Ро́хля ’неахайны’ (Нас.), ’чалавек, неакуратны наогул і ў быце’ (шкл., КЭС), ’неахайны, брудны’ (маладз., КЭС; Мат. Маг.), ’вялы, неахайны’ (Байк. і Некр.), ’неахайная жанчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’неахайная гультаяватая жанчына’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), ’неахайная, нязграбная і дзікаватая жанчына’ (мсцісл., З нар. сл.), рахле́й ’вельмі неахайны і нязграбны чалавек’ (там жа), ро́хля, ро́хліна, ро́хлішча ’неахайная асоба’, ро́хліцца ’рабіць неакуратна’, ро́хленне ’неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ), ро́хля ’тоўстая непаваротлівая жанчына’ (ТС), ’празмерна тоўстая разлезлая баба’ (слонім., Жыв. НС), рахэ́ля ’неахайная жанчына’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. ро́хля ’разява’, ’тупіца’; ’неахайны чалавек’, калуж. ’гультаяватая і тоўстая жанчына’, балг. ро́хла ’кабета або жанчына з непрычэсанымі валасамі’. Звычайна звязваюць з роднаснымі лексемамі ры́хлы, ру́шыць (Праабражэнскі, 2, 218); апошняе (ру́шыць) лічаць ітэратывам ад незафіксаванага ў слав. мовах *rusti ’рыць’, ад асновы якога *rou̯s‑ утварыўся дзеепрыметнік *ruxlъ, *ruxlʼa > польск. дыял. ruchla ’свіння’ (Фурлан у Бязлай, 3, 209), параўн. літ. raũsti, ràust ’рыць, капаць’, лат. rušināt ’разрыхляць’, ’перамешваць жар’, чэш. ruchati ’араць’ (Махэк₂, 525). З семай ’свіння’ звязана этымалогія Якабсона (IJSLP, 1, 268): ро́хля < ро́ха ’свіння’, ро́хкать ’рохкаць’ (Фасмер, 3, 508). Мацэнаўэр (LF, 17, 199) параўноўвае лексему з славен. ráhel ’рыхлы’, ’кволы’. Аднак можна сумнявацца наконт адпаведнасці вакалізма ra‑ і *ry. Сной₂ (599) выводзіць яго з дзеепрыметніка *raxlъ < *ra̋sti ’рыць, грэбці, штурхаць’ > славен. rášiti ’тс’, макед. рошка ’рыцца, корпацца, кешкацца’, балг. ро́хав, рохкав ’рыхлы, мяккі, пяшчотны’, ре́ша ’часаць, прычэсваць’. Гл. таксама Бярнар (Бълг. изсл., 248–249), які выводзіць балг. ро́хла з ро́хав, ро́хлест ’непрычасаны, ускудлачаны’, што звязаны чаргаваннем з ре́хавкалматы, рыхлы’, апошняе да ря́дък ’рэдкі’. Неславянскае паходжанне прапануе Масковіч (Зб. Талстому, 355), ад яўрэйскага ўласнага імя Rokhl/Rukhl.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слаць 1, шлю, шлеш, шле; шлём, шляце; пр. слаў, слала; незак., каго-што.

1. Пасылаць куды‑н. з якой‑н. мэтай, з якім‑н. даручэннем; адпраўляць. Імя тваё славячы, Ленін, гараць ярка зоры Крамля. Сюды, да твайго маўзалея, сыноў шле ўся наша зямля. Машара. Да буданоў ён [Міхал] пад’язджае. Пад’ехаў, коніка спыняе, Знімае стол, услон, салому. Алеся шле з канём дадому. Колас.

2. Адпраўляць, пасылаць што‑н. для перадачы, дастаўкі паводле прызначэння. Слаць лісты. Слаць пасылкі. □ [Ігар:] — Разумееш, ні маці, ні сястра ўжо другі тыдзень не шлюць грошай. Карпюк. Я помню, на дапамогу Сялянам Трактараград Патокам слаў трактар за трактарам. Куляшоў. // Пры звароце да каго‑н. выказваць свае адносіны і пачуцці ў словах, на пісьме і пад. [Паўтарак:] Шафёры нашай аўтабазы шлюць вам нізкі паклон і вялікае дзякуй за выдатную машыну. Крапіва. Мы шлём табе, Масква, прывет З заходняе граніцы. Колас. Мы шлём табе, горад, жаданыя весці: Ты родзішся зноўку, абуджаны Мінск. Броўка.

3. Накіроўваць што‑н. куды‑н., да каго‑н. Кулямёт то змаўкаў, то слаў зноў доўгія перарывістыя чэргі. Навуменка. З нябёсаў хмары шэрыя Ёй [сасонцы] слалі цёплы дождж. Прыходзька.

слаць 2, сцялю, сцелеш, сцеле; незак., што.

1. Класці, накрываючы паверхню чаго‑н. Слаць коўдру па ложак. Слаць абрус на стол. □ Пясок гарачы, і мама сцеле для Юркі шырокі, калматы ручнік. Брыль. // Рыхтаваць (пасцель), раскладваючы пасцельныя рэчы. Чатыры санітары, якія былі пры раненых, сталі слаць і сабе пасцелі на саломе. Чорны.

2. Раскладваць на лузе, полі тонкім слоем для вылежкі (лён, каноплі); рассцілаць на траве для адбельвання (палатно). Слаць лён. □ На сіўцы аж да самага лесу ляжаў раскіданы гэтымі днямі лён — яшчэ не пачыналі слаць. Пташнікаў.

3. Рабіць, укладваючы шчыльна дошкі, пліткі і пад. Слаць падлогу. □ Уначы .. [сапёры] білі палі і слалі мост пад вадою. Грамовіч.

4. Пракладваць барозны, пракосы і пад. Пяціплужны трактар упэўнена, павольна слаў глыбокія барозны ўпоперак. Пестрак.

5. перан. Рассцілаць што‑н. па паверхні або нізка над паверхняй чаго‑н. Ранак сцеле туман. □ Зноў і зноў па беражок тонкай выдмаю пясок вольны вецер сцеле. Вялюгін. / у паэт. ужыв. Мы вольны, мы песні спяваем, Мы кветкамі сцелем дарогу. Чарот.

•••

Слаць лістам (пухам) — лісліва дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. Уваходзіць госць неспадзяваны, Мікодым Богут, той павук, Што лістам сцеле перад панам, Перад панамі гнецца ў крук. Колас. Вось другі. Усюды сцеле пухам, Прасвяціць бы, — што там на душы? Можа, ён пляткар альбо хапуга, Мо чый-небудзь талент прыдушыў? Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. □ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чо́рныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чо́рнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. □ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. □ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)