перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКСЫў статыстыцы,
адносныя паказчыкі, якія характарызуюць суадносіны велічынь якой-н. эканам. з’явы ў часе (дынамічныя) або ў прасторы (тэрытарыяльныя), напр., кошт асобных тавараў, аб’ём прадукцыі, сабекошт і інш. З іх дапамогай параўноўваюць паказчыкі за шэраг гадоў, месяцаў і г.д. — дынамічны рад. На практыцы выкарыстоўваюць І., якія падзяляюцца на класы, роды, віды і разнавіднасці, на асабістыя і зводныя, яны адрозніваюцца ў залежнасці ад: індэксуемай велічыні — І. цэн, фіз. (натуральнага) аб’ёму прадукцыі, прадукцыйнасці працы і інш.; тыпу (формы) — агрэгатныя і сярэднія (сярэднія арыфметычныя, геаметрычныя і інш.); вагаў — простыя (няўзважаныя) і ўзважаныя (з пастаяннымі, нязменнымі і пераменнымі вагамі); тэрмінаў выкарыстання — базісныя з пастаяннай, нязменнай у часе базай і ланцуговыя (са зменнай базай). Элементамі І. з’яўляецца: індэксаваная велічыня, яе тып (форма), вага, тэрмін выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТА́РСІЯ (ад італьян. intarsio інкрустацыя),
спосаб дэкарыроўкі драўляных вырабаў (мэблі, пано, куфэркаў, сувенірных вырабаў і інш.) арнаментам або сюжэтнымі выявамі шляхам урэзвання ў іх паверхню кавалачкаў дрэва, іншых па фактуры і колеры; від інкрустацыі. Вядома са старажытнасці. Пашырэнне мела ў краінах Зах. Еўропы пры аздабленні мэблі. У 18—19 ст.бел. майстры аздаблялі І. мэблю для панскіх сядзіб і маёнткаў (у Нац.маст. музеі Беларусі захоўваецца гасціны гарнітур сярэдзіны 19 ст., упрыгожаны І.). З 1950-х г. некат. мэблевыя прадпрыемствы Беларусі выпускаюць мэблю, аздобленую І. па матывах бел.нар. арнаменту. У гэтай тэхніцы працуюць прафес. і самадз. мастакі П. і А.Гапакі, Р.Гебелеў, Дз.Сакажынскі, А.Сліжыкаў, У.Курбан і інш., а таксама народныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).
Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯСНІ́ЦА,
разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж. Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб. значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.
Да арт.Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́РГ (Camargue),
рэзерват у Францыі, У дэльце р. Рона. Засн. ў 1928 як бат. і заал. рэзерват з ахоўнымі і навук. мэтамі (без ператварэння ў нац. парк з наведваннем турыстамі). Пл. 13,5 тыс.га. Астравы, пратокі, мелкаводдзі, саланчаковыя лугі, балоты. Унікальны лес з рэліктавымі ўчасткамі з ядлоўцу са старымі дрэвамі выш. да 6 м і дыям. ствала да 20 см, з асаблівай флорай лішайнікаў і імхоў. У фауне больш за 300 відаў птушак, месцы масавых зімовак еўрап. качак, гняздоўі ружовых фламінга, белых чапляў і інш.; сярод 30 відаў млекакормячых табуны паўдзікіх белых коней і чорныя быкі; пашыраны амфібіі і паўзуны, у т. л. шматлікія міжземнаморскія віды: перапончатапальцы трытон, ісп. часночніца, сценная яшчарка і інш. У К. знаходзяцца буйны цэнтр па вывучэнні міграцыі птушак, біястанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч
(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),
бел.дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНКБССР. У 1940 арыштаваны. У Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел.цэнтр. рады, састудз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел.нац.к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел.нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНЦЭ́РТ»,
умоўная назва аперацыі партызан па разбурэнні чыг. камунікацый на тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну з мэтай сарваць перавозкі ням.-фаш. войск у час наступлення Чырв. Арміі, другі этап аперацыі «рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 вер. да пач.ліст. 1943. За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л. больш за 90 тыс. на тэр. Беларусі. Бел. партызаны пусцілі пад адхон 1041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6360 вагонаў-платформ і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыг. масты, знішчылі больш за 400 кмтэлеф.-тэлегр. ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак была зніжана на 40%. Аперацыя «К.» была вял. дапамогай у ажыццяўленні наступальных аперацый сав. войск у 1943.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.«Канцэрт». Варожы эшалон, скінуты пад адхон партызанамі. Дзятлаўскі раён. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЙЧЫК (Павел Гіляравіч) (15.6.1896, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.11.1937),
бел. крытык і літ.-знавец, публіцыст. Чл.-кар. Інбелкульта (1926). Скончыў мед.ф-тБДУ (1925). З 1918 у Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР, Белнацкоме. З 1921 у Наркамаце асветы РСФСР, з 1922 у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». З 1926 працаваў ў клініцы нерв. хвароб медфака БДУ. У 1930 рэпрэсіраваны, высланы ў Чувашскую АССР. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 і 1959. Друкаваўся з 1917. Рэцэнзаваў творы А.Гаруна, Я.Купалы, М.Багдановіча і інш. Аўтар артыкулаў пра бел. тэатр, вершаў, даследавання «Беларуская народная вусная творчасць» (1922). Адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Выпісы з беларускай літаратуры» (1925).
Літ.:
Скалабан В. Будынак новы мы будуем...: (Вершы Паўла Каравайчыка) // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛІ́НГІ (лац. Carolingi, франц. Carolingiens, ням. Karolinger),
каралеўская і імператарская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 8—10 ст. Назва ад імя Карла Вялікага. Вылучыліся ў 6 ст.са знатнага роду рыпуарскіх (усходніх) франкаў. У 7 ст. замацавалі за сабой пасаду маярдомаў (правіцеляў) Аўстразіі (усх.ч. Франкскай дзяржавы), да канца стагоддзя фактычныя ўладары ўсёй дзяржавы. Узмацніліся пры Карле Мартэлу, сын якога Піпін Кароткі (каранаваўся ў 751) скінуў апошняга прадстаўніка дынастыі Меравінгаў. Найб. магутнасці дасягнулі пры Карле Вялікім. Пасля Вердэнскага дагавора 843 падзяліліся на 3 галіны: сярэднефранкскую (італьянскую; правіла да 905), усходнефранкскую (германскую; правіла да 911), заходнефранкскую (французскую; правіла да 987). Гл. таксама «Каралінгскае адраджэнне».
Літ.:
Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр.М., 1993;
Тейс Л. Наследие Каролингов, IX—X вв.: Пер. с фр.М., 1993.