Луб (біял.) 5/290, 419; 6/428; 9/369

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБ, флаэма,

складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр. ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Флаэма, гл. Луб

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНОАПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка льносаломы на луб або льнотрасты на валакно. У гаспадарках ачасаную льносаломку рассцілаюць на льнішчы. У выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў яна ператвараецца ў трасту, у якой разбураюцца сувязі паміж валакністай і драўніннай часткамі сцябла. Раней трасту атрымлівалі таксама на льнозаводах вымочваннем ільносаломы ў спец. ёмістасцях біял. спосабам. Падрыхтаваную трасту або салому апрацоўваюць на мяльна-трапальных, а адходы трапання — на кудзелепрыгатавальных агрэгатах (гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Пры мех. апрацоўцы разбураецца сцябло і валокны аддзяляюцца ад драўніннай часткі. Доўгае і кароткае льновалакно або луб сартуюць і адпраўляюць на льнокамбінаты. Гл. таксама Ільняная прамысловасць.

П.​П.​Казакевіч.

т. 7, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, а луб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],

выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́МБІЙ (ад. лац. pro перад, раней, замест + камбій),

эмбрыянальная фаза ў развіцці першаснай праводнай сістэмы; ч. верхавінкавай мерыстэмы. Закладваецца ў парастках, у вобласці фарміравання лісцевых зачаткаў і ў каранях. Клеткі П. моцна выцягнутыя (празенхімныя), танкасценныя, слабавакуалізаваныя, размешчаны ў выглядзе цяжоў і ўтвараюць адзіную пракамбіяльную сістэму. Колькасць цяжоў паміж сцяблом і лістом пастаянная для віду (важная таксанамічная адзнака). З П. ўтвараюцца праводныя тканкі — першасныя ксілема і луб (флаэма).

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МБІЙ (ад позналац. cambium абмен, змена),

слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВО́ДНЫЯ ТКА́НКІ раслін,

тканкі, якія служаць для перамяшчэння па расліне пажыўных рэчываў. Па ксілеме ад каранёў да лісця з глебы паступае вада з мінер. рэчывамі, па лубе (флаэме) ад лісця да інш. органаў (каранёў, пупышак, кветак, пладоў) — рэчывы, што сінтэзуюцца ў лісці, пераважна прадукты фотасінтэзу. Ксілема і луб размяшчаюцца звычайна побач і ўтвараюць цяжы, ці праводныя пучкі, што фарміруюць у целе расліны бесперапынную разгалінаваную сістэму, якая злучае ўсе органы. У склад П.т. уваходзяць праводныя, мех., назапашвальныя і выдзяляльныя элементы. Высокаспецыялізаваныя П.т. з сасудамі развіліся ў працэсе эвалюцыі толькі ў вышэйшых, т.зв. сасудзістых раслін.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)