узрасці, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. узрос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Вырасці, стаць дарослым, сталым. А потым узрос і Пятрок, астаўся пасля школы дома, у брыгадзе. Жук. За доўгі час набраўся сілы [волат], Загартаваўся і ўзрос. Журба. // Узгадавацца, вырасці; развіцца ў якіх‑н. умовах. Лепей за ўсё мне на свеце мясціна Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос. Кірэенка. Пэўна, ты [лось] застаўся без ласіхі, Без бацькоўскіх сцежак і бяроз, Сірацінай выгнанай узрос? А твой запаведнік ціхі-ціхі Полымем узняўся да нябёс? Бялевіч. / у перан. ужыв. І трэба дзівіцца, што .. [літаратура Заходняй Беларусі] хутка змагла акрыяць, адрадзіцца і ўзрасці. Гіст. бел. сав. літ. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узышоўшы, вырасці (аб раслінах). Ля садочку канюшына Узрасла і расцвіла. Ставер. Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Травы няма: тая, што сям-там узрасла, .. зжухла і зжоўкла. Сачанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў памерах, аб’ёме, сіле і пад., зрабіцца большым. Узраслі фонды зарплаты. Узрос аб’ём будаўніцтва. Узрасла прадукцыйнасць працы. // Узнікнуць, з’явіцца; павялічыцца ў памерах (пра гарады, будынкі і пад.); разрасціся. Каменным золатам ты [Мінск] да нябёс узрос. Хведаровіч. Тут заводы ўзраслі, Новых фабрык тут шмат... Сёння ёсць чым у нас ганарыцца. Журба. // Павысіцца. Узрос культурны ўзровень. Узрасла актыўнасць. ▪ У гэтых вершах відаць, як узрасла грамадзянская адказнасць паэта, яго вострая непрымірымасць да двурушнікаў, прыстасаванцаў. Клышка. // Стаць больш значным. Узрос аўтарытэт арганізацыі. ▪ Папулярнасць і павага [Гая] сярод чырвонаармейцаў узрасла яшчэ больш. Машара. Пятрусь Броўка .. імкнуўся ісці ў рэчышчы, пракладзеным Купалам і Коласам. Сёння гэтыя імкненні яшчэ больш узмацніліся і ўзрос, зразумела, прыліў творчых сіл. Ярош. // Узмацніцца, стаць гучнейшым (пра гукі, голас і пад.). Ад ціхай замаруджанасці начы, рэдкага няроўнага трамвайнага гулу, які заміраў, не паспеўшы ўзрасці, .. было нязвыкла трывожна па душы. Хадановіч. / Пра пачуцці, стан і пад. У напружаным чаканні Сэрца кожнага жыло. Хутка шэсць. І хваляванне Над радамі ўзрасло. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)