КО́ЛЬВІЦ ((Kollwitz) Кетэ) (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),
нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф.АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.