ВО́ЛЬФ

(Wolff) Крысціян (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),

нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)