апусціць, апушчу, апусціш, апусціць; зак., каго-што.
1. Перамясціць у больш нізкае становішча; паставіць, палажыць ніжэй, чым было. Баец апусціў аўтамат і паспяшыў Пракопу на дапамогу. Якімовіч. Павал апусціў хамут з калень на зямлю і слухаў. Чорны. // Нахіліць, нагнуць. Юрка зачырванеўся і таму апусціў галаву, каб не заўважыла Люська. Навуменка. Жоўтымі матылямі злятае з бярог дачасна засохлае лісце, у знямозе апусцілі вецце гнілабокія вербы. Шашкоў. // Скіраваць уніз (позірк, вочы). [Бабуля:] — Не... — адказала я, паглядзела на .. [Ціхана] і апусціла вочы. Бядуля.
2. Змясціць куды‑н., у што‑н., у сярэдзіну чаго‑н. Апусціць невад пад лёд. ▪ Па дарозе Рыгор апусціў у скрынку лісты. Гартны. Верачкі больш няма: сёння мы апусцілі ў глыбокую, вузкую яму сасновую трунку з найбольшым шчасцем маёй сястры. Брыль.
3. Спусціць; вызваліўшы замацаваны край, даць упасці. — Апусціце шторы, — захваляваўся Бергнер. Гурскі. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей. Пальчэўскі. // Перавесці з вертыкальнага становішча ў гарызантальнае, адчыняючы або зачыняючы што‑н. Апусціць шлагбаум.
4. Зрабіць пропуск, прапусціць, выключыць (з тэксту і пад.). Скараціўшы так лёгка і механічна свой даклад, Бародка, знарок ці незнарок — невядома, апусціў даволі важную частку. Шамякін.
5. Аслабіць догляд; запусціць, занядбаць. Як і гаспадаром застаўся [Верамейчык], папікаў усе жылы, каб гаспадаркі не апусціць, каб прыдбаць яшчэ што ды ад людзей не астацца. Крапіва.
6. Абл. Перастаць займацца чым‑н. [Садовіч:] — І самае важнае — ніякае стравы для галавы. Не чытаў нічога і школу апусціў. Колас.
•••
Апусціць вушы — а) зрабіцца пасіўным, абыякавым па якой‑н. прычыне; б) завянуць (пра расліны).
Апусціць крылы — страціць энергію, бадзёрасць.
Апусціць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).
Апусціць рукі — страціць здольнасць або жаданне займацца чым‑н.
Апусціць (падтуліць) хвост — стаць больш сціплым, менш прэтэнцыёзным, збавіць самаўпэўненасць.