заста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; ‑станёмся, ‑станяцеся; зак.

1. Не змяніць свайго месцазнаходжання, астацца на ранейшым месцы. І коні, і людзі разбегліся ва ўсе бакі. У сярэдзіне застаўся адзін камандзір. Брыль. Дзяўчаты завагаліся: пайсці або застацца з хлопцамі, з якімі было вельмі добра і цікава. Шыцік. // з кім, з інф. Прадоўжыць сваё знаходжанне дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Застацца з хворым. Застацца ў бібліятэцы працаваць. □ Многія закончылі сярэднюю школу і ў калгасе засталіся працаваць, завочна вучацца. Бялевіч. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Мэра] застаецца ляжаць на пухкім моху каля бярозы. Бядуля. Максім застаўся сядзець на беразе. Шамякін. // Быць пакінутым, забытым дзе‑н. Дома застаўся ў бацькоў каляндар адрыўны. Куляшоў. // Не перайсці ў наступны клас. Застацца на другі год у сёмым класе.

2. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н. Якім быў, такім і застаўся. □ Цяпер дзверы былі шчыльна зачынены. Толькі адны засталіся раскрытымі насцеж — у канферэнц-залу. Асіпенка. Палёты ў космас хоць і прынеслі вялікія поспехі, засталіся ўсё ж яшчэ надзвычай складанымі і небяспечнымі. Шыцік.

3. Не перастаць існаваць, захавацца, уцалець. Застацца жывым. □ Там дубоў ужо няма, а камень застаўся, каб стаць зброяй у руках новых шаманаў з крыжам у руцэ. Пестрак. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе. Ракітны. // Захавацца ў якасці следу ад каго‑, чаго‑н. Ад возера засталася маленькая лужына. □ Ад усяго двара засталася.. абгарэлая груша. Лынькоў. // Быць у наяўнасці, не патрачаным да канца (пасля карыстання чым‑н., расходавання чаго‑н. і інш.). У вінтоўцы застаўся адзін патрон. □ — А цяпер пара і паснедаць. У нас жа ўчарашняя юшка засталася. Гамолка. // Аказацца яшчэ не выкарыстаным або не пераадоленым (аб прасторы, часе). Да вёскі засталося з кіламетр. Да заняткаў застаецца дваццаць хвілін. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., зрабіцца чыім‑н. набыткам. У глухія лясныя нетры выганялі калгаснікі жывёлу, каб нічога не засталося ворагу. Колас.

4. Апынуцца ў якім‑н. становішчы, стане і пад. Застацца сіратою. Застацца задаволеным. Застацца за гаспадара. □ За некалькі хвілін станцыя застанецца па сутнасці без аховы. Шамякін. // без чаго. Аказацца без чаго‑н., пазбавіцца чаго‑н. Застацца без грошай. Застацца без абеду. □ Нянька засталася без касы — пані загадала адрэзаць. Бядуля. // Апынуцца ззаду, збоку таго, што рухаецца. Праз гадзіну-паўтары і лес застаўся ззаду. М. Ткачоў. Нарэшце, будоўля засталася злева — мы паехалі ў аб’езд. Дадзіёмаў.

5. безас. каму, з інф. Неабходна толькі, трэба толькі (зрабіць што‑н.). Майстар.. сам зрабіў заліўку і замазку машыны, Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець — паглядаць за спраўнасцю друкавання. Брыль.

6. кім, у кім. Разм. Прагуляўшы ў картачнай гульні, атрымаць якое‑н. прозвішча ў залежнасці ад назвы гульні. Застацца дурнем.

•••

Жывога месца не засталося — тое, што і жывога месца няма (гл. няма).

Застацца жывым — выжыць, не загінуць.

Застацца за кім — а) аказацца чыім‑н., у чыёй‑н. уладзе, у чыім‑н. карыстанні. Гаспадарка засталася за сынам; б) працягваць лічыцца за кім‑н. За ім застаўся доўг.

Застацца з носам — застацца без таго, на што разлічваў, чаго хацеў хто‑н.

Застацца ззаду — быць пераадоленым, пройдзеным (пра шлях, адлегласць і пад.).

Застацца на паперы — пра закон, правіла, рашэнне, запісанае, але не ажыццёўленае на справе.

Застацца ў дзеўках — не выйсці замуж.

Застацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні ў дурня; б) перан. аказацца падманутым.

І следу не засталося — пра поўнае знікненне, адсутнасць каго‑, чаго‑н.

Мокрае месца застанецца гл. месца.

Не застацца ў даўгу — адплаціць тым самым (учынкам, адносінамі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йсці, выйду, выйдзеш, выйдзе; пр. выйшаў, ‑шла; заг. выйдзі; зак.

1. Пайсці адкуль‑н., пакінуць межы чаго‑н. Выйсці з горада. Выйсці з машыны. □ Гулка бразнулі дзверы. З хаты выйшлі людзі. Лынькоў. Бацька спрытна саскочыў з кузава, адчыніў дзверы кабіны і дапамог выйсці маці. Чарнышэвіч. // Накіравацца куды‑н. Малады высокі салдат, развітаўшыся з сваімі таварышамі, выйшаў пеша ў дарогу. Чорны. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. Брыль. // Прарвацца, прабіцца адкуль‑н. Выйсці з блакады. Выйсці з акружэння. // перан. Перастаць удзельнічаць у чым‑н.; выбыць. Выйсці з вайны. Выйсці з гульні. Выйсці з падполля. □ Уладзімір Вялічка быў просты чалавек. Ён зусім.. не ўсвядоміў сабе ўсяго значэння той справы, з якой толькі што выйшаў. Чорны. // перан. Пакінуць месца знаходжання дзе‑н. Выйсці са шпіталя пасля ранення.

2. перан. Быць выдадзеным, надрукаваным. Кніга выйшла з друку. □ [Вэня:] — Матэрыялы могуць выйсці асобнай брашурай. Чорны. // Уступіць у дзеянне, сілу (пра закон, загад і пад.). — Значыць, наколькі я асмелюся думаць, тут інструкцыя такая выйшла для няўхільнага правядзення ў жыццё. Чорны.

3. Прыйсці куды‑н., з’явіцца, апынуцца дзе‑н.; паказацца. Выйсці на палявую дарогу. Выйсці на нарад. Выйсці ў тыл ворагу. Сонца выйшла з-за хмары. Выйсці на арбіту. □ Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. // Падысці да каго‑, чаго‑н. Выйсці да стала. Выйсці да людзей.

4. з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім‑н. стане, становішчы. Выйсці з цярпення. Выйсці з-пад улады. □ Жэня ўбачыў маці і зноў устрапянуўся, выйшаў з .. цяжкага здранцвення. Шамякін.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці. На кожнага выйшла па сто рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца. Выйшлі ўсе запасы. Выйшлі грошы. □ Гранаты выйшлі, у ранцах ні галеты. Калачынскі. Маці думала аб тым, што дома выйшаў хлеб, а сена для худобы засталося так мала, што ніяк не хопіць дацягнуць да маладой травы. Сіняўскі. // Прайсці, мінецца (пра час).

7. (звычайна са словам «замуж»). Стаць жонкай каго‑н. Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Колас. — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў ёй выйсці за яго замуж. Корбан.

8. Атрымацца, удацца. Выйшла добрая рэч. Добра выйсці на фота. □ Зброя выйшла хоць куды! Маўр. Усмешка выйшла разгубленая, бездапаможная. Карпаў. Усе былі перакананы, што з яго выйдзе славуты лётчык. Мележ. // Стаць, зрабіцца кім‑, чым‑н. Выйсці пераможцам. Выйсці ў вялікія майстры. □ [Бондар:] — Мой брат, старэйшы, у камбрыгі выйшаў. Навуменка.

9. Пра паходжанне каго‑н. Выйсці з асяроддзя людзей працы. □ Увесь гэты сялянскі воблік і простая вопратка не былі падробліваннем пад народ. Чалавек, які выйшаў з народа, жыў яго інтарэсамі і спадзяваннямі,.. не мог і не жадаў чым-небудзь адрознівацца ад людзей. С. Александровіч.

10. Здарыцца, нечакана адбыцца ў выніку чаго‑н. Выйшла самае нечаканае. □ Я хацеў выклікаць жаласць у сэрцы Барыса, а выйшла наадварот... Бядуля. [Дзяўчына:] — Дом цягне.. А мяне з дому пацягнула, бо сутычка з татам выйшла. Пташнікаў.

•••

Бокам выйсці; вомегам выйсці — тое, што і бокам (вомегам) вылезці (гл. вылезці).

Выйсці з берагоў — разліцца (пра раку, возера і пад.).

Выйсці з галавы — зусім забыцца.

Выйсці з давер’я — перастаць карыстацца чыім‑н. давер’ем.

Выйсці з моды — перастаць быць модным.

Выйсці з раман — парушыць агульнапрынятыя нормы.

Выйсці з сябе — раззлавацца.

Выйсці з узросту; выйсці з гадоў — перарасці ўзрост, вызначаны для каго‑, чаго‑н.

Выйсці за рамкі — перайсці межы чаго‑н.

Выйсці з-пад пяра каго — быць напісаным кім‑н.

Выйсці (выбіцца) на дарогу — знайсці сваё месца ў жыцці, стаць самастойным.

Выйсці на пенсію (у адстаўку) — перастаць служыць, працаваць.

Выйсці (усплыць) наверх (на паверхню) — выявіцца, стаць вядомым.

Выйсці са строю — стаць непрыгодным, непрацаздольным. Першы і найлепшы яго друг і камандзір выйшаў са строю. Кавалёў.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады — пазбегнуць заслужанай кары; астацца непакараным.

Выйсці ў колас — пачаць каласаваць (пра збожжавыя расліны).

Выйсці (выбіцца) у людзі — пасля доўгіх намаганняў дасягнуць трывалага або высокага становішча ў грамадстве. Нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ.

Выйсці ў свет — быць апублікаваным (пра друкаванае выданне).

Выйсці ў тыраж — выйсці з ужытку, стаць непрыгодным да чаго‑н.

Выйсці чыстым — аказацца непакараным.

На маё (яго) выйшла — так, як я (ён) хацеў.

(Нічога) не выйдзе — не атрымаецца, не ўдасца. [Іван:] — «Не, з чытання сёння нічога не выйдзе. Ці не пайсці развеяцца?» Гаўрылкін. — «Сцёпа, пачакай! — затрымала яго жонка. — Давай заўтра махнём куды-небудзь у раён. — Нічога не выйдзе, — адказаў Сцяпан Ягоравіч. — Заўтра.. буду заняты». Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)