ВО́ЛЬФ ((Wolff) Крысціян) (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),
нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ (Ілья Мікалаевіч) (25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),
рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АНСССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬВІЦ ((Kollwitz) Кетэ) (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),
нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф.АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛА́НХТАН (Melanchthon; сапр.Шварцэрд; Schwarzerd) Філіп
(16.2.1497, г. Брэтэн, Германія — 19.4.1560),
нямецкі гуманіст, пратэстанцкі тэолаг, рэарганізатар школьніцтва ў Германіі. Вучыўся ў Гайдэльбергу і Цюбінгене. З 1518 праф. Вітэнбергскага ун-та. Яго лекцыі далі пачатак рэформе школьніцтва, заснаванай на гуманістычных ідэалах выхавання чалавека, за што ён празваны «настаўнікам Германіі». З 1519 прыхільнік М.Лютэра, адзін з тэарэтыкаў лютэранства, асн. палажэнні якога выклаў у працах «Агульныя прынцыпы тэалогіі» (1521, першы пратэстанцкі катэхізіс), «Кароткі выклад хрысціянскага вучэння» (1524), «Аўгсбургскае вызнанне» (1530). Пасля смерці Лютэра (1546) узначаліў лютэранскі рух, адзін з ініцыятараў Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555. У адрозненне ад Лютэра прызнаваў неабходнасць добрых учынкаў і ўзаемадзеяння свабоднай волі чалавека з Божай ласкай, што парадзіла супраць яго апазіцыю ў колах фанатычных прыхільнікаў Лютэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗМО́ВА ПАЛЯ́КА З ЛІТВІ́НАМ»,
адзін з першых друкаваных свецкіх твораў на Беларусі. Выдадзены ў Брэсце ў 1564 на польскай мове. Аўтар невядомы. Пабудаваны ў форме дыялогу. Падзяляецца на 2 часткі, паміж якімі змешчаны верш «Да палякаў і літвінаў», напісаны, як мяркуюць даследчыкі, А.Воланам. Твор вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да ВКЛ. Крытыкуюцца погляды рэакц. польскіх шляхецкіх ідэолагаў на асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць «шляхецкай распусты», гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманіст. ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гіст. здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.
Літ.:
Сокал С.Ф. «Размова паляка з літвінам» // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),
бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-рфілал.н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац. пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасны літ. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Давер. Мн., 1967;
Прага духоўнасці. Мн., 1975;
Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́ (каля 945 — 949 — 7.10.1003),
армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШКО́ЎСКІ Лаўрэнцій, дзеяч рэфармацыйнага руху, гуманіст і пісьменнік 16 ст. У 1550-я г. прыхільнік вучэння Чэшскіх братоў. У 1558 у друкарні г. Шаматулы (Польшча) выдаў кн. «Размова чатырох братоў закону хрысціянскага». З 1561 кальвінісцкі прапаведнік у Нясвіжы. У 1562 з С.Будным і М.Кавячынскім выдаў на бел. мове «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» і інш. творы. Каля 1563 перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму (гл.Антытрынітарыі), пазней падтрымліваў рэліг. і сац. ідэі анабаптызму (гл.Анабаптысты). Пры дапамозе Буднага пераклаў і выдаў на польск. мове «Размову св. Юстына філосафа» (Нясвіж, 1564). У сваіх пропаведзях крытыкаваў прыгонніцтва, адстойваў прынцыпы верацярпімасці, прапагандаваў грамадска-карысную працу.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр.Цішкевіч Міхайла),
бел.гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт. адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзенне суд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),
беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.