На́цыя ’нацыя, нацыянальнасць, народ’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), на́цыя ’парода’ (Растарг.), нацая ’нацыя; мова; вёска’ (Ян.). Ст.-бел. нацыя (нацея, нация) ’народ, народнасць’ (1589 г.) са ст.-польск. nacyja, што ў сваю чаргу з лац. natio (Булыка, Лекс. запазыч., 32); магчыма, паўторнае запазычанне ў сучасную беларускую літаратурную мову з рус. нация (Крукоўскі, Уплыў, 81), адкуль трапіла і ў гаворкі; падобным шляхам праніклі таксама нацыянальны, нацыяналіст, нацыяналізм і інш. з адпаведнай адаптацыяй да норм новай беларускай літаратурнай мовы (‑ыя‑ на месцы рус. ‑ио‑ і інш.). Цікава, што ў выніку самастойнага развіцця ў народнай мове ўзноўлена адно з першасных значэнняў лац. natio — ’парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нацянькі́ ’напрасткі, бліжэйшай дарогай’ (Гарэц., Др., Яруш., Некр., Бяльк., лях., Янк. Мат., Сцяшк.), ’кароткім шляхам’ (Сл. ПЗБ), наценькі́ ’напрамік, наўпрост’ (слуц., Нар. словатв., ТС), параўн. нацянёк ’кароткім шляхам’ (лаг., Сл. ПЗБ), укр. давати натеньки́ ’намякаць’. Да цянькі́ ’бліжэйшая прамая, але глухая, цяністая ці небяспечная дарога, ідучы па якой лёгка збіцца’: Цянькі бываюць на тры дзянькі (Нас.), Цянькі дома не начуюць (Сл. ПЗБ), як відаць, звязанае з цень, цянёк, параўн. дыял. на́цень ’тс’, што можа быць вынікам народнай этымалогіі; параўн. іншую версію: з на‑цям‑кі, ад цяміць ’помніць, кеміць, заўважаць’ (Шуба, Прыслоўе, 141). Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мале́нства1, мале́нство ’маленькае, ласкавае дзіця’ (Жд. 1), ’малеча’ (ТС). Укр. маленьство ’малое дзіця’, польск. maleństwo ’тс’. Відавочна, паланізм. Чэкман (Baltistica, 8 (2), 151) мяркуе, што ашм. маленства ’дзіцё’ з’яўляецца наватворам, які ўзнік пад уплывам суседняй літ. мовы, параўн. (tokià) mazumà ’(такая) маласць, малеча’. Сюды ж бел. маленскі ’ўласцівы дзіцяці’, ’малы, невялікі’ (Нас.).

Мале́нства2, мале́нство, мыле́нства, мале́ства (< малале́ства пад уплывам народнай этымалогіі), малале́сцвія (параўн. ст.-рус. малолѣтствие) ’дзяцінства, дзіцячыя гады; малалецтва’ (Шат., Бяльк., Нас., Яруш., ТС; бялын., Янк. Мат.; віл., паст., шальч., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. словатв.), рус. паўд.-пск., асташк. с маленства ’тс’. Паланізм, польск. maleństwo ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пласкі́р, пласкірка ’гусцяра, Blicca Bjcerkna L-.’ (басейн Прыляці, Жук.). Пашырана і без пачатковага п‑ (гл. ласкір). Большасць слав. назваў рыб з п‑ (укр. плескача, плясканне зах.-укр. płaskurka, серб.-харв. płaskim, plas kurka, макед. тоскуй ’падлешчык, Rhodeus sericeus amarus (Bloch.)’; укр. плёскаеш, зах.-укр.-польск. plaskačka, płaskurka, серб.-харв. płjьska, pljoskavec, славац. ploska, рус. плеска ’верхаводка’, славен. ploščič, славац. pleskač ’лешч, Abramis brama’ і інш.) асацыюецца з прасл. Apieškoti/*pIoskati! *pljmkati, але бел. назвы дзякуючы народнай этымалогіі узыходзяць да плоскі, гл. (Бязлай, 3, 61: Махэк₂, 120). Каламісц (Рыбы, 13) піша пра “падвойную семантычную матывацыю” названай групы лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тале́рка ’плоская сталовая пасуда круглай формы, міска’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Касп., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; ЛА, 4), тарэ́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 4), талі́рка ’тс’ (Сл. ПЗБ), талі́рок ’тс’ (Сл. Брэс.), тале́рка ’металічны кружок над вісячай лямпай’ (Сцяшк. Сл.), тале́ркі ’дыскі’ (Кал.). Паводле Карскага (1, 315), з ням. Teller ’талерка’ (гл. талер2) з захаваннем характэрнага для беларускай мовы спалучэння л–р (без метатэзы, параўн. укр. тарілка, рус. тарелка ’тс’), магчыма, пад уплывам польск. talerzyk, дыял. talerka ’тс’, асабліва talarek ’малы кружок’. Параўн. адаптаванае ў народнай мове тэро́лка ’талерка’ (бяроз., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлен1 ’тленне, гніенне, распад, разбурэнне’, ’прах’ (ТСБМ, Гарэц.), тлень ’гніль; знікомасць, нікчэмнасць’ (Нас., Байк. і Некр.). Можа разглядацца як скарочаная форма аддзеяслоўнага назоўніка тле́нне (тле́ньне) ’гніенне, прэнне, гарэнне без полымя’ (Ласт.) ад тлець (гл.), аднак слабая засведчанасць у народнай мове схіляе да думкі аб пранікненні з ц.-слав. тлѣнъ ’прах’, параўн. у Скарыны тление, тлененъ ’спарахнелы’ (Сл. Скар.) са ст.-слав. тьлѣньнъ ’знікомы, зямны’.

Тлен2 ’кісларод’ (Байк. і Некр.), тлён ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж тле́ньнік ’вокіс’ (Байк. і Некр.). Запазычана з польск. tlen ’кісларод’, наватвора XIX ст. ад tleć (гл. наступнае слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Торф ’рэшткі перагніўшых балотных раслін’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), торп ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), то́рпа ’тс’ (Некр. і Байк., Сцяшк.), торх ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), торх, торшо́к ’тс’ (Юрч., Растарг.), тор ’тс’ (Мат. Гом.). Запазычана (з наступнай фанетычнай адаптацыяй у народнай мове) праз польскую ці рускую мовы з ням. Torf (н.-ням., в.-ням. zurba, zurf, англа-сакс., англ. turf ’дзірван’, ст.-сканд. torf ’пук’), роднасным якому з’яўляецца ст.-інд. darbhás ’пучок травы’ (Васэрцыер, 233; Фасмер, 4, 87; Чарных, 2, 253; ЕСУМ, 5, 609). Аднак Міхельсон (Рус. мысль, 671) выводзіць лексему з араб. turab ’зямля’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,

міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.​В.​Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш. сав. рэспублік, у т. л. БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.

Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.​Ластоўскага і міністра замежных спраў А.​Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 5, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНЬ,

горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс. ж. (1998).

У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав. БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл. Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.

В.​М.​Удальцоў.

Любань. Будынак райвыканкома.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.​Кун (Германія), М.​Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.​М.​Афанасьеў, Ф.​І.​Буслаеў, А.​Ф.​Мілер, А.​А.​Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел. нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.​А.​Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж. бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)