МІЛС (Mills)Чарлз Райт (28.8.1916, г. Уэйка, штат Тэхас, ЗША — 20.3.1962),
амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Скончыў Тэхаскі ун-т (1939). З 1956 праф. Калумбійскага ун-та. Паслядоўнік М.Вебера і К.Мангейма, зведаў уплыў ідэй К.Маркса, аднак лічыў яго тэорыю «ўстарэлай». Распрацаваў тэорыю сац. канфлікту, у якой вызначыў асн. праблемы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства. У процівагу марксізму вылучыў канцэпцыю «пануючай эліты», да якой адносіў паліт., эканам. і ваен. колы, якія ўдзельнічаюць у прыняцці важнейшых рашэнняў і ўтвараюць адзіную «карпарацыю багацця» ў амер. грамадстве. Пастаянная цэнтралізацыя ўлады і мэтанакіраванае павелічэнне ваен. расходаў даюць магчымасць, паводле М., гаварыць аб «ваенным дэтэрмінізме», што, на яго думку, больш правільна, чым «эканамічны дэтэрмінізм» Маркса. Надзею на гуманізацыю грамадства звязваў з інтэлігенцыяй, якая здольна валодаць «сацыялагічным уяўленнем» (здольнасцю разумець працэсы, што адбываюцца ў грамадстве). Крытыкаваў эмпірызм амер. сацыялогіі і т.зв. «высокую тэорыю» Т.Парсанса, заклікаў да стварэння новай сацыялогіі. Зрабіў значны ўплыў на фарміраванне ідэалогіі «новых левых» у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),
штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс.км². Нас. 5094,3 тыс.чал., у т. л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц. — г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т. л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд.кВт∙гадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АЎСТРА́ЛІЯ (South Australia),
штат Аўстралійскага Саюза каля ўзбярэжжа Вял. Аўстралійскага зал. Індыйскага акіяна. Пл. 984,4 тыс.км². Нас. 1479,8 тыс.чал. (1997). Каля 90% насельніцтва жыве ў гарадах. Адм. ц. — г.Адэлаіда. У рэльефе пераважаюць пустынныя раўніны з асобнымі ізаляванымі горнымі масівамі (Масгрэйв, Сцьюарт і інш.) і ўпадзінамі з салёнымі азёрамі (Эйр, Гэрднер, Торэнс і інш.). На ПдУ — раўніна р. Мурэй. Расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі вечназялёныя хмызнякі. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Здабыча меднай і жал. руд, прыроднага газу, каменнага вугалю. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, у т. л. агульнае, дакладнае, с.-г., эл.-тэхн., судна- і аўтабудаванне; нафтахімія, вінаробства, мукамольная, кансервавая, тэкст., швейная, абутковая. Гал.прамысл. цэнтры Адэлаіда, Уаяла, Порт-Піры. Сеюць пшаніцу, ячмень, авёс. Садоўніцтва і вінаградарства (каля 50% збору вінаграду ў краіне). Гадуюць мерыносавых авечак (пагалоўе каля 20 млн.) і буйн. раг. жывёлу. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Важнейшы порт Адэлаіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К (дзявочае Родзька) Галіна
(24.5.1930, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 14.9.2000),
мастачка, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамер. руху за правы жанчын. Праф. (1993). З 1949 жыла ў ЗША. Скончыла Ратгерскі ун-т (штат Нью-Джэрсі) са ступенямі магістра бібліятэчных навук (1956) і магістра гісторыі мастацтва (1976). Працавала дырэктарам маст. б-кі гэтага ун-та. Удзельніца маст. выставак з 1969; творы экспанаваліся ў ЗША, Канадзе, Беларусі (1992, адзіная персанальная выстаўка на радзіме). Малявала ў манеры імпрэсіянізму сродкамі жывапісу і графікі пейзажы («Курган», «Папараць—кветка шчасця», «Буслы ў палёце» і інш., 1970—80-я г.), творы, якія адлюстроўваюць постаці і падзеі бел. гісторыі, паданні і легенды, катастрофу на Чарнобыльскай АЭС («Ефрасіння Полацкая», «Пагоня», «Чужанецкія крумкачы», «Голас продкаў», «Неспрыяльныя вятры», 1990-я г.). Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Аўтар навук. публікацый пра мастацтва жанчын, ахову гіст. спадчыны Беларусі, па гісторыі бел. архітэктуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЙН (Stein) Гертруда (3.2.1874, г. Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 27.7.1946),
амерыканская пісьменніца; тэарэтык л-ры. Вывучала псіхалогію ў Рэдкліфскім каледжы Гарвардскага ун-та, медыцыну — ва ун-це Дж.Хопкінса ў Балтымары. З 1902 жыла ў Парыжы. Маст. метад С. фарміраваўся пад уплывам эстэтыкі імпрэсіянізму, філасофіі А.Бергсона і экзістэнцыялістаў. Найб. значныя яе творы — раман «Станаўленне амерыканцаў» (1906—08, апубл. 1925) і аповесць «Тры жыцці» (1908), у якіх звярнулася да праблем адзіноты чалавека, яго адчужанасці ад грамадства, абсурднасці існавання. Аўтар кн. «Аўтабіяграфія Алісы Б.Токлас» (1933), мемуараў «Войны, якія я пабачыла» (1945), п’ес, зб-каў вершаў, эсэ, літ.-эстэт. прац, у т. л. «Як пісаць» (1931), «Лекцыі ў Амерыцы» (1935) і інш. Яе паэтыцы ўласцівы герметызм, эксперыменты з лексікай і сінтаксісам, кампазіцыяй і рытмам, асацыятыўнасць, вобразная абстрактнасць; выкарыстоўвала прынцыпы кінатэхнікі, авангардысцкага жывапісу, мастацтва фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАСМА́НІЯ (Tasmania),
востраў каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Аддзелены ад мацерыка прал. Баса. Пл. каля 65 тыс.км². У рэльефе пераважаюць плато і нагор’і выш. 600—1000 м. Вылучаюцца Усх. нагор’е (выш. да 1572 м) і Цэнтр. плато (выш. да 1617 м). Карысныя выкапні: поліметал. і жал. руды, волава, медзь, золата і інш. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд умераны. У г. Хобарт сярэдняя т-раліп. 8 °C, студз. 17 °C. Ападкаў ад 600 мм (на У) да 2800 мм (на З у гарах). Шмат паўнаводных горных рэк. На З і ПдЗ — вільготныя горныя лясы з эўкаліптаў і хвойных, дрэвападобных папарацей у спалучэнні з альпійскай расліннасцю, у астатніх раёнах пераважаюць эўкаліптавыя лясы, месцамі лугі і балоты. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя, сярод іх ёсць і драпежнікі (тасманійскі д’ябал). Востраў адкрыты А.Я.Тасманам у 1642, названы ў яго гонар у 1853. Аб насельніцтве і гаспадарцы гл. ў арт.штатТасманія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РНДАЙК (Thorndike) Эдуард Лі (31.8.1874, г. Уільямсберг, штат Масачусетс, ЗША — 9.8.1949),
амерыканскі псіхолаг і педагог. Чл.Нац.АН ЗША. З 1904 праф. Калумбійскага ун-та і пед. каледжа ў Нью-Йорку. З 1924 адзін з рэдактараў час. «Journal of genetic psychology» («Часопіс генетычнай псіхалогіі»), з 1926 — «Genetic psychology monographs» («Манаграфіі генетычнай псіхалогіі»). У працы «Розум жывёл» (1898) Т., уяўляючы інтэлект жывёл як інструмент прыстасавання да навакольнага асяроддзя, сфармуляваў закон «спроб і памылак»: спробы, якія выпадкова былі ўдалымі, замацоўваюцца і ствараюць уражанне мэтанакіраваных паводзін. Яго праца «Педагагічная псіхалогія» (1903) зрабіла ўплыў на развіццё тэорыі навучання ў ЗША, у т. л. на канцэпцыі праграмаванага навучання. Ён распрацоўваў праблемы навыкаў, паводзінскай псіхалогіі, сфармуляваў «закон праектавання», «закон эфектаў», «закон гатоўнасці» і інш. Т. належыць серыя прац па псіхалогіі навучання арыфметыцы, алгебры, мове, чытанню. Ён распрацаваў уласную сістэму тэстаў для колькаснага вымярэння ўзроўню псіхічнага развіцця. Даследаванні Т. даюць падставу сцвярджаць, што ён падрыхтаваў узнікненне біхевіярызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Фрэдэрык Уінслаў (20.3.1856, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША — 21.3.1915),
амерыканскі інжынер-вынаходнік, эканаміст; стваральнік адной з першых сістэм навук. арганізацыі працы (гл.Тэйларызм); заснавальнік навук.менеджменту і менеджэрызму. Прац. дзейнасць Т. пачынаў рабочым у мех. майстэрні ў Філадэльфіі, потым працаваў малодшым служачым, інжынерам, гал. інжынерам металургічнага з-да; з 1890 гал. менеджэр Прамысл. інвестыцыйнай кампаніі, інжынер-кансультант па менеджменце шматлікіх фірм і кампаній. Т. — аўтар каля 100 вынаходніцтваў, якія знайшлі шырокае выкарыстанне ў металургічнай і маш.-буд. прам-сці ЗША. З 1906 прэзідэнт Амер.т-ва інжынераў-механікаў. У 1911 арганізаваў Т-ванавук. менеджменту, якое пасля яго смерці стала наз. «Таварыства Тэйлар». Аўтар прац: «Здзельная сістэма» (1895), «Кіраванне вытворчасцю» (1903), «Майстэрства рэзання металу» (1906), «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Принципы научного менеджмента. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕК, Ван Флек (Van Vleck) Джон Хазбрук ван (13.3.1899, г. Мідлтаўн, штат Канектыкут, ЗША — 27.10.1980), амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў тэорыі магн. уласцівасцей рэчыва. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1934), Нац.АН ЗША (1935) і інш. Скончыў Вісконсінскі (1920) і Гарвардскі (1922) ун-ты. З 1934 у Гарвардскім ун-це (з 1935 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі магнетызму, тэорыі валентнасці, фізіцы цвёрдага цела, фера- і ферымагнітным рэзанансе, атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Стварыў квантава-мех. тэорыю дыя- і парамагнетызму (1926—28). Развіў тэорыю ўнутрыкрышталічнага поля (поля лігандаў), даў класіфікацыю асн. тыпаў парамагнетыкаў (1932), тлумачэнне антыферамагнетызму (1941). Нобелеўская прэмія 1977 (з Ф.В.Андэрсанам і Н.Ф.Мотам).
Тв.:
Рус.пер. — Квантовая теория валентности. М., 1938 (разам з В.Пені, А.Шэрманам);
Квантовая механика — ключ к пониманию магнетизма // Успехи физ. наук. 1979. Т. 127, вып. 1.
Літ.:
Белов К.П. Джон Хасбрук Ван Флек: К 100-летию со дня рождения // Юбилеи науки, 1989. Киев. 1990.