Па́луба ’суцэльнае гарызантальнае перакрыццё ў выглядзе падлогі на судне’ (ТСБМ). Рус. па́луба ’тс’, укр. па́луба ’страха з лубу над павозкай’, польск. pałub ’ствол дрэва (выдзеўбаны ўнутры)’, pałuba ’павозка’, чэш. palubeň ’ствол дрэва, полы ўнутры’. Да луб (гл.) (Фасмер, 3, 194). У словаўтваральных адносінах — гэта аддзеяслоўны дэрыват ад *polubiti ’пакрыць лубам’ < paluba.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лубкі́ ’тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца пералому касцей’ (ТСБМ), лубок ’тс’ (ветк., Мат. Гом.); лубкі́ ’вокладкі кнігі’ (хойн., Мат. Гом.), а таксама лубок ’ліповая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання’ (ТСБМ). Укр. лубо́к, рус. лу́бо́к, польск. łubki, чэш. loubek, славац. lubok. Паўн.-слав. lubъkъ < lubъ. Да луб 1 (гл.). Гл. таксама лубок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ТКА́НКА ў арганізме,

сістэма клетак, падобных па паходжанні, будове і функцыях, а таксама міжклетачных рэчываў і структур — прадуктаў іх жыццядзейнасці. Спрыяе трофіцы і каардынацыі функцыян. элементаў. У адпаведнасці з асн. саматычнымі функцыямі арганізма адрозніваюць 4 тыпы Т.: эпітэлій, злучальная тканка, мышачная Т. (мышцы), нервовая тканка. Развіццё (гістагенез) кожнага тыпу — вынік дыферэнцыроўкі — станаўлення рыс спецыялізацыі ў клетак-папярэдніц, дэтэрмінаваных у эмбрыягенезе для развіцця пэўнай Т. Звычайна адна Т. ці некат. яе спецыялізаваныя клеткі ажыццяўляюць спецыфічныя для кожнага арганізма функцыі. Комплексы клетак Т., што працуюць сумесна, утвараюць у органах шматлікія структурна-функцыян. адзінкі (напр., нефрон). Будова Т. аднаго тыпу (асабліва найб. высокаспецыялізаванай нервовай) можа значна адрознівацца ў розных ч. арганізма, а таксама ў арганізмаў рознага сістэм. становішча. У ніжэйшых мнагаклетачных функцыі Т. не так строга вызначаюцца, як у вышэйшых. Эвалюцыя арганізмаў прывяла да спецыялізацыі клетак і ўзаемаабумоўленасці іх функцыянавання ў шматтканкавай сістэме. У эксперыменце можна забяспечыць жыццё і размнажэнне Т. па-за арганізмам (гл. Культура тканкі). У жывёл Т. вывучае гісталогія.

Т. раслін — сістэма клетак структурна і функцыянальна ўзаемазвязаных адна з адной і звычайна падобных па паходжанні. Простая Т. складаецца з аднаго тыпу клетак (напр., каленхіма, складаная — з розных (напр., эпідэрма). Здольнасць да працяглага росту (адна з асаблівасцей раслін) вызначаецца ўтваральнымі Т. — мерыстэмамі, якія даюць пачатак пастаянным Т. Адрозніваюць 3 сістэмы пастаянных Т.: покрыўную (напр., эпідэрма, перыдэрма, корка), праводную (напр., луб, ксілема), асноўную (напр., хларэнхіма, каленхіма, склеранхіма), а таксама выдзяляльныя структуры, групы клетак або адзінкавыя клеткі (ідыёбласты), што ўключаюцца ў інш. Т., сістэму праветрывання (сукупнасць міжклетнікаў, вусцейкаў і сачавічкаў). У раслін Т. вывучае анатомія раслін.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лубо́к, ‑бка, м.

1. Тое, што і луб (у 2 знач.). На .. [ўслоне] вядро драўлянае, а каля вядра з лубка каробка. Галавач.

2. Тое, што і лубянка. Дзяўчаты ж запяваюць звонка песню Ды йдуць гурмою з лубкамі ў руках: Суніцы сакавітыя на ўзлессі! Кірэенка.

3. звычайна мн. (лу́бкі, ‑оў). Тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца касцявога пералому. Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль.

4. Ліпавая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання. // Надрукаваная з такой дошкі карціна, якая вызначалася прастатой і даступнасцю вобразаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лубя́нка дроблены з лубу ці бяросты кораб для захоўвання чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ; палес., З нар. сл.), ’кош памерам у 5–6 гарцаў’ (Шат.), ’вялікая бочка для зерня’ (Ян.), ’калыска, сплеценая з лыка, каранёў хвоі’ (Шат.; шчуч., З нар. сл.; рагач., лях., Сл. ПЗБ), ’абечак’, ’прыстасаванне для зімняй лоўлі ракаў’ (ТС). Укр. лубʼя́нка ’павозка, абшытая лубам’, гуц. ’будан, пакрыты лубам’, рус. пск., ярасл., іван., алан., смал., перм. лубя́нка ’куфар’, ’кош’, ’лубок’, сімб. ’лубяны будан’, польск. łubianka ’кошык з лубу’, ’воз, пакрыты лубам’, каш. łëbʼonka ’жлукта’; łubianki ’бакавыя дошкі ў санях’. Паўн.-слав. luběn‑ъka ўтворана ад прасл. luběnъ (Слаўскі, 5, 273). Да луб 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́бка, смарг. лу́бачка ’кош, карзіна’, ’сявенька (з кары)’, ’плецены саламяны кораб для мукі’, ’дзежка для трымання мукі пад рукой’, ’бочачка’, ’салянка з ліповай кары’, ’кошык, сплецены з саломы і лазы’ (Нас., Яруш., Мікуц., Касп., Мат. Гом., Шат., П. С., Гарэц., Юрч., Янк. БП., Ян., Мат. Маг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; мядз., Нар. словатв., Жыв. сл.; барыс., Шн. 2; докш., маладз., Янк. Мат., Мат. АС; рагач., З нар. сл.), ’вулей у лесе’ (добр., рэч., Мат. Гом.), ’калыска’ (Сл. Брэс.; карэліц., Сл. ПЗБ); лу́бка і лу́пка ’раёўня’ (Сл. ПЗБ, слаўг., Нар. сл.), бялын. лупок ’лубок, што ставіцца на дрэве для лоўлі раёў’ (Мат. Маг.), лу́бка‑мядоўка ’ліповая бочачка для мёду’ (рагач., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), лубок ’тс’ (карм., добруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лубка (Скурат, БЛ, 8, 13–14). Да луб 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мачу́лішча

1. Затока, копанка, у якой мочаць лён, каноплі, палатно (БРС). Тое ж мачы́лішча (Рэч.), мачы́ла (Докш.).

2. Месца, дзе раней мачылі ліпавае луцце, ліпавы луб, з якога рабілі мачулу (Слаўг.). Тое ж мочышча (Мін. губ. 1864 Зял.).

3. Месца, дзе была мачула; забалочаны вадаём; мокрае месца (Віц., Мін.).

□ в. Мачу́лішча Лаг., в. Мачулішча Хал., в. Мачулішча Віц. (Рам. Мат.), ур. Мачу́лішча каля в. Лясная Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раго́з ’балотная расліна, пухоўка Typha L., трыснёг’ (ТСБМ, Кіс.), рого́з, рого́ж ’балотная расліна з вузкімі лістамі’ (ТС); раго́ж, раго́жа, рого́жа, руго́жа, рогожа́ ’трыснёг’ (ЛА, 1; Арх. ГУ), рага́за ’чарот’ (Ян.), ’плюшчай’ (ЛА, 1), рус. рого́з, дыял. ра́гоза ’трава асака’, ’мачала’, укр. рогі́з, рогоза́, польск. rogozie ’трыснёг’, ’чарот’, в.-луж. rogož, rohodź ’трыснёг’, ’чарот’, н.-луж. rogož ’чарот’, серб. ро̀гоз, харв. rògoz ’асака’, балг. рого́з ’высокая балотная трава, з якой плятуць посцілкі і інш.’, макед. рогоз ’трыснёг’, ст.-слав. рогозъ ’папірус’. Агульнаславянская назва пухоўкі, чароту і трыснягу. Узводзяць да прасл. *rogozъ, якое, хутчэй за ўсё, вытворнае ад *rogъ ’рог’ (Брукнер, 461; Фасмер, 3, 490; Шустэр–Шэўц, 2, 1231–1232). Ва ўсіх слав. мовах слова мае яшчэ і значэнне ’луб’, ’грубая тканіна’, як і слова раго́жа, параўн. літ. regzti ’плясці’. Магчыма, звязана з словам рагаза́, якое мае значэнне ’рагаты сук’, ’штосьці калючае’, параўн. бел. раго́зіна ’сукаватая палка’ (Сцяшк.). Уяўленне аб рагазе́ як аб развілцы, рагаціне пацвярджае яго этымалагічныя сувязі з рог 1, гл. (Мяркулава, Очерки, 48–50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́ка 1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. lō (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка 2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч 2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)