ГАЛЯНІ́ШЧАЎ-КУТУ́ЗАЎ Ілья Мікалаевіч

(25.4.1904, с. Наталіна Пензенскай вобл., Расія — 24.4.1969),

рускі літаратуразнавец і перакладчык. Скончыў Бялградскі ун-т (1925). З 1920 у эміграцыі. З 1955 у СССР, працаваў у Ін-це сусв. л-ры імя А.М.Горкага АН СССР. Пісаў вершы, перакладаў з лац., франц., італьян., сербскахарвацкай моў. Даследаваў творчасць Дантэ, узаемасувязі еўрап. л-р, сербскі эпас, гісторыю і тэорыю вершаскладання. У манаграфіі «Італьянскае Адраджэнне і славянскія літаратуры XV—XVI ст.» (1963) паказаў вял. ўклад слав. народаў у гуманіст. культуру еўрап. Адраджэння. У працы «Гуманізм ва ўсходніх славян (Украіна і Беларусь)» (1963) сцвердзіў думку аб важнай ролі Беларусі і Украіны ў агульнаеўрап. культурных узаемасувязях эпохі Адраджэння і барока.

Тв.:

Славянские литературы. М., 1973.

В.А.Чамярыцкі.

т. 5, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)