КРАХАЛЁЎ (Пётр Серапіёнавіч) (5.10.1919, с. Мыльнікава Шадрынскага р-на Курганскай вобл., Расія — 15.7.1997),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Праф. (1982). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1952). У 1961—90 выкладаў у Бел. АМ. Творам характэрна абагульненасць жывапіснага апавядання, тыпізацыя і характарнасць у вобразным ладзе. Сярод жанравых карцін: «Рамонтныя работы ў МТС» (1954), «Партызанскія паходы» (1958), «Абаронцы Брэста» (1962), трыпціх «Год вялікага пералому» (1965—67), «Рудабельская рэспубліка» (1970), дыпціх «Аб вайне і міры» (1978—83), «Нашы прыйшлі» (1984). Значнае месца займаюць партрэты: «Калгасніца» (1960), «Дачка» (1964), «Ц.В.Канапацкі» (1980) і пейзажы: «Пачатак красавіка» (1962), «Вязынка» (1982). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1969—71).

Літ.:

Шныпаркоў А.М. П.С.Крахалёў. Мн., 1975.

П.Крахалёў. Трактарыста забілі. З трыпціха «Год вялікага пералому». 1967.

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)