РО́ЙСДАЛ (Ruysdael, Ruisdael) Якаб ван (1628 або 1629, г. Харлем, Нідэрланды — пахаваны 14.3.1682), галандскі жывапісец; адзін з буйнейшых пейзажыстаў 17 ст. Вучыўся, верагодна, у свайго дзядзькі С. ван Ройсдала. Зазнаў уплывы П.Потэра, Я. ван Гоена, Х.Сегерса. Працаваў у Харлеме, з 1656 у Амстэрдаме. У ранніх творах адлюстроўваў сціплыя ваколіцы Харлема («Хатка ў гаі», 1646, і інш.). Каля 1650—55 вандраваў па Нідэрландах і Германіі, пісаў манумент. пейзажныя кампазіцыі, у якіх праз халодную колеравую гаму і рэзкія святлоценявыя кантрасты ўвасабляў пачуццё драм. зменлівасці жыцця («Яўрэйскія могілкі», каля 1650—55, і інш.). Пазней ствараў гар., вясковыя, марскія, рачныя пейзажы, прасякнутыя адчуваннем суровай велічы прыроды. Творы вызначаюцца дакладнасцю малюнка, матэрыяльнай адчувальнасцю форм, майстэрствам перадачы дынамікі святлопаветранага асяроддзя, багаццем каларыту: «Від вёскі Эгманд», «Пейзаж з вадзяным млынам» (1661), «Куст», «Балота», «Вятрак у Вейку» (1660-я г.), «Марскі бераг» (канец 1660—пач. 1670-х г.), «Горы Нарвегіі», «Вадаспад» і інш. Працаваў таксама ў тэхніцы афорта.
Літ.:
Фехнер Е.Ю. Я. ван Рейсдаль и его картины в Государственном Эрмитаже. Л., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМЕР (Дэлфцкі) (Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),
галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХІМО́ВІЧ (Казімір) (20.12.1840, в. Дэмбрава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.12.1916),
жывапісец і графік; прадстаўнік позняга рамантызму і рэалізму ў бел. жывапісе 19 — пач. 20 ст. Вучыўся ў Варшаве ў маст. школе В.Герсана (1871—73), у Парыжы (1876—78), скончыў Мюнхенскую АМ (1875). За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы ў Сібір (да 1869). З 1878 у Варшаве, удзельнічаў у выстаўках Варшаўскага т-ва заахвочвання мастацтваў і Салона ў Парыжы. Аўтар гіст. палотнаў: «Пахаванне Гедзіміна», «Пасля бітвы», «Смерць Маргера», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Перуна», «Абарона Ольштына» (1883), «Смерць Глінскага ў турме» (каля 1884). У карцінах «Жніво» (1869), «Вясковая дзяўчынка» (1880-я г.), «Наём работнікаў» (1893), «Парабкава хата», «У поце чала», «Шляхціц і селянін» (1898) і інш. адлюстраваў быт, пакутлівы лёс сялян і парабкаў. Пад уплывам ссылкі напісаў творы «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале» (каля 1820), «На этапе» (1894) і інш. Па матывах творчасці А.Міцкевіча стварыў серыю карцін і 12 кардонаў-ілюстрацый да яго паэмы «Пан Тадэвуш». Ілюстраваў творы Ю.Славацкага і Ю.Крашэўскага. Размалёўваў (з Т.Попелем і А.Пятроўскім) касцёл Св. Кацярыны ў Пецярбургу.
К.Альхімовіч. Аўтапартрэт. 1864.К.Альхімовіч. Вясковая дзяўчына. 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),
бел.жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).
Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш. Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Картинная галерея. Вильнюс, 1969.
В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНЕ́КА (Аляксандр Аляксандравіч) (20.5.1899, г. Курск, Расія — 12.6.1969),
рускі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1936). Правадз.чл.АМСССР (1947, у 1962—66 віцэ-прэзідэнт АМСССР). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—25) у У.Фаворскага, І.Нівінскага. Выкладаў у Маскве ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), паліграф. ін-це (1928—34), маст. ін-це імя Сурыкава (1934—46, 1957—63). Адзін з заснавальнікаў Т-ва станкавістаў. Яго жывапісныя творы 1920—30-х г. («У Данбасе», «Тэкстыльшчыцы», «Абарона Петраграда», «Бег», «Будучыя лётчыкі» і інш.) вылучаюцца выразнасцю формы, дынамізмам рытмічнай кампазіцыі, кантрастным спалучэннем прасторавых планаў, лаканізмам колеравых спалучэнняў. Адначасова выяўляецца і інтымная, лірычная лінія («Маці»). У гады Вял.Айч. вайны Д. стварыў гераічную карціну «Абарона Севастопаля» (1942) і шэраг суровых драм. пейзажаў. Сярод твораў манум. жывапісу пано і размалёўкі Цэнтр.т-раСав. Арміі (1940), мазаічныя плафоны станцый Маск. метрапалітэна «Маякоўская» (1938—39) і «Новакузнецкая» (1943), мазаікі «Добрая раніца» і «Хакеісты» (1959—60) і інш. Аўтар станковых твораў «Каля мора» (1956—57) і інш. Ленінская прэмія 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДО́РАЎ (Фёдар Аляксандравіч) (27.2. 1890, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.3.1967),
расійскі і бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Нар. мастак Расіі (1965). Чл.-кар.АМСССР (1950). Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—18). Арганізатар і дырэктар Мсцёрскага маст.-прамысл. вучылішча і маст. школы-камуны (1918—22). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1948—62 рэктар Маскоўскага ін-та імя Сурыкава. У 1938—41 кіраўнік курсаў павышэння кваліфікацыі мастакоў у Мінску. Аўтар партрэтаў грамадскіх, паліт., ваен. дзеячаў (М.А.Сямашкі, 1924; Г.В.Чычэрына, 1926; Р.І.Пятроўскага, 1928; К.Я.Варашылава, 1933, 1963 і інш.), удзельнікаў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі (У.З.Царука, 1942; дзеда Талаша, 1943; П.К.Панамарэнкі, В.І.Казлова, І.Дз.Варвашэні, М.П.Шмырова, усе 1944; С.А.Каўпака, Р.Н.Мачульскага, абодва 1945; В.З.Каржа, 1947; К.П.Арлоўскага, 1956, і інш.), групавога партрэта «Героі Першай коннай арміі» (1938), тэматычных карцін «Свята 1 Мая ў сяле Колва. Комі АССР» (1927), «Магнітагорск. Будоўля камсамольскай домны» (1931), «Народны сход у Заходняй Беларусі» (1940), пейзажаў і нацюрмортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ВІН (Піліп Андрэевіч) (22.10.1869, с. Казанка Арэнбургскай вобл., Расія — 23.12.1940),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў манастырскай іканапіснай майстэрні на Аян-Орасе ў Грэцыі (1885—91) і Пецярбургскай АМ у І.Рэпіна (1892—99). Чл. Саюза рус. мастакоў (з 1903). З 1922 жыў у Зах. Еўропе. У ранні перыяд пад уплывам Рэпіна ствараў стрыманыя паводле каларыту псіхал. партрэты: «Сялянская дзяўчына з панчохай», «Партрэт сястры з кнігай», «К.А.Сомаў», «І.Э.Грабар» (усе 1895) і інш. У творах канца 1890 — пач. 1900-х г. пад уплывам мадэрну праявіліся павышаны дэкаратывізм, шырокае, дынамічнае пісьмо корпуснымі мазкамі, экспрэсіўнасць. Майстар каларыту, праз які перадаваў шырокую гаму пачуццяў; інтэнсіўныя колеравыя плямы арганізаваны лінейным рытмам у дэкар.-плоскасныя завіхрэнні, якія абрамляюць скульптурна-дакладныя, спакойна мадэліраваныя творы. Сярод карцін: «Смех» (1899), «Дзяўчына» (1903), «Бабы» (1905 і 1914), «Віхор» (1906), «Дзве дзяўчыны» (1910-я г.), «Верка» (1913), «Рускія сялянкі» (1925) і інш. У Нац.маст. музеі Беларусі: «Баба» (1900 і 1916), «Сялянка ў чырвоным» (1910-я г.).
Літ.:
Александрова Н. Ф.А.Малявин. М., 1966;
Живова О.А. Ф.А.Малявин, 1869—19.40: Жизнь и творчество. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.