МЕЛА́НХТАН (Melanchthon; сапр. Шварцэрд; Schwarzerd) Філіп
(16.2.1497, г. Брэтэн, Германія — 19.4.1560),
нямецкі гуманіст, пратэстанцкі тэолаг, рэарганізатар школьніцтва ў Германіі. Вучыўся ў Гайдэльбергу і Цюбінгене. З 1518 праф. Вітэнбергскага ун-та. Яго лекцыі далі пачатак рэформе школьніцтва, заснаванай на гуманістычных ідэалах выхавання чалавека, за што ён празваны «настаўнікам Германіі». З 1519 прыхільнік М.Лютэра, адзін з тэарэтыкаў лютэранства, асн. палажэнні якога выклаў у працах «Агульныя прынцыпы тэалогіі» (1521, першы пратэстанцкі катэхізіс), «Кароткі выклад хрысціянскага вучэння» (1524), «Аўгсбургскае вызнанне» (1530). Пасля смерці Лютэра (1546) узначаліў лютэранскі рух, адзін з ініцыятараў Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555. У адрозненне ад Лютэра прызнаваў неабходнасць добрых учынкаў і ўзаемадзеяння свабоднай волі чалавека з Божай ласкай, што парадзіла супраць яго апазіцыю ў колах фанатычных прыхільнікаў Лютэра.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)