьнікам і насадам’, таралі́нка ’ўнутраная гайка восі’ (Нікан., Трансп.), польск. дыял. trarynki ’кольцы, якімі насад у возе мацуецца да восі’. Слова нямецкага паходжання, параўн. н.-ням. Teerring ’дзягцярнае кола’, старое ’дзягцярнае кола на восі воза’ складаецца з Teer ’дзёгаць, смала’ і Ring ’круг; кола’ (ЕСУМ, 5, 520). Гл. таксама тарадынка, тардынка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́зу́р 1 ’від танца’ (Інстр. III) запазычана з польск. mazur(ek) ’мазурскі танец’, таксама як і ўкр. мазу́р. У рус. і чэш. мовах мазурка, mazurka — ж. р., як полька, венгерка (Фасмер, 2, 558; Махэк₂, 356). У сучасных бел. гаворках таксама мазу́рка (з рус.), параўн. ваўк. мазурка ’тс’ (Сл. ПЗБ). Значэнне ’чарнарус’ (Нас.) — да ма́зу́р ’паляк паўн.-усх. Польшчы’ < польск. mazia ’балота’.

Ма́зур 2 ’з запэцканым тварам, брудны’, ’смуглы’ (Нас., Шат.) і мазура́ка ’мурза, неахайны’ (Нікан.) утвораны пры дапамозе суф. ‑ур (з экспрэсіяй зніжанасці), ‑ур‑ака ад мазаць (гл.) (Сцяцко, Афікс. наз., 70). У іншых слав. мовах аналагічна: укр. замазу́ра, замазуха, в.-луж. mazuch, рус. мазу́рина ’пляма іншага колеру на поўсці ў сабакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўз, поўз, пыўз ’па’, ’уздоўж’, ’непадалёку’, ’каля’, ’міма’, ’праз’, ’вакол’ (ТСБМ, Кар., Шат., Гарэц., Мал., Чуд.; чэрв., ДАБМ, к. 221; пух., раг., чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ), по̂з ’побач, міма, каля’ (Нікан.). Укр. повз ’міма’, рус. у прысл. поз‑доль, поз‑дол, повздоль ’уздоўж, паралельна’. Да па‑ (< прасл. po‑) і vz, — апошняе з прасл. ъz, да якога пазней далучылася v‑ як вынік зіяння (Мее, MSL, 20, 111; Гуер, Sb. filolog., 7, 23). Слав. vьz адпавядаюць літ. už‑, лат. uz‑ (ESSJ SG, 1, 276–281). Сюды ж паўзбоч, поўзбоч ’каля, уздоўж’ (ТС), ’у баку, каля’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), а таксама паўзбо́чча ’месца на схіле канавы, узгорка’ (Яшк.) і поўзверх ’па-над, блізка пад верхам’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рыць ’з сілай, моцна біць па чым-небудзь’, ’выбіваць, праць бялізну пранікам’ (ТСБМ, Мал., Бір., Некр., Янк. 1, Шат., Сцяшк. Сл., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; ЛА, 3), пэріть ’сячы, біць’ (Нікан.), пэрыты ’біць, збіваць’ (Клім.), пе́рыць ’лупцаваць’ (стаўб., Жыв. сл.), ’ісці (пра вялікі дождж)’, ’лупцаваць дзіцё’, ’прагна есці’ (саліг., Нар. словатв.). Укр. пра́ти ’мыць’, ’біць, дубасіць’, рус. пра́ть ’ціснуць, перці’, ’гнесці, душыць’, польск. prać, чэш. práti, славац. prať, славен. práti ’таўчы, гнесці’, ’мыць’, серб.-харв. пра̏ти, макед. пере, балг. пера́, ц.-слав. пьрати ’таптаць нагамі’, ’умываць’. Прасл. *pьrati, *periti ’біць, удараць’, роднаснае літ. per̃ti ’лупіць, драць, сячы’, ’парыць каго-небудзь у лазні’, лат. pḕrt ’тс’ (Міклашыч, 239; Фасмер, 3, 240; Фрэнкель, 578; Бязлай, 3, 104; БЕР, 5, 167), гл. праць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валява́ха 1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха 2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха 1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туле́йкі ‘лыка для пляцення лапцяў’ (Растарг.). Параўн. укр. туле́йка ‘дэталь у возе (колца, што злучае вось з насадам)’ (Нікан., Трансп.), тулі́йки ‘дробнае пер’е ў курэй, якое цяжка выскубаць’; тулі́йка ‘ніжняя частка рога’; рус. туле́йка ‘верхняя частка лапаты, куды ўстаўляецца чаранок’, ‘унутраная частка шапкі’ (СРНГ), польск. tulejka, tuleja ‘трубка’, ‘лейка’, чэш. tulejka, tulajka ‘трубчатая частка прылады для ўстаўкі чаранка’, славац. tuľajka ‘абойма, насадка’, серб. ту́лајка ‘трубачка’, ‘жалезны абруч, які злучае часткі возу’, балг. туле́йка ‘частка сякеры, куды ўстаўляецца тапарышча’. Вытворнае ад прасл. *tulěja/*tulьja ‘трубка’, якое генетычна звязваецца з прасл. *tulъ ‘калчан’, *tuliti ‘гнуць, прыціскаць’, гл. тул 2, туліць. У канкрэтным выпадку гутарка ідзе пра скрутак лыку ў выглядзе трубкі, параўн. в.-луж. tulawa ‘дудачка з вярбы’, славен. tuljáva ‘катушка, шпулька, цэўка’, ‘кароткая трубка’ і інш. (Махэк₂, 648; Борысь, 653; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401; Скок, 3, 520–521; Шустар-Шэўц, 1557; Бязлай, 4, 246; ЕСУМ, 5, 672).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пень, пэнь ’ніжняя частка ствала спілаванага або зламанага дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’бервяно’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), ’дрэва наогул’ (чэрв., барыс., Сл. ПЗБ), ’куча галля, ламачча’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’смаляны пень на падпал; хлыст дрэва’, ’пень с карэннем; шышак’: пень, апенак, ’цвёрдая частка пяра; адросткі пер’яў’, пе́нне, пення ’адросткі пер’яў’ (Сл. ПЗБ), пень ’вулей, калода’ (Скарбы), ’калодачны вулей’ (Нікан., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’ляжачы вулей’ (ЛА, 1), ’частка снапа ад перавясла да зрэзу’ (мін., лаг., Шатал.), сюды ж пеньчужо́к ’аб’едзенае жукамі сцябло бульбы’ (Сл. ПЗБ), ’някемлівы, нездагадлівы’ (міёр., З нар. сл.; барыс., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Нас.): параўн. укр. пень, рус. пень, польск. pień, н.- і в.-луж. pjeńk, чэш., славац. peň, славен. pẹ̑nj, pȃnj, серб.-харв. па̑њ, макед. пен, балг. пън. Прасл. *pьnʼь, роднаснае з літ. pínas ’галіна’, ст.-інд. pínāka‑ ’кій’, ст.-грэч. πίνας ’бервяно, дошка’, ст.-в.-ням. witu‑vîna, ст.-н.-ням. vîne ’куча дроў’ (Фасмер, 3, 233; Бязлай, 3, 7–8; Махэк₂, 443; Покарны, 830).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праць ’мыць, б’ючы пранікам (бялізну, палатно)’ (ТСБМ, Нас., Некр., Янк. 1, Юрч., Бес., Мік., Шн. 2, Янк. Мат.), пра́ці, пра́ты ’тс’ (Сл. ПЗБ), пра́ті ’тс’ (Сл. Брэс.), ’біць, лупцаваць’ (Юрч., Нікан.), ст.-бел. прати ’тс’. Рус. прать ’мыць, калаціць бялізну, укр. пра́ти ’мыць, калаціць’, ст.-рус. пьрати, перу ’мыць бялізну’, польск. prać ’мыць бялізну’, в.-луж. prać, н.-луж. praś, палаб. perět, чэш. práti, славац. prať, серб.-харв. пра̏ти, славен. práti ’біць, калаціць, мыць’, балг. пера́ ’тс’, макед. пере ’тс’. Прасл. *pьrati, першаснае значэнне ’біць, лупцаваць’. Роднасныя: літ. pẽrti, periù ’біць, сячы лазневым венікам’, лат. pḕrt ’біць венікам у лазні’, арм. harkanem ’б’ю’ (Фасмер, 3, 355; Траўтман, 215, 468). Значэнне ’таўчы, таптаць’ у якасці зыходнага прымаюць Младэнаў, 418; Бязлай, 3, 104; Сной₂, 559 (< і.-е. per‑ ’таўчы’), што зусім верагодна, улічыўшы архаічны палескі спосаб прання, пры якім бялізну топчуць нагамі, параўн. літ. spìrti ’таптаць нагамі’, што, паводле Фасмера (3, 355), роднаснае *perti, гл. перці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Суня́тла, суня́тло ’трайня ў возе’ (Маслен.), сыня́тло ’частка воза, развілка’ (Маслен., Тарн.), ’адтуліна, куды ўваходзіць дышаль’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), свыня́тло, свіня́тло ’доўгая жэрдка, у канцы раздвоеная, якая злучае задок і перадок воза’ (Маслен.; брэсц., ЛА, 2; Бел.-укр. ізал.), ’раздвоеная жэрдка, што мацуецца да разворы’ (Маслен.). Укр. дыял. суня́тло, свиня́тло, синя́тло, сня́тло ’частка воза, развілка, трайня, развора’ (Нікан., Трансп.). Беларуска-ўкраінскі рэгіяналізм няяснага паходжання. Дзендзялеўскі (Sslav., 22, 295) мяркуе, што тэрмін утвораны ад асновы дзеепрыметніка залежнага стану *су‑йнят‑ьл‑о ’тое, што аб’ядноўвае, злучае (задок і перадок воза)’, гл. няць. У такім выпадку варыянт свіня́тло (свыня́тло) — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння са свіння, гл. Аднак рэдкая фіналь ‑тло (адносна фарманта ‑tlo, параўн. Трубачоў, Этимология–1963, 38) і варыянтнасць асновы слова сведчаць, хутчэй за ўсё, на карысць запазычання, параўн. серб. дыял. са̀јтне, са̀јнтали, санита́ли, са̀нтал ’планка ў драбінах воза’, іншая назва ауфсајтне ’тс’ (германізм?), гл. Војвођанска коларска терминологија. Нови Сад, 1984, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ),

Маскоўскі патрыярхат, найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл. Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл. Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк. расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.​І.​Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт. Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус. правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял. Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.​М.​Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг. л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл. Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б. сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац. правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр. правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст. правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс. чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».

Літ.:

Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;

История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;

Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)