НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар. буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.

Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.

Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл. Драўлянае дойлідства). Да 3 ст. асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц. буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.

На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл. Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб. стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж. столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спіса́ць, спішу, спішаш, спіша; зак., каго-што.

1. Перапісаць з арыгінала які‑н. тэкст; зрабіць рукапісную копію чаго‑н. Спісаць з дошкі ўмову задачы. Спісаць вершы з кнігі ў сшытак. Спісаць расклад лекцый. // Намаляваць, скапіраваўшы (карціну і пад.). Спісаць пейзаж Левітана. // Перапісаць што‑н., напісанае кім‑н. іншым, выдаючы за сваё. На ўроках [Кандрат] — майстра на падгляд. Заўжды спісаць у сябра рад! Хведаровіч.

2. з каго-чаго. Паказаць (у літаратуры, жывапісе), выкарыстаўшы каго‑, што‑н. як прататып, натуру. Спісаць героя рамана са знаёмага чалавека.

3. Скласці пералік каго‑, чаго‑н., запісаць у спіс. [Шарон:] Мне трэба ведаць, хто і колькі іх. Спішы мне зараз, Мітрафан, усіх! Танк.

4. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або нягоднае. Спісаць устарэлую тэхніку. □ [Майстар:] — Ладна ўжо, спішам гэты твой разец — ніхто і ведаць не будзе. Асіпенка. Тунякоў такія штукі мог рабіць адмыслова: спісаць збожжа ці яшчэ што як бракованае, а потым сплавіць налева. Радкевіч. // Ускласці на каго‑, што‑н. адказнасць за што‑н. (часцей за знішчэнне, пашкоджанне і пад. чаго‑н.). [Следчы да Сотнікава:] — Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Быкаў. Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі Хацеў бы на мінулае спісаць. Пысін. // Лічыць несапраўдным, скасаваць (доўг, запазычанасць і пад.). Спісаць запазычанасць. // Разм. Зняць у якасці спагнання. [Карова] .. цэлую ноч жэрла .. кіяхі. З Піліпкі за гэта цэлых пяць працадзён спісаў брыгадзір. Навуменка.

5. Звольніць (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); адправіць у запас. Спісаць з карабля. □ Як спісалі [Аўсяніка] з авіяцыі, .. як апусцелі кішэні, як спусціўся на зямлю механікам у нейкі задрыпаны гараж, так і сяброў тых не стала. Васілевіч. — Вось так я, малады чалавек, і ваяваў, — кажа цесць зусім ціха. — Пасля вайны мяне спісалі ў запас на адпачынак. Хомчанка.

6. Запоўніць пісьмовымі знакамі (аркуш паперы, сшытак і пад.). Пісаў .. [Валодзя] доўга.. Спісаў шмат старонак. Шамякін. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Брыль.

7. Разм. Зрасходаваць на пісанне. Спісаць аловак. □ Колькі мы спісалі паперы, колькі ў раён папахадзілі! Ракітны.

8. перан. Разм. Збіць, спаласаваць. — Вось каб яго [Юрку] палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог,.. — сярдзіта прабасіў суддзя. Чарот. Адам упаў у капу кулёў і не вельмі выцяўся, паабдзіраў толькі рукі, спісаў калючай саломай твар. Сабаленка.

•••

Спісаць у расход — у бухгалтарскай справе — ліквідаваць, знішчыць.

Спісаць у архіў — тое, што і здаць у архіў (гл. здаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябе́, ДМ сабе, Т сабой (сабою), займ. зваротны.

Указвае на адносіны дзеяння да таго, хто яго ўтварае (дзейніка), адпавядаючы па сэнсу асабовым займеннікам любой асобы і ліку. Мікола расказаў дзеду пра сябе. Якімовіч. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна ўзіраецца перад сабою. Колас. Сеем, збіраем Спелае збожжа, Сабе, краіне Багацце множым. Купала. Чырвонаармейцы пераглянуліся паміж сабою. Чорны.

•••

Авалодаць сабой гл. авалодаць.

Атэставаць сябе гл. атэставаць.

Біць сябе ў грудзі гл. біць.

Браць (узяць) на сябе што гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Бубніць сабе пад нос гл. бубніць.

Валодаць сабою гл. валодаць.

Вывезці на сабе гл. вывезці.

Вывесці з сябе каго гл. вывесці.

Выдаць сябе гл. выдаць.

Выдаць сябе з галавой гл. выдаць.

Выйсці з сябе гл. выйсці.

Грудзьмі пракласці (пралажыць) сабе дарогу гл. пракласці.

Даць аб сабе знаць гл. даць.

Даць сябе адчуць гл. даць.

Замкнуцца ў сабе гл. замкнуцца.

Зарубіць сабе на носе гл. зарубіць ​2.

Звязаць сябе вузамі Гіменея гл. звязаць.

Звярнуць на сябе ўвагу гл. звярнуць.

Здрадзіць сабе гл. здрадзіць.

Зжыць сябе гл. зжыць.

Знайсці сябе гл. знайсці.

Ірваць на сабе валасы гл. ірваць ​1.

Лавіць сябе на чым гл. лавіць.

Матаць сабе на вус гл. матаць ​1.

Мераць па сабе гл. мераць.

Набіць сабе цану гл. набіць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць ​1.

На сябе не забыць гл. забыць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (падзець) гл. ведаць.

Не па сабе каму — няёмка (пра стан збянтэжанасці, разгубленасці і пад.). Уся гэта абстаноўка для Панаса незвычайна, і ён адчувае сябе крыху не па сабе сярод тлумнага зборышча дарослых людзей. Колас.

Не помніць сябе гл. помніць.

Несці сябе (высока) гл. несці ​1.

Не чуць зямлі пад сабой гл. чуць.

Ног не чуць пад сабой гл. чуць.

Паводзіць сябе гл. паводзіць.

Паказаць сябе гл. паказаць.

Па сабе — па свайму густу.

Прабіць сабе дарогу гл. прабіць.

Прывесці ў сябе гл. прывесці.

Прыйсці ў сябе гл. прыйсці.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сам на сябе вяроўку суча гл. сукаць.

Сам не ў сабе гл. сам.

Само сабой (зразумела) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) па сабе гл. сам.

Сам праз сябе гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабе гл. сам.

Сам сабе не рад гл. сам.

Сам сабе пан (гаспадар, галава) гл. сам.

Сам (сама, само, самі) сабою гл. сам.

Строіць з сябе каго гл. строіць.

Трымаць пры сабе гл. трымаць.

Трымаць сябе гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

Трымаць у сабе гл. трымаць.

Убіць (набраць) сабе ў галаву гл. убіць.

У сябе — у сваім доме, пакоі і пад., у месцы знаходжання.

Цераз сябе браць гл. браць.

Як за сябе закінуць гл. закінуць.

Які з сябе (сабою)? гл. які.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужы́

1. прил. (принадлежащий другим) чужо́й;

2. прил. (далёкий по духу) чужо́й, чу́ждый;

3. прил. (не родной) чужо́й;

4. прил. (пришлый, незнакомый) чужо́й; чужа́к;

5. в знач. сущ. посторо́нний, чужо́й;

там былі́ ~ы́я — там бы́ли посторо́нние;

з ~ы́х слоў — с чужи́х слов;

з ~ы́х плячэ́й — с чужо́го плеча́;

на ч. кошт — на чужо́й счёт;

е́сці ч. хлеб — есть чужо́й хлеб;

на ~ы́м хле́бе — на иждиве́нии;

жыць ~ы́м ро́зумам — жить чужи́м умо́м;

без ~о́й ла́скі — без чужо́й по́мощи;

загляда́ць у ч. гаршчо́к — загля́дывать в чужо́й горшо́к;

выязджа́ць (е́здзіць) на ~о́й спі́не — выезжа́ть (е́здить) на чужо́й спине́;

у ~ы́х рука́х піро́г вялі́кі — в чужи́х рука́х пиро́г вели́к (большо́й);

~а́я душа́ — цёмны лес — чужа́я душа́ — потёмки;

~ы́мі рука́мі жар заграба́цьпогов. чужи́ми рука́ми жар загреба́ть;

пад ~у́ю ду́дку скака́цьпогов. под чужу́ю ду́дку пляса́ть;

~у́ю бяду́ на па́льцах развяду́посл. чужу́ю беду́ рука́ми разведу́;

на ч. карава́й рот не разяўля́йпосл. на чужо́й карава́й рот не разева́й;

ко́жны гад ~о́му гро́шу радпосл. беру́т зави́дки на чужи́е пожи́тки;

ад ~о́га ша́лу галава́ кру́ціццапогов. в чужо́м пиру́ похме́лье;

з ~о́га каня́ і ў гразі́ злазьпосл. с чужо́го коня́ среди́ гря́зи доло́й

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адысці́, адыду, адыдзеш, адыдзе; пр. адышоў, ‑шла, ‑шло; заг. адыдзі; зак.

1. Пакінуць ранейшае месца; ідучы, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. Ілька адышоў ад вогнішча на ўзгорак. Каваль. Прабіраючыся праз заросшае кустамі балота, Палазок адышоў далёка ўправа і згубіў сяброў. Колас. // Разм. Пайсці, адправіцца куды‑н. Дзеці адышлі ў майстэрню і моўчкі селі за кравецкім сталом. Пестрак. // Адправіцца з месца стаянкі па свайму маршруту. Аўтобус ужо даўно адышоў, а.. [дзяўчына] усё ніяк не магла скрануцца з месца. Астрэйка. // Перайсці жыць у новае месца, пакінуўшы хату, родных; аддзяліцца. І рад бы быў стары Верамейчык, каб сын адышоў куды-небудзь з хаты.. Але, як відаць, нікуды не думае адыходзіць Юзік. Крапіва. // Перамясціцца, аддаліцца (пра падзеі, з’явы прыроды і пад.). Ваенная хваля адышла на захад і ў горадзе паспакайнела. Чорны. Сонца даўно адышло за небасхіл. Галавач. // перан. Падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. Сын не далёка адышоў ад бацькі. // Пакінуць свае ранейшыя пазіцыі; адступіць. Казакі зняліся з пазіцыі і адышлі за Нёман. Брыль.

2. перан. Перастаць займацца якой‑н. справай, пакінуць ранейшы занятак. Адысці ад літаратуры. // Адхіліцца ад ранейшага напрамку ў рабоце, гутарцы, разважаннях і пад. Адысці ад тэмы размовы. □ Мастацкая праўда дыктавала пісьменніку [Петрусю Броўку] задачу дзейнічаць не па шаблону, можна нават сказаць, павярнуць трошачкі стырно, адысці ад логікі завяршэння вобраза героя. Кучар. // Парваць сувязь з кім‑, чым‑н.; зрабіцца далёкім, чужым для каго‑, чаго‑н. Ад людзей адбіўся Габрусь. Ад жыцця агульнага, таварыскага адышоў. Шынклер.

3. Адстаць, аддзяліцца, перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н. Завесы адышлі. □ Нарэшце камень павярнуўся і адышоў ад сцяны. Арабей.

4. Дайсці да звычайнага, нармальнага стану; перастаць хварэць, адчуваць недамаганне. Малая ўжо за гэты час адышла, адужала. Васілевіч. З якой дарогі ні вяртаўся б Ваўчок якія б клопаты яго ні турбавалі, ён ведаў, што дома адыдзе, адпачне, збярэцца з думкамі і сіламі. Хадкевіч. // Зрабіцца зноў адчувальным, рухомым (аб змерзлых, здранцвелых частках цела). Рукі сагрэліся і адышлі. □ — Нідзе так асабліва і не баліць, — удзячна адказаў Даніла, — калені толькі нібы мурашкі пакусваюць, але дарма, адыдуць, — калі.. патру.. рукамі. Кулакоўскі. // Супакоіцца, прыйсці ў сябе пасля зведанага перапалоху, гневу, хвалявання і пад. Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці. Брыль. У вачах Каралёва былі зларадныя агеньчыкі, а Дрозд яшчэ не адышоў ад перапуду. Карпюк. // Дайсці да ранейшага стану; адтаць, адагрэцца, ажыць (пра глебу, расліны і пад.). Зямля адышла. □ Дрэвы ў дзедавым садку ў вайну абгарэлі, але за гэты час некаторыя з іх адышлі, дзед пасадзіў некалькі новых яблынь. Грамовіч.

5. Перайсці ва ўласнасць каго‑н. другога. Цяпер сэрца старога радуецца: не толькі сенажаць, але і панскае поле за рэчкай і па гэты бок адышло круплянскаму калгасу. Сабаленка.

6. Закончыцца, мінуць. Абед адышоў. Жніво адышло. □ Будзем жыць мы без панскай апёкі. Адышла, адцвіла іх пара. І панам не вярнуцца. Колас. // Перастаць існаваць зрабіцца гісторыяй, мінуўшчынай, легендай. Тых часін, што адышлі ў туманы, засталіся сведкамі курганы. А. Вольскі. // Памерці. Я ўспомніў маё знаёмства з Міхаілам Міхайлавічам [Прышвіным] .. і думаў, што добра вось так: зрабіць усё што мог і адысці. Брыль.

7. Зак. да адыходзіць (у 2 знач.).

8. Разм. Перастаць дакучаць, турбаваць. [Міхал] ірвануў.. [Зосю] за руку: — Адыдзі! Чорны.

•••

Адысці на задні (на другі план) — страціць актуальнасць, стаць другарадным.

Адысці ў нябыт (у мінулае) — не астацца ў памяці людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. прывёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. прывядзі; зак.

1. каго-што. Ведучы, памагаючы ісці, указваючы шлях, даставіць куды‑н. Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты. Купала. Раніцаю пасыльны штаба прывёў групу дзяўчат да зямлянкі камбрыга і загадаў чакаць. Шчарбатаў. Ніна Іванаўна, настаўніца, прывяла.. [новага вучня] у клас перад першым урокам. Арабей. // Кіруючы якім‑н. рухомым прадметам, якім‑н. сродкам перамяшчэння, даставіць куды‑н., давесці куды‑н. Прывесці машыну. □ У новым салдацкім шынялі, там-сям запэцканым машынным маслам у танку, які ён прывёў з Лепеля ў Гродна, Трахім ездзіў па вёсках. Корбан. — Марыся, — сказаў Дубіцкі, — прывядзі з каморы мой веласіпед. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Пралягаючы ў пэўным напрамку, паслужыць шляхам куды‑н., даць магчымасць прыйсці куды‑н. (пра дарогу, сцежку, след і пад.). [Алесь] выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі на ўзгорку. Шыцік. Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Шамякін.

3. перан.; каго-што. Стаць прычынай, повадам для прыезду, прыходу куды‑н. — Трэба будзе сказаць, што вас сюды [у дэпо] прывяло, як вы думаеце працаваць? Гурскі. Я сеў, адразу растлумачыў, што прывяло мяне сюды, хто параіў кватэру. Ваданосаў. // Схіліць, давесці да якога‑н. вываду, рашэння і пад. Прывесці да заключэння. □ Велізарны жыццёвы вопыт, цяжкія нягоды, перажытыя ў час вайны, прывялі Янку Маўра да.. думкі пра тое, што шчасце — у жыцці, барацьбе, працы. Кучар.

4. перан.; каго-што і без дап. Давесці да якога‑н. выніку, выклікаць што‑н., паслужыць прычынай чаго‑н. Прывесці краіну да перамогі. □ — Марына тут ні пры чым, Міхаль Пятровіч, — спакойна адказаў Собіч.. — Але ж гэта можа прывесці да вялікіх непрыемнасцей і для яе і для нас... Скрыган.

5. каго-што. Давесці да якога‑н. стану, падаць які‑н. выгляд. Прывесці ў рух. Прывесці веды ў сістэму. □ [Грабок:] — Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Краўчанка. Каб падрыхтавацца, прывесці сябе ў адпаведны выгляд, я прыйшоў з работы нават трошкі раней. Ракітны. // Прымусіць перажыць якія‑н. пачуцці, стан і пад. Прывесці гледачоў у здзіўленне. Прывесці ў захапленне. □ Чаму іменна гэтая жанчына прыводзіць мяне ў такі ганебны страх, чаму ад позірку яе чорных праніклівых вачэй у мяне ўсё нямее і я губляю раўнавагу. Рамановіч. Упартасць Петруся прывяла Алёну ў замяшанне. Мележ.

6. каго. Разм. Даць жыццё каму‑н., нарадзіць (пра жывёлу). Перадавалі [па радыё] нават аб тым, што карова «Елка» прывяла двух бычкоў. Шамякін. [Назар:] — Гэта доечы сучка мая прывяла трое шчанят. Сачанка. // Разм. Нарадзіць. У той дзень стала вядома на ўсім двары, што ў «прыбудоўцы абарваная дзеўка прывяла дзіця і яно крыху неданошанае». Чорны.

7. што. Паведаміць што‑н. для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго‑, што‑н.; працытаваць. Прывесці прыклад. Прывесці выказванне вучонага. □ — Прывяду па памяці хоць пару лічбаў і фактаў у адказ на вашы сцвярджэння.. Марціновіч. — Ногі — дугі. Значыцца — кавалерыст, — прыводзіць .. [цесць] пераканаўчы доказ свайго кавалерыйскага мінулага. Хомчанка.

•••

Прывесці да агульнага назоўніка — ураўнаваць рад прадметаў або з’яў, зрабіць іх падобнымі ў якіх‑н. адносінах.

Прывесці да ладу — тое, што і давесці да ладу (гл. давесці).

Прывесці да парадку каго — прымусіць весці сябе належным чынам.

Прывесці ў выкананне (прыгавор, рашэнне і пад.) — выканаць, здзейсніць.

Прывесці ў сябе (да памяці) — а) вывесці са стану непрытомнасці; б) вывесці са стану разгубленасць задуменнасці і пад. Гром апладысментаў прывёў.. [Любу] у сябе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяна́, ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сце́ны, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. □ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сце́ны, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. □ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцяной — пад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

няма́, безас. у знач. вык.

1. Не быць у наяўнасці, адсутнічаць, бракаваць. [Аўгінька:] — Віця! У нас нікога ў хаце няма... Бацька з маткай паехалі, а малыя недзе гуляюць... Зойдзем да нас... Добра? Зарэцкі. Рады ўсе, што сонца грэе, Што няма больш халадоў. Колас. // Не існуе, не бывае зусім. Нічога няма даражэй за Радзіму. Броўка.

2. У знач. няпоўнага сказа пры адмоўных адказах на пытанні. — Ці прыехала сястра? — Няма.

•••

Адбою няма ад каго — занадта многа, больш чым трэба каго‑н. [Казік:] — Ну і вырасла, ну і пахарашэла.. Ад кавалераў, мабыць, адбою няма? Грахоўскі.

Дзець няма куды гл. дзець.

Жывога месца няма — пра вельмі збітага чалавека.

Зладу няма з кім-чым — немагчыма справіцца з кім‑, чым‑н. [Антон Пятровіч:] — Унь, з адным сынам зладу няма, а тут — тысячы людзей, тысячы гектараў зямлі. Шашкоў.

Зносу няма чаму — добра носіцца, вельмі доўга не зношваецца (пра адзенне, абутак і пад.).

І блізка няма гл. блізка.

І думаць няма чаго гл. думаць.

І заваду (заводу) няма — пра поўную адсутнасць каго‑, чаго‑н. — У нас стук, грукат, гудкі, дык шпакоў тут і заваду няма. Пальчэўскі.

І следу няма — нічога няма, нічога не засталося.

Канца-меры няма — пра што‑н. неабмежаванае, чаму няма меры.

Канца (канца-краю) няма — тое, што і канца (канца-краю) не відаць (гл. відаць).

Ліку няма — вельмі многа, незлічонае мноства каго‑, чаго‑н.

Няма вока за кім-чым — пра адсутнасць догляду за кім‑, чым‑н.

Няма галавы — а) пра неразумнага, тупога чалавека; б) пра слабую, дрэнную памяць.

Няма доступу (прыступу) да каго — нельга падступіцца, звярнуцца да каго‑н.

Няма дурных (дурняў) (іран.) — а) выказванне нязгоды з кім‑н., адмаўленне рабіць, выконваць што‑н. — Няма дурных, — сказаў Віктар, прыскорваючы хаду. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак; б) не ашукаеш, не спадзявайся.

Няма за душой чаго — пра поўную адсутнасць чаго‑н.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. заняць.

Няма калі дыхнуць — тое, што і некалі дыхнуць (гл. некалі ​1).

Няма куды вачэй дзець гл. дзець.

Няма на што глядзець гл. глядзець.

Няма роду без выроду — нічога не бывае без непрыемнага выключэння.

Няма сэрца ў каго — пра адсутнасць спагады, літасці, спачування да каго‑н.

Няма таго, каб (з інф.) — пра адсутнасць прывычкі, жадання што‑н. рабіць; пра адсутнасць разумення таго, што трэба зрабіць. — От жа дзіцятка: няма таго, каб шанаваць, падтрымліваць бацьку, — таксама на бацьку кінуцца рад! Мележ.

Няма толку — а) бескарысна. А пасееш — няма толку, Што ж, зямля пустая! Колас; б) пра адсутнасць згоды, парадку, ладу.

Няма (і) у паміне — зусім няма, адсутнічае, не існуе. Карчмы няма ўжо і ў паміне, Нідзе і следу не відно. Гілевіч.

Няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Няма чаго казаць гл. казаць ​1.

Няма чаго на бога ківаць гл. ківаць.

Няма чаго рабіць гл. рабіць.

Няма чым крыць гл. крыць.

Рады няма — не хапае сілы, магчымасці справіцца з кім‑, чым‑н. І рукамі і нагамі пачала адбівацца [Петрачыха], чалавеку ледзь вачэй не павыдзірала. Рады няма з гэтай бабаю. Лобан.

Ратунку няма — пра вельмі моцную ступень праяўлення чаго‑н.

Слоў няма — бясспрэчна, канечне, няма падставы сумнявацца.

Сухога месца (рубца) няма на кім — усё прамокла, усё стала мокрым.

Ходу няма каму-чаму — а) пра адсутнасць магчымасці праявіць свае здольнасці ў якой‑н. галіне; б) пра адсутнасць попыту на што‑н., шырокага выкарыстання чаго‑н.

Цаны няма каму-чаму — вельмі дарагое, неацэннае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)