све́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., аб чым, пра што і з дадан. сказам.

1. Пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго‑н. у якасці відавочніка, сведкі, дасведчанай асобы. Сведчу, што ў правінцыі Антарыо Ёсць Палерма — слаўны гарадок. Панчанка. Расказы відавочцаў сведчылі, што агонь у лесе ўспыхнуў адразу ў некалькіх месцах і амаль у адзін і той жа час. Матрунёнак.

2. Быць сведчаннем чаго‑н., пацвярджаць, даказваць што‑н. Маёр рабіўся весялейшым, пачаў насвістваць украінскія песні, што сведчыла аб яго добрым настроі. Шамякін. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці насычаны таксама вялікай колькасцю дзеясловаў лацінскага паходжання, што сведчыць аб моцным уплыве лацінскай мовы на беларускую. Гіст. лекс. бел. мовы. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна [машына] павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы. Васілёнак. Гледачоў — як дзверы зачыніць. Больш тут месца нельга ўжо нідзе знайсці. Здабытак люду і гарачыні Сведчыць нам пра поспех самадзейнасці. Гілевіч.

3. і каму. Даваць паказанні на судзе. Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. Колас.

4. і што. Афіцыйна пацвярджаць сапраўднасць чаго‑н. Сведчыць подпіс і сведчыць пячаць, Што ідзём мы [Рыбка, Ворчык, Зарудны] з астрогу. Куляшоў. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

службо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да службы (у 2 знач.), да выканання абавязкаў па службе. Службовыя справы. Службовае злачынства. □ Вайна застала .. [Гнядкова] ў службовай камандзіроўцы ў заходніх абласцях Беларусі. Шамякін. З’явілася заява — Службовы апарат Паперкі падшывае І ў папкі набівае. Корбан. // Прызначаны для выканання службы, для служачых. Службовы тэлефон. Службовы аўтобус. □ Месцаў там [у вагоне] не было, і, расчараваная, .. [Таня] вярнулася ў сваё службовае купэ. Даніленка. Рабочыя, ці, як іх яшчэ называюць, службовыя, пакоі ва Упраўленні дзяржаўнай бяспекі абстаўлены вельмі сціпла. Кавалёў. // Такі, які прыняты на службе. Службовыя адносіны. Службовы этыкет. □ Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. Але ён не здае службовага тону, хоць гаворыць лагодней. Колас. // Які нясе якую‑н. службу, знаходзіцца на якой‑н. службе. Позвы і іншыя паведамленні, адрасаваныя прадпрыемству, установе ці арганізацыі, уручаюцца адпаведнай службовай асобе. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. [Наўмыснік:] — Службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся. Чорны.

2. Другарадны, дапаможны. Традыцыйныя вобразы нядолі ці няволі прыцягваліся пісьменнікамі ў твор звычайна з чыста службовымі мэтамі. Ярош. // У граматыцы — які служыць для паказу адносін паміж знамянальнымі часцінамі мовы. Службовыя часціны мовы. Службовыя словы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; незак.

1. Нахіляцца, нагінацца. Не налажылася.. [Рыгорыха] да гэтакай работы. Тут пілу тузае, як папала, сама ўгору глядзіць, ці не хінецца ў гэты бок вяршыня. Крапіва.

2. перан. Мець ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Вось той жа Лапцін. Паглядзіш — быццам і стараецца, усё правільна робіць: у каго прагул — скажа, хто да гарэлкі асабліва хінецца — пры ўсіх крычыць. Савіцкі. Цяжка было зразумець, чаму такі дужы, плячысты хлопец зусім не хінецца да зямлі, не мае да яе ласкі. Шахавец.

3. перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. [Ігар] зразумеў, што кахае Рэню мацней, чым да гэтага кахаў іншых дзяўчат. А вось Рэня не хінулася да яго. Сіняўскі. [Марыля:] Але ты [Зося] не ведаеш, што цябе чакае, як будзеш так хінуцца к яму, як калінка да явара? Сябе згубіш і нас вечным сорамам абняславіш. Купала. // Шукаць збліжэння з кім‑н. Марат чамусьці хінуўся да хлопцаў больш сталых, да тых, у каго на выцвілых гімнасцёрках яшчэ былі відны сляды ад ордэнаў. «ЛіМ». Юзік сам не ведаў аб сваёй папулярнасць Быў ён чалавек ціхм[я]ны і трымаўся сваёй пугі, як другі чалавек зямлі, і ні да чога і ні да кога не хінуўся. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калды́га 1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал. колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба 1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал. колдыка, смал. колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел. калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац. хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.

Калды́га 2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба 2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус. дыял. колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур. колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт‑. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).

Калды́га 3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел. калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга 3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рак 1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2–3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак 2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак 3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНКАЛО́ГІЯ (ад грэч. onkos пухліна + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.​А.​Навінскі, М.​М.​Руднеў, ням. Р.​Вірхаў, П.​Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.​М.​Пятроў, П.​А.​Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.​Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.​Ямагіва і К.​Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.​Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.​А.​Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.

На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.​М.​Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.​С.​Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.​А.​Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.​З.​Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.​Р.​Жакаў, Г.​У.​Мураўская), хіміятэрапіі (Э.​А.​Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.​П.​Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.​А.​Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.​А.​Машэўскі), анкагінекалогіі (К.​Я.​Вішнеўская), анкауралогіі (А.​С.​Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.​М.​Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.​В.​Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.​М.​Мураўёў, Л.​Б.​Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.​В.​Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).

Літ.:

Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;

Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;

Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.

Ц.​А.​Панцюшэнка.

т. 1, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт. зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт. зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт. зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.​Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, Ю.​Гаўрук, С.​Ліхадзіеўскі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. В 7 т. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр. М., 1987;

Сафронова Н.Н. Виктор Гюго. М., 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

В.Гюго.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭАЛІ́ЗМ,

агульная назва філас. сістэм (поглядаў), у якіх сутнасці прадметаў надаецца асабліва ідэальны і субстанцыянальны сэнс. Зыходзіць з першаснасці духоўнага, мысліцельнага, псіхічнага і другаснасці матэрыяльнага, прыроднага, фізічнага. Узнік каля 2,5 тыс. г. назад. У філас. сэнсе І. азначае пэўную пазіцыю ў рашэнні асн. пытання філасофіі аб адносінах мыслення да быцця. Калі ідэальнае набывае характар аб’ектыўнага духоўнага першапачатку свету, размова ідзе пра аб’ектыўны І., калі сутнасць пазбаўляецца аб’ектыўнай асновы — пра суб’ектыўны І. У 1-м выпадку сутнасць (ідэя) паўстае ў 2 іпастасях: з аднаго боку, яна павінна быць вечнай, абсалютнай і нязменнай, для чаго неабходна пастуліраваць асобны свет яе знаходжання, якімі выступаюць платонаўскі свет ідэй, арыстоцелеўская форма форм, лейбніцкія манады, гегелеўская абсалютная ідэя або розум Бога ў схаластычнай філасофіі; з другога боку, сутнасць як адбітак (цень) сваёй асн. ідэі-матрыцы прадстаўлена ў канкрэтных прадметах рэальнага свету. Таму рэчы маюць канец, існуюць у часе і прасторы, а іх сутнасць (ідэя) абсалютная і вечная, г.зн. існуе па-за часам і прасторай. У рамках аб’ектыўнага І. сцвярджаецца ідэя гіпераб’ектыўнага крытэрыю ісціны; апошняя набывае неабходны аб’ектыўны сэнс, які раскрываецца не кожнаму розуму, а толькі таму, што філасофствуе. У сістэме суб’ектыўнага І. формы пачуццёвага пазнання (прастора і час у філасофіі Дж.​Берклі, Д.​Юма і І.​Канта) і сутнасці абстрактных паняццяў (напр., прычына, неабходнасць, усеагульнасць, заканамернасць і г.д.) выводзяцца з прыроды самой свядомасці чалавека. Такім чынам сутнасць аддзяляецца ад прадмета, набывае асаблівы намінальны сэнс або характар прыроджаных ідэй (Р.​Дэкарт). Крытэрый ісціны з аб’ектыўна-анталагічных асноў пераходзіць у бок логіка-псіхал. форм пазнання. Суб’ектыўны І. рэалізуецца ў такіх сваіх разнавіднасцях, як суб’ектывізм, скептыцызм, сафістыка, агнастыцызм, ірацыяналізм, інтуітывізм, прагматызм, валюнтарызм, пазітывізм і інш. І. супрацьстаіць матэрыялізму ў вырашэнні асн. пытання філасофіі (аб адносінах матэрыі і свядомасці матэрыяльнага і духоўнага). І. ўяўляе сабой моцны пласт духоўнай культуры чалавецтва і ў спалучэнні з матэрыялізмам дазваляе скласці цэласнае ўяўленне пра свет, у рамках якога чалавек выступае моцным фактарам сацыяпрыроднага прагрэсу. У быт. сэнсе паняцце «І.» абазначае схільнасць людзей да абстрактнага тэарэтызавання, бескарыслівага захаплення нерэальнымі ідэямі, нездзяйсняльнымі планамі і праектамі.

Літ.:

Идеалистическая диалектика в XX ст. М., 1987.

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФУЦЫЯ́НСТВА,

маральна-паліт., рэліг.-філас. і светапогляднае вучэнне, якое сфарміравалася ў Стараж. Кітаі і на працягу больш як 2 тыс. гадоў было яго афіц. ідэалогіяй і дзярж. рэлігіяй. Асновы К. закладзены ў 6 ст. да н. э. Канфуцыем і развіты яго вучнямі і паслядоўнікамі Мэн-цзы, Сюнь-цзы і інш. Узнікла ў перыяд распаду Кітая на шматлікія дзяржавы, разрыву раннефеад. і патрыярхальных грамадскіх сувязей, заняпаду традыц. рэліг. вераванняў. Напачатку было спробай выпрацаваць этычныя, грамадскія і паліт. нормы, а таксама спосабы кіравання, якія павінны забяспечыць аднаўленне стабільнага грамадскага ладу і царскай улады ва ўсім Кітаі. Канфуцый прапанаваў праграму вяртання 5 класічных «грамадскіх залежнасцей»: сына ад бацькі, жонкі ад мужа, малодшага брата ад старэйшага, падуладнага ад пануючага, сябра ад сябра і стварэння на аснове прынцыпаў жэнь («гуманнасць, справядлівасць») і лі («рытуал, этыкет») дакладна акрэсленай патрыярхальна-феад. грамадскай іерархіі, дзе кожны чалавек займаў бы прадвызначанае яму месца і выконваў бы адпаведныя абавязкі. Гэта праграма, на думку Канфуцыя, павінна была прывесці да стварэння «грамадства супрацоўніцтва» (узор і яго асн. ячэйка — сям’я) і выхавання «высакародных людзей» (цзюнь-цзы) — інтэлектуалаў, якія павінны дапамагаць уладарам кіраваць «простым людам». Філас. асновай К. з’яўляецца палажэнне аб тым, што ўсё, што адбываецца, павінна быць згодна з «ладам неба» (дао); веданне гэтага «ладу» і заснаваных на ім правіл паводзін у міжчалавечых адносінах — цэнтральны пункт у К. Пасля смерці Канфуцыя яго вучэнне развівалі і дапаўнялі шматлікія школы яго паслядоўнікаў. Пасля няўдалага перыяду праследаванняў пры імператару Цынь Шыхуандзі, які ў 211 да н. э. загадаў спаліць усе канфуцыянскія кнігі, у часы дынастыі Хань адбылося адраджэнне К. Адным з гал. інтэрпрэтатараў і рэфарматараў К. быў Дун Чжуншу (2 ст. да н. э.), які распрацаваў метафізічныя асновы К. і аб’яднаў яго з тэістычнай тэлеалогіяй. Новы этап развіцця К. звязаны з імем Чжу Сі (1130—1200), стваральніка неаканфуцыянства, якое дамінавала ў кіт. філас. думцы і культуры да 20 ст., выконвала інтэграцыйныя функцыі і аказвала вялізны ўплыў на ўсе галіны грамадскага жыцця Кітая, асабліва на сістэмы кіравання, выхавання і культуры.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Проблемы идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (16.2. 1831, с. Гарохава Арлоўскай вобл., Расія — 5.3.1895),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1860. У ранніх апавяданнях і аповесцях («Жыціе адной бабы», 1863; «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета», 1865; «Ваяўніца», 1866 і інш.) шырока паказаў жыццё рус. народа, лёс жанчыны. Антынігілістычныя раманы, напісаныя на бел. тэматыку: «Няма куды» (1864, эпізоды паўстання 1863—64 у Белавежы) і «На нажах» (1870—71). У рамане-хроніцы «Сабаране» (1872), аповесці «Зачараваны вандроўнік» (1873), апавяданнях «Паўлін», «Аднадум» і інш. стварыў галерэю тыпаў праведнікаў. Цяжкі лёс мастака з народу ў цэнтры аповесцей «Увасоблены анёл» (1873), «Тупейны мастак» (1883), «Чортавы лялькі» (1890). Вытрыманы ў гратэскавай манеры сказ «Ляўша» (1881) — услаўленне кемлівасці і прыроднага таленту рус. чалавека. У жанры вострай сац. сатыры напісана аповесць «Заечы рэміз» (1891—94, апубл. 1917) і інш. Аўтар п’есы «Марнатравец» (1867), легенд на тэмы жыцця першахрысціян, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра мастацтва, успамінаў і інш. Творчасці Л. ўласцівы жанравае і вобразнае багацце, непаўторная сказавая манера. Паводле аповесці «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіч стварыў аднайм. оперу (1934; адноўлена ў 1962 пад назвай «Кацярына Ізмайлава»; пастаўлена Нац. т-рам оперы Беларусі, 1994). У вер. 1862 прыязджаў у Вільню; зблізіўся з В.​Каратынскім, падарожнічаў з ім па Беларусі, наведаў Гродна, Пінск, Пружаны, Белавежскую пушчу, прысвяціў яму аповесць «Жыціе адной бабы». Уражанні ад паездкі па Беларусі выкарыстаў у серыі карэспандэнцый «З аднаго дарожнага дзённіка» (час. «Северная пчела», 1862). Шэраг твораў Л. экранізаваны. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі І.​Сакалоўскі, М.​Сеўрук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1989;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1993;

О любви: Повести. М., 1993;

Бел. пер. — Тупейны мастак. Мн., 1937;

Чалавек на варце. Мн., 1947.

Літ.:

Лесков А.Н. Жизнь Николая Лескова. Т. 1—2. М., 1984;

Аннинский Л. Лесковское ожерелье. 2 изд. М., 1986;

Горелов А.А. Н.​С.​Лесков и народная культура. Л., 1988;

Лесков и русская литература. М., 1988;

Творчество Н.​С.​Лескова. Курск, 1988;

Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.​С.​Ляскоў // ЛіМ. 1970. 30 студз.;

Клейн Б. В годину смятения: Бел. поездка Н.​Лескова // Неман. 1979. № 2.

У.​І.​Мархель.

М.С.Ляскоў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)